26 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтай нядзелі, іерарх адзначыў, што яны засяроджваюць увагу найперш на справе паклікання.
Як распавёў Мітрапаліт, нехта сказаў, што калі б сёння Езус паслаў сваіх дванаццаць вучняў на тэст перад прыняццем іх на працу мэнэджэрамі ў нейкую арганізацыю, то мог бы атрымаць наступны адказ: «Дзякуем за прадстаўленне біяграфій і характарыстык гэтых людзей, якіх вы прадставілі як кандыдатаў на пазіцыі мэнэджэраў у нашай фірме. Усе яны прайшлі адпаведныя тэсты, якія потым былі апрацаваны нашай камп’ютарнай праграмай. Пасля неабходных у такіх выпадках інтэрв’ю з псіхолагам і мэнэджэрам-кансультантам у нас ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што абсалютная большасць з прадстаўленых кандыдатаў не з’яўляюцца адпаведнымі для працы ў нашай фірме. Яны не маюць патрэбнай адукацыі і практыкі, каб быць мэнэджэрамі».
«Сымон Пётр эмацыйна неўраўнаважаны. Андрэй не мае патрэбных лідару якасцяў. Браты Якуб і Ян больш клапоцяцца пра свае індывідуальныя справы, чым пра супольныя. Тамаш адзначаецца скептычнасцю. Мацвей мае дрэнную мінулую рэпутацыю мытніка. Якуб, сын Алфея, і Тадэвуш радыкальна настроены. І толькі аднаго з кандыдатаў мы можам браць пад увагу – гэта Юда Іскарыёт, бо ён мае патэнцыйныя здольнасці быць мэнэджэрам, ён ведае, як весці дыялог з людзьмі, як выгадна выкарыстаць грошы», — дадаў Мітрапаліт.
«Аднак, нягледзячы на тое, што сучасныя фірмы вынеслі б такое меркаванне аб кандыдатах на высокія пасады, тым не менш Хрыстус выбраў іх, простых галілейскіх рыбакоў, быць мэнэджэрамі Евангелля, калі так можна выказацца, — звярнуў увагу арцыпастыр. — Усё гэта дае нам надзею, што і мы можам і павінны слухаць голас Пана, клічучага нас да той ці іншай мсісіі, каб быць Яго сведкамі».
Арцыбіскуп нагадаў, што «некаторых Езус кліча да сямейнага жыцця», «некаторых да святарства і кансэкраванага жыцця», і «ўсе мы пакліканы быць добрымі хрысціянамі, сведкамі Евангелля».
«Вельмі часта з хрысціянствам і Касцёлам нас злучае толькі пасведчанне хросту, і больш нічога. Мы, хрысціяне, не даём належнага прыкладу хрысціянскага жыцця сучаснаму свету. Мы жывём, не захоўваючы Божага закону, як язычнікі. Імкнёмся да паслаблення Божага права, кажам, што цяпер іншыя часы, не сярэднявечча, і таму таксама і Божы закон павінен быць зменены. Пры гэтым мы забываемся, што Касцёл – гэта не парламент, не грамадская арганізацыя ці клуб па інтарэсах, але ўстанойлены Езусам боска-чалавечы арганізм, у якім дзейнічаюць Яго законы, якіх нельга адмяніць, бо тады Касцёл перастане быць Касцёлам у тым значэнні, у якім яго стварыў Езус», — патлумачыў іерарх.
«Калі мы сумняемся ў нашым пакліканні і баімся адказнасці, то паглядзім на пакліканне апосталаў і на тое, як яны выканалі сваю місію, і адкажам словамі св. Аўгустына: “Калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму ты, Аўгустын, не можаш?” (…) Таксама і мы, гледзячы на шматлікія прыклады паклікання да сямейнага жыцця, святарства, кансэкраванага жыцця і проста хрысціянства, скажам, што калі яны змаглі, то і мы з Божай дапамогай зможам», — заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. (AG)
|