3 верасня 2016 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Евангелле XXIII Звычайнай нядзелі (Год С) можа выклікаць у нас нямала пытанняў. Езус кажа аб тым, што, калі чалавек не ненавідзіць сваіх блізкіх, то не можа быць Ягоным вучнем і паслядоўнікам.
Нам вельмі цяжка пагадзіцца з гэтымі словам Езуса. З аднаго боку Ён заклікае любіць кожнага чалавека, нават таго, хто супрацьстаіць нам, хто нас ненавідзіць, хто з’яўляецца нашым ворагам. Ён нават кажа, што няма большай любові, чым калі чалавек аддае сваё жыццё за іншага. Ён сам пакінуў нам прыклад такой любові, калі на дрэве крыжа ахвяраваў сваё жыццё, каб нас збавіць. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вучыць, што прабіты дзідай бок Езуса — гэта апагей любові Бога да чалавека.
Чаму ж у сённяшнім Евангеллі Езус супярэчыць сваім словам? І ці сапраўды ім супярэчыць?
Праўда вучэння Езуса адна, яна не змяняецца, і Ён не супярэчыць сабе самому. Як словы сённшняга Евангелля, так і ўсё Святое Пісанне неабходна разумець у традыцыях культуры таго часу, калі паўставалі святыя тэксты. Падобна павінна быць і з сённяшнім Евангеллем. Слова «ненавідзець» неабходна разумець такім чынам, што ў нашым жыцці мы павінны любіць Бога больш за ўсё. Нездарма Езус кажа, што мы павінны любіць Бога ўсім сваім сэрцам, думкамі, істотай, а бліжняга свайго — як самога сябе. Такім чынам, Езус вучыць, што на першым месцы павінна быць любоў да Бога. Калі мы сапраўды будзем любіць Бога, то будзем любіць і бліжняга, які, як і мы, створаны па Божаму вобразу.
Таму слова сённяшняга Евангелля «ненавідзець» неабходна разумець у параўнанні, на першае месца заўсёды ставячы нашага Створцу.
2. Да такой любові вядзе нас Касцёл, які абвяшчае непарушную Божую праўду і заклікае жыць паводле яе. Ён гэта чыніць не толькі праз абвяшчэнне Евангелля ці практыку дабрачыннасці, але і праз розныя рэлігійныя знакі і сімвалы, адным з якіх з‘яўляецца крыж, які ўзносіцца над касцёлам.
Другі раз у гэтым Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці ў маляўнічым раёне Мінска — Серабранцы — адбываецца благаслаўленне крыжоў для велічнага касцёла св. Яна Хрысціцеля, які будуецца. Яго канструкцыя прадугледжвае не адзін, а некалькі крыжоў, што, зрэшты, з’яўляецца традыцыяй. І на гістарычных касцёлах мы можам бачыць крыж не толькі на галоўнай вежы, але і на меншых вежах або частках святыні.
3. Крыж з’яўляецца сімвалам хрысціянства і таму з першых стагоддзяў прысутнічае ў яго гісторыі. Мы бачым крыжы на скрыжаванні дарог. Яны знаходзяцца ў нашых дамах і памяшканнях. Узносяцца на вежах касцёлаў і гэтым самым указваюць на святое месца, дзе абвяшчаецца Евангелле, дзе ў сакрамэнтах Божая ласка шчодра напаўняе душы людзей і дзе будуецца хрысціянская супольнасць. Традыцыйна наша зямля была ўсеяна крыжамі. Каля іх людзі маліліся, іх шанавалі і аднаўлялі, бо добра ведалі, што гэта сімвал хрысціянства, знак нашага збаўлення і надзеі. Прыйшлі, аднак, часы ганенняў, і крыжы скідалі з вежаў касцёлаў, бурылі, спілоўвалі. Крыжы перашкаджалі атэістам, і таму яны ўсімі сіламі стараліся пазбавіцца іх і вырваць з сэрцаў людзей. Замест крыжоў на традыцыйна хрысціянскай зямлі з’явіліся атэістычныя сімвалы.
Аднак Бог паказаў, што Ён, а не хтосьці іншы, з’яўляецца Валадаром гісторыі. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў пераследу мы атрымалі свабоду веравызнання, і крыжы ізноў пачалі расці на нашай зямлі. Фацімскае прароцтва аб навяртанні нашай зямлі, 100-гадовы юбілей якога мы будзем адзначаць у наступным годзе, збываецца. Аб гэтым сведчаць і крыжы, што ўзносяцца на касцёле ў Серабранцы, які будуецца.
4. Аднак ствараць толькі знешнія крыжы — гэта яшчэ далёка не дастаткова. Крыж павінен быць у сэрцы чалавека, і ён павінен разумець яго сэнс і значэнне, асабліва ў наш час.
З аднаго боку мы радуемся свабодзе веравызнання і магчымасці ўзносіць крыжы на нашай зямлі. Але з іншага мы бачым, што многія не разумеюць значэння крыжа і ён для іх з’яўляцца не чым іншым, як забавай і ўпрыгажэннем. Ён становіцца біжутэрыяй. Яго можна ўбачыць на татуіроўках. Некаторыя носяць яго перавёрнутым уніз, і, можа, не разумеючы, гэтым самым падтрымліваюць сатаністаў.
Агрэсіўны лібералізм, які ўсё больш праяўляецца ў духоўным жыцці сучаснага чалавека, распачаў адкрытую барацьбу з крыжам. У імя фальшыва зразуметай свабоды і каб, не дай Бог, не абразіць рэлігійных пачуццяў нехрысціян, у многіх краінах забаронена публічна насіць рэлігійныя сімвалы, у тым ліку крыж. На самой справе гаворка ідзе не пра зневажанне рэлігійных пачуццяў іншых веравызнанняў, але пра праяўленне сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці і пачуццяў.
Нашы продкі баранілі крыжы і нават аддавалі за іх сваё жыццё. У новых сацыяльна-палітычных абставінах, калі хрысціянін сам адракаецца ад крыжа, мы павінны яго бараніць.
5. Які знак у сучаснай Еўропе з’яўляецца найбольш распазнавальным? Касцёл? Не. Крыж? Таксама, на жаль, не. Значэнне крыжа і іншых сакральных сімвалаў з кожным днём памяншаецца і ўсё менш асацыюецца з гісторыяй Старога кантынента. Сёння самым распазнавальным знакам з’яўляецца не крыж, а «Макдональдс», казіно, забаўляльна-гандлёвыя цэнтры і г.д. Такім чынам, крыж ізноў становіцца знакам супрацьстаяння, якім называе сябе Хрыстус. Як хрысціяне мы не павінны баяцца крыжа і не павінны яго адракацца. Насуперак існуючым секулярным тэндэнцыям не здымем крыжа са сцен нашых памяшканняў, будзем насіць яго на шыі ці на адзенні і будзем шанаваць, як гэта рабілі нашы продкі.
Няхай жа крыжы на касцёле ў Серабранцы, які будуецца, стануць новымі сведкамі нашага хрысціянства. Сведкамі таго, што наша краіна Беларусь, якая больш за 1000 гадоў таму выбрала хрысціянства, і надалей застаецца яму вернай. Амэн.
|