Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Знайшоў нашмат больш, чым шукаў»: на Вілейшчыне завяршыліся трохдзённыя рэкалекцыі на байдарках
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.07.2016 12:25

Рэкалекцыі на байдарках, прысвечаныя Году Міласэрнасці, прайшлі 5-7 ліпеня ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На працягу трох дзён моладзь з розных куткоў Беларусі малілася аб міласэрнасці як для ўсяго свету, так і для саміх сябе.

Гэта ўжо другія рэкалекцыі, якія праводзяцца такім незвычайным спосабам. У мінулым годзе маршрут спыніўся ў в. Каралеўцы. Сёлета арганізатары вырашылі яго працягнуць — менавіта ў гэтым маляўнічым месцы байдаркі былі спушчаны на ваду. 

У першы дзень маршрут пралягаў да в. Нарач па рацэ Нарачанка. Пасля таго, як удзельнікі прыбылі на месца і расставілі намёты, была праведзена святая Імша і першая канферэнцыя.

Быць міласэрным — бачыць Хрыста ў бліжнім

У канферэнцыі арганізатар рэкалекцый — вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы кс. Юзаф Сярпейка — распавёў аб тым, што ўключае ў сябе паняцце міласэрнасць:

«Міласэрнасць у першую чаргу — гэта адсутнасць падзякі, якіх-небудзь дывідэндаў, узнагароды, гэта бескарыслівая дапамога іншаму чалавеку. Мы павінны быць міласэрнымі не таму, што гэта прынясе нам нейкае дабро ў будучыні, не для таго, каб залагодзіць нейкую правіну, не таму, што бачыць хворых і церпячых побач —  некамфортна для нас, недарэчна і нязручна...»


«Бачыць Хрыста нават у самым вялікім грэшніку і любіць Хрыста ў гэтым патрабуючым чалавеку — вось адна з магчымасцяў быць міласэрным па-хрысціянску», — падкрэсліў святар.

«Гэта не патрабуе чагосьці асаблівага. Нават самыя простыя рэчы, якія, на першы погляд, не заслугоўваюць асаблівай увагі, з’яўляюцца нечым большым: саступіць месца ў аўтобусе, дапамагчы данесці сумку, падзяліцца з сябрам вадой ці паднесці заплечнік. Менавіта з такіх маленькіх крокаў пачынаецца шлях да вечнасці», — адзначыў кс. Юзаф.


«Знайшоў нашмат больш, чым шукаў»

Другі дзень распачаўся ранішнімі малітвамі і святой Імшой. Ні ранні пад’ём, ні дрэннае надвор’е не змаглі перашкодзіць добраму настрою падарожнікаў.

Далей маршрут праходзіў да в. Красіца. Падчас усёй дарогі ўдзельнікі рэкалекцый не толькі дружна веславалі і спявалі песні, але і маліліся на ружанцы. Таму да прывалу прыйшлі нават раней, чым планавалі.

Падчас вечаровай канферэнцыі было працягнута разважанне на тэму міласэрнасці. «Заўсёды і ва ўсім шукайце Божага аблічча. Прасіце міласэрнасці не толькі да свету, але і да сябе, бо мы такая ж частка гэтага свету», — адзначыў святар-рэкалекцыяніст.

Пазней хлопцы і дзяўчаты дзяліліся ўражаннямі, распавядалі, як адважыліся на такое падарожжа, бо большасць наогул хадзіць на байдарках не ўмелі.

«Сорамна прызнацца, але ўпершыню я сюды адправіўся проста ад нуды, захацелася чагосьці новага, — дзеліцца ўражаннямі адзін з удзельнікаў, які ў другі раз адправіўся ў рэкалекцыі на байдарках. — Але знайшоў я нашмат больш, чым шукаў. Гэта не проста новыя сябры, яркія ўражанні. Гэта ўнутраны спакой».

«Я пачула пра рэкалекцыі літаральна за месяц да выезду і вырашыла паспрабаваць, — распавядае Вераніка з Гродна. — Сама ідэя вельмі спадабалася, стала цікава, як яе рэалізуюць. І не пашкадавала. Нават словамі не перадаць тую буру эмоцый, якія тут перажыла. Сапраўды, усё адыходзіць на другі план, шмат даведваешся пра сябе, задумваешся аб тым, як стаць яшчэ бліжэй да Бога».

Трэці і апошні дзень рэкалекцый скончыўся ў Смаргоні. Потым удзельнікі накіраваліся ў Вілейку, дзе іх чакаў пачастунак і развітанне амаль на год.

Моладзь шчыра дзякавала кс. Юзафу Сярпейку за магчымасць удзелу ў рэкалекцыях, за плённую працу на працягу трох дзён, за атрыманыя ўражанні, і выказвала спадзяванні, што гэта сустрэча не апошняя.

Падводзячы вынікі рэкалекцый, можна зрабіць выснову, што шмат маладых людзей жадаюць ісці за Езусам, таму трэба нястомна маліцца аб тым, каб маладыя сэрцы часцей адклікаліся на голас Хрыста, ідучы Яго шляхам — шляхам міласэрнасці.

Яна Івашкевіч, фота Юліі Варонавай і Кірыла Сюдака

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.