У Горках адзначылі 10-годдзе адраджэння каталіцкай супольнасці (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
17.09.2016 21:03 |
Католікі-гараджане прызвычаіліся да таго, што ў касцёлах ёсць не адна, і нават не дзве Імшы. Прызвычаліся да таго, што жыццё ў парафіі віруе: суполкі, колы, канцэрты, святочныя пастаноўкі, адчыненыя праз увесь дзень святыні, занятыя лавы падчас набажэнстваў. Аднак у гарадах сканцэнтравана далёка не ўся каталіцкая супольнасць. У Беларусі існуе нямала вёсак і невялікіх гарадоў, дзе імкнуцца ісці шляхам збаўлення дзясяткі і нават адзінкі католікаў. Горкі — горад на ўсходзе Беларусі. Католікі там складаюць меншасць. На нядзельныя Імшы ў мясцовую парафію Маці Божай Бялыніцкай прыходзяць каля 20-25 чалавек. Аднак парафія жыве і жыццё ў ёй віруе, хоць, можа, не так імкліва, як у вялікіх гарадах. Тут выпускаецца парафіяльны бюлетэнь «Эмаус», у парафіі ёсць свой сайт. Для гэтай супольнасці кожная падзея — ці то візіт біскупа, ці то пастырская сустрэча святароў, ці то канцэрт каталіцкага гурта, ці то набыццё аргана — годная быць упісанай у гісторыю парафіі. А сучасная гісторыя мясцовай каталіцкай супольнасці распачалася дзесяць гадоў таму.
14 лістапада 2006 года біскуп Антоні Дзям’янка, у той час Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падпісаў дэкрэт аб утварэнні ў Горках парафіі Маці Божай Бялыніцкай. Аднак зарэгістраваць парафію ўдалося толькі ў маі 2007 года. Першым месцам малітвы быў прыватны дом у Горках. Потым доўгі час супольнасць збіралася на набажэнствы ў парафіяльным доме. І толькі праз восем гадоў пасля рэгістрацыі парафіі ў Горках з’явілася капліца (быў набыты зямельны надзел з будынкам, які і перабудавалі пад капліцу). У верасні 2015 г. яе асвяціў біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. І вось 17 верасня гг. у Горках адзначаюць 10-годдзе адраджэння каталіцкай супольнасці. На ўрачыстасць прыбыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі некаторым вернікам парафіі.
У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што «г. Горкі вядомы сваёй славутай акадэміяй, якая рыхтуе добрых
спецыялістаў сельскай гаспадаркі». «Усім нам патрэбна добра развітая
сельская гаспадарка, каб мы мелі што есці. Аднак чалавек – гэта не
толькі цела, але і душа, і яна патрабуе духоўнай ежы і духоўнага
выхавання», — дадаў Мітрапаліт.
«Дзесяць гадоў адраджэння парафіі — гэта няшмат, аднак, беручы пад увагу ўмовы, у якіх яно распачыналася і працягваецца, асабліва атэістычную спадчыну, гэта немалы час. І за гэтыя дзесяць гадоў былі дасягнуты належныя вынікі, — адзначыў арцыпастыр. — Адным з іх з’яўляецца група людзей, якія сёння прымаюць канфірмацыю — сакрамэнт сталага хрысціянства. Касцёл хоча бачыць у вас духоўна моцных людзей, якія будуць бараніць веру і яе абвяшчаць». Падчас урачыстай літургіі прагучала песня да Маці Божай Бялыніцкай 1761 года, якую кс. Андрэй Кеўліч, адміністратар парафіі ў Горках, адшукаў у дакументах да каранацыі абраза Маці Божай у Бялынічах. Словы песні былі перакладзены з польскай мовы на беларускую. Адаптацыю беларускага тэкста зрабіла Марыя Новікава, арганістка мінскага касцёла свв. Сымона і Алены. Валянціна Грамыка |
Фотарэпартаж |