28 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася святая Імша ў свята свв. Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў. Удзельнікі Эўхарыстыі павіншавалі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў гэты дзень адзначае свае імяніны.
У Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт, прынялі ўдзел таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Як нагадаў у гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, хрысціянскія аўтары першых стагоддзяў пішуць, што Сымон і Юда разам праводзілі апостальскую дзейнасць у Персіі і там загінулі мучаніцкай смерцю. Адсюль можна зрабіць выснову, што таму ў літургіі яны ўспамінаюцца разам і ў адзін дзень.
«Калі мы будзем уважліва чытаць Евангелле, то з лёгкасцю ўбачым, што апосталы не заўсёды былі руплівымі і сапраўднымі лідарамі, якіх мы б хацелі ў іх бачыць. Аднак у Дзеях апосталаў мы ўбачым, як яны змяніліся пасля Спаслання Святога Духа! Дзякуючы гэтаму яны сталі такімі, якімі мы хочам іх бачыць – герольдамі веры, — адзначыў іерарх. — Тыя, якія спалі падчас малітвы Езуса перад Яго цярпеннямі, а потым у хвіліну небяспекі збеглі ад Яго, сталі вернымі Яго наступнікамі аж да праліцця крыві. Тыя, якія са страху перад пераследам схаваліся ў Вячэрніку, сталі бясстрашнымі прапаведнікамі Евангелля».
«Калі паглядзім на сябе, то, напэўна, знойдзем шмат супольнага з апосталамі перад Пяцідзясятніцай, — дадаў арцыпастыр. — Мы баімся і зачыняемся ў вячэрніку нашых асабістых інтарэсаў і толькі думаем аб тым, каб ніхто нас не трывожыў, нават сам Бог. Саромеемся публічна прызнацца ў сваёй веры…»
«Ці можна яшчэ ў абставінах секулярызму, які ўмацоўваецца, і адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў захаваць веру і быць яе сведкамі? Ці яшчэ ёсць надзея? (…) Прыклад апосталаў паказвае, што надзея ёсць. Калі яны былі ўмацаваны Божай ласкай, то і мы таксама можам атрымаць яе ў дастатку. Неабходна толькі следаваць іх прыкладу, а менавіта дазволіць, каб у нашых душах адбыўся цуд Пяцідзясятніцы. Неабходна дазволіць Святому Духу нас перамяніць», — сказаў іерарх.
Нагадваючы, што ў хрысціянскай традыцыі апостал Юда Тадэвуш лічыцца апекуном у цяжкіх справах, Мітрапаліт заклікаў вернікаў даручыць іх нялёгкія справы і праблемы Касцёла гэтаму святому. «Няхай праз яго заступніцтва Бог адорыць нас неабходнымі для іх вырашэння ласкамі, каб па прыкладу св. Сымона мы былі руплівымі ў захаванні Божага закону», — пажадаў арцыбіскуп
Напрыканцы Імшы арцыпастыра павіншавалі з імянінамі прадстаўнікі святароў, кансэкраваных асобаў і некаторых парафій.
(AG)
|