Мітрапаліт Кандрусевіч памаліўся са студэнтамі на распачацце новага навучальнага года |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
22.09.2016 22:31 |
«Касцёл хоча дапамагаць студэнтам, каб у іх было дастаткова не толькі фізічнай і інтэлектуальнай энергіі, але і духоўнай», — звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч да студэнтаў і выкладчыкаў, сабраных на літургіі ў мінскай архікатэдры 22 верасня з нагоды распачацця новага навучальнага года. Арцыпастыр нагадаў, што Касцёл заўсёды засноўваў і падтрымліваў універсітэты, што адбываецца і да сёння. Найстарэйшым з існуючых каталіцкіх універсітэтаў з'яўляецца Балонскі, заснаваны яшчэ ў 1088 г. «Менавіта таму працэс уніфікацыі навучальных універсітэцкіх праграм, які адбываецца ў свеце ў наш час, называецца балонскім. Сэнс гэтага працэсу ў тым, што ўніверсітэты, якія далучаюцца да яго, маюць аднолькавую праграму навучання. Гэта дае магчымасць, напрыклад, пераходзіць з аднаго ўніверсітэта ў іншы і ў іншай краіне. Гэта таксама гарантуе прызнанне дыплома ў краінах з балонскай сістэмай навучання», — патлумачыў іерарх і дадаў, што Ватыкан прымае актыўны ўдзел у працах па далучэнні нашай краіны да балонскага працэсу.
Студэнцкія гады, на думку Мітрапаліта, — гэта не толькі час здабывання і паглыблення ведаў, але і магчымасць быць «евангельскай закваскай» у студэнцкім асяроддзі. «Праз ваша хрысціянскае сведчанне вашы сябры могуць спазнаць праўду Евангелля і будаваць на ёй сваю будучыню», — звярнуўся да прысутных студэнтаў арцыпастыр.
Між іншым, іерарх падкрэсліў, што духоўнае развіццё праз наведванне малітоўных сустрэч пры касцёлах «дапаможа студэнту ўзгадніць навуку і веру, дапаможа ўбачыць, што паміж імі няма супярэчнасцяў, што адно дапаўняе іншае». Падчас літургіі арцыпастыр благаславіў прысутных студэнтаў і выкладчыкаў.
(DN), (VGr) |
Фотарэпартаж |