110-годдзе асвячэння касцёла адзначылі ў Ракаве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.10.2016 11:13 |
2 кастрычніка ў Ракаве адзначалася 110-годдзе асвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай (св. Дамініка). Парафію наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовым вернікам. Раніцай у той жа дзень Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч парафіі кс. Дзмітрый Барыла завіталі ў вёску Траскоўшчына, што знаходзіцца на ўсходнім рубяжы ракаўскай парафіі, каб асвяціць крыж, усталяваны па ініцыятыве і на сродкі мясцовых жыхароў.
Пасля, падчас святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка), арцыпастыр памаліўся разам з парафіянамі за ўсіх, хто ствараў ракаўскую святыню, і тых, хто сёння жывіць яе сваёй верай. У святочнай Імшы прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі
Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік з супрацоўнікамі пасольства
і дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі, якія завіталі
на свята разам з сем’ямі. У гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў, што гісторыя касцёла ў Ракаве знітавана з гісторыяй нашай краіны, у якой былі як змрочныя гады пераследу вернікаў, так і шчаслівыя часы адраджэння веры. «Прыгожы ракаўскі касцёл моцна ўросся ў ландшафт нашай гісторыі як жывы помнік веры нашай зямлі. Гэта не музей, а месца, дзе жыве Бог і дзе чалавек духоўна адраджаецца. У касцёле Пан прыходзіць да чалавека ў заўсёды жывым і дзейсным Божым слове, у сакрамэнтах і ў іншай касцёльнай дзейнасці. Прыходзіць, бо хвалой Бога з’яўляецца жывы чалавек, жывы найперш духоўна», — сказаў іерарх.
|
Фотарэпартаж |