Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Стаць сведкамі і носьбітамі Божай міласэрнасці ў свеце»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.07.2016 17:30

«Святы Айцец Францішак кажа, што дзейсная любоў з’яўляецца візітнай картачкай хрысціяніна», — нагадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на святой Імшы 10 ліпеня ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У сваёй гаміліі на XV Звычайную нядзелю арцыпастыр паразважаў над чытаннем Евангелля, у якім Езус распавядае гісторыю пра міласэрнага самараніна. Нагадваючы, што святар Старога Запавету і левіт — вядомыя і паважаныя ў габрэйскай супольнасці асобы — не дапамаглі пабітаму і абрабаванаму разбойнікамі чалавеку, а на дапамогу яму прыйшоў самаранін, іерарх адзначыў:

«Гонар не дазволіў святару і левіту схіліцца над параненым чалавекам, а любоў да бліжняга стала той сілай, якая натхніла самараніна дапамагчы яму. Менавіта таму ён застаўся ў гісторыі як міласэрны самаранін, вобраз якога часта ўспамінаецца і ў чый гонар засноўваюцца розныя дабрачынныя арганізацыі. У той жа час ніхто не ўспамінае ні святара, ні левіта. Гэта ўсё азначае, што для дасягнення вечнага шчасця мы павінны адмовіцца ад сваёй ганарлівасці, не закрываць вочы на патрэбы бліжніх і быць міласэрнымі да іх, як міласэрны наш Нябесны Айцец».

Мітрапаліт падкрэсліў, што «Божая міласэрнасць бязмежная, і да яе можа прыбягаць кожны». «Толькі той, хто не звяртаецца да Бога з просьбай аб міласэрнасці, не спазнае яе, падобна таму, як чалавек, які закрываецца ад сонца, не спазнае яго святла і цяпла», — дадаў арцыбіскуп.

«Спазнаўшы Божую міласэрнасць, мы самі павінны стаць яе сведкамі і носьбітамі ў сучасным свеце», — адзначыў Мітрапаліт і ўзгадаў пра лагатып Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. «Калі ўважліва ўгледзімся ў гэтую выяву, то ўбачым, што твары Бога і беднага чалавека прыціснуты адзін да аднаго. Аднак, у той жа час, мы лёгка заўважым, што там толькі тры вока. Кожны твар мае два вока. Чаму ж на гэтай выяве не чатыры, а тры вока? Гэта не памылка і не праяўленне мадэрнісцкага, часам цяжкага для разумення, мастацтва. Ідэя аўтара лагатыпа ў тым, што чалавек павінен быць міласэрным, як міласэрны наш Нябесны Айцец, што ён павінен глядзець на праблемы іншага чалавека вачыма міласэрнага Бога, што позірк чалавека павінен супадаць з позіркам Бога. Менавіта таму сярэдняе вока – гэта адначасова вока Бога і чалавека», — патлумачыў іерарх.

«Святы Айцец Францішак кажа, што дзейсная любоў з’яўляецца візітнай картачкай хрысціяніна. А святы Ян Павел II вучыць, што адзінае магчымае сярод хрысціян суперніціва можа быць толькі ў тым, чыя любоў большая», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Мітрапаліт дадаў, што «Езус быў пакорны сэрцам, быў зняважаны, але не адрокся ад любові да чалавека, любіў кожнага і аказваў сваю міласэрнасць патрабуючым, хворым і нават найбольшым грэшнікам». Арцыпастыр прапанаваў вернікам падумаць над пытаннямі: «Ці нашы сэрцы і душы сфармаваны ў адпаведнасці з Божым законам любові да Бога і бліжняга? Ці мы разумеем у духу Евангелля, хто наш бліжні? Ці стараемся дапамагчы яму?»

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.