Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Аўгуста Калясінскага прайшло ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.06.2016 20:19

25 чэрвеня «гвардыя Хрыста» папоўнілася яшчэ адным духоўным жаўнерам. У мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Аўгуста Калясінскага, якое ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Дыякан Аўгуст Калясінскі нарадзіўся 31 сакавіка 1989 года. Паходзіць з парафіі Божага Цела ў Нясвіжы. З 2006 па 2013 гг. быў навучэнцам Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Дыяканскае пасвячэнне атрымаў 31 кастрычніка 2015 года ў нясвіжскім касцёле Божага Цела з рук Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Апошнім часам праходзіў душпастырска-літургічную практыку ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены.


«Спроба» святарства і распрацоўка сайтаў

Сам жа новапрэзбітэр Аўгуст распавёў Catholic.by, што ў семінарыю вырашыў пайсці, «каб проста паспрабаваць».

«Я думаў, калі не атрымаецца, то пайду далей, куды хацеў ісці. Так і трапіў, калі коратка. Пасля школы адразу. Нават не быў ні на якіх рэкалекцыях аб пакліканні. А першы раз прыехаў ужо здаваць экзамены», – заўважыў малады святар.

За час сваёй душпастырска-літургічнай практыкі ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены дыякан Аўгуст разам са сваім сябрам паспеў зрабіць новы парафіяльны сайт. Гэтае захапленне распрацоўкай інтэрнэт-старонак, як аказалася, у яго пачалося яшчэ ў семінарыі.

Яшчэ тады, на 4 курсе, семінарыст Аўгуст падчас акадэмічнага адпачынку зрабіў інтэрнэт-старонку для парафіі Божага Цела ў Нясвіжы.

«Першы сайт я зрабіў проста падкарэкціраваўшы старую версію. Упрыгожыў і паглядзеў, што мне падабаецца. А пробашч заўважыў, што я разбіраюся ў сайтах, і папрасіў зрабіць новую старонку. Так усё і пачалося», – распавёў малады святар.

Але самая галоўная падзея жыцця новапрэзбітэра Аўгуста Калясінскага адбылася ў мінскай архікатэдры.

На ўрачыстую святую Імшу прыйшлі родныя, сябры і знаёмыя будучага святара, а таксама сябры па семінарыі – навучэнцы і сённяшнія святары, якія разам з ім ішлі да свайго святарскага паклікання.


Ісці дарогай паклікання моцай Хрыста

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які цэлебраваў святую Імшу, падзякаваў у гаміліі ўсім тым, хто паспрыяў фармаванню Аўгуста Калясінскага на шляху яго святарскага паклікання.

Асаблівую падзяку іерарх выказаў бацькам, родным і блізкім маладога святара, кансэкраваным асобам, а таксама семінарыі ў Пінску, «якая цягам многіх гадоў фармавала кандыдата ў прэзбітэры».

«Надзвычай важным у наш час, калі ўсё часцей людзі адыходзяць ад Бога і нават жывуць так, як быццам Яго зусім няма, з’яўляецца заданне абвяшчэння Божага слова. Няхай тваё вучэнне будзе сапраўднай духоўнай ежай для народа, да якога ты будзеш пасланы, а прыклад жыцця няхай умацоўвае веру вернікаў і вядзе да Бога тых, хто Яго яшчэ не спазнаў», – звярнуўся Мітрапаліт да новага святара.

Іерарх заахвоціў кс. Аўгуста Калясінскага заўсёды памятаць, што ён будзе здзяйсняць святарскае пакліканне не сваёй моцай, але ад імя Хрыста.

«Таму кожны дзень памірай для граху, каб самому жыць Хрыстом, чыёй моцай будзеш дзейнічаць і чыёй ласкай будзеш адорваць людзей», – працягнуў арцыпастыр.

«У выконванні сваіх святарскіх абавязкаў, дарагі духоўны сын, на першае месца стаў Хрыста, які цябе паклікаў і які павядзе сваёй дарогай. Неабходна толькі да канца даверыцца Яму, бо без Яго мы ніхто», –  падкрэсліў арцыбіскуп.

«Няхай заўсёды будзе табе прыкладам Добры Пастыр Хрыстус, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць і збавіць тых, якія загінулі», – заключыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.


«Рады, што сын зрабіў правільны выбар»

«Ён з дзяцінства хадзіў у касцёл. Таму я вельмі рада за свайго брата, за тое, што ён выбраў свой шлях. Самае галоўнае, каб яму было добра, тады і мы будзем задаволеныя», – заўважае сястра новага святара Вольга.

Вельмі шчаслівым і радасным у гэты дзень выглядаў таксама бацька новапрэзбітэра Зыгмунт Калясінскі, які прыехаў на пасвячэнне сына з Нясвіжа.

«Мой сын быў міністрантам. Заўсёды быў прыкладным хлопцам, пры алтары любіў прыслужваць. І я вельмі рады за яго, што ён зрабіў правільны выбар у сваім жыцці. Значыць, я не дарма на свеце жыў, што ў мяне такі сын», – з гонарам распавёў Зыгмунт Калясінскі.

Пасля пасвячэння святар Аўгуст Калясінскі прымаў шматлікія віншаванні і падарункі ад сваіх родных, блізкіх, сяброў, знаёмых і вернікаў, да якіх ужо паспеў данесці Божае слова падчас сваёй душпастырска-літургічнай практыкі.


25 чэрвеня Касцёл у Беларусі атрымаў яшчэ аднаго святара – Аўгуста, пакліканага абвяшчаць Бога людзям «не сваёю моцай, а моцай Езуса Хрыста».

Марына Валасар,
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.