Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у межах пастырскай візітацыі наведаў Нясвіж і Сейлавічы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.10.2016 11:24

29 кастрычніка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў душпастырскую візітацыю ў парафіях Божага Цела ў Нясвіжы і Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сейлавічах.

Іерарха віталі парафіяне розных узростаў, віншуючы яго таксама з імянінамі, якія арцыпастыр адзначаў напярэдадні. У гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра пакору і хрысціянскую вартасць.

«Адным са шляхоў, якія сведчаць аб нашай прыналежнасці да Хрыста, з’яўляецца пакора. Аб гэтым вельмі добра кажа сённяшняе Евангелле. У ім Хрыстус нагадвае нам залатое правіла: той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае — будзе ўзвышаны. Ён таксама заклікае нас браць прыклад з Яго, ціхага і пакорнага сэрцам», — дадаў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў, што Езус вельмі крытычна ставіцца да тых, хто шукае толькі сваёй славы, забываючыся, што «побач знаходзяцца іншыя людзі, якія таксама маюць сваю годнасць і якія, можа, больш, чым мы, заслугоўваюць вышэйшага месца».

Тэкст гаміліі цалкам тут››

«Сённяшняе Евангелле вучыць нас, што мы павінны шукаць славы не для сябе, але для Бога, бо тады ад Яго атрымаем адпаведную ўзнагароду, — адзначыў іерарх. — Ён не забываецца пра сваіх верных слугаў і ў адпаведны час іх праславіць».

Таксама Мітрапаліт прыгадаў кс. Гжэгажа Каласоўскага, шматгадовага пробашча парафіі Божага Цела, які шмат цярпеў за веру ў часы ганенняў:

«Дзе сёння тыя, хто пераследаваў Касцёл? Засталіся на старонках гісторыі і на паліцах бібліятэк. Іх імёнаў стараюцца не ўспамінаць. А іменем святой памяці кс. Каласоўскага названа адна з вуліц старажытнага Нясвіжа, і, ідучы ёй, мы ўспамінаем гэтага вернага слугу Хрыста.

(...) Вернікі слаўнага старажытнага Нясвіжа! Вашы продкі выбралі Хрыста і засталіся Яму вернымі. У сучасных складаных умовах не адмаўляйцеся ад Яго, заставайцеся Яму вернымі і пакорна выконвайце свае абавязкі».

Наступным пунктам была сустрэча з парафіянамі, якія маглі непасрэдна задаць пытанні арцыпастыру. Асобна Мітрапаліт прыняў невялікія групы парафіян, якія маглі асабіста папрасіць парады ў іерарха.

А першай гадзіне дня арцыпастыр узначаліў набажэнства ў гонар св. Губерта. У гэтым годзе гэтая пашана выпала нясвіжскай парафіі. На ўрачыстасці свайго нябеснага заступніка сабраліся паляўнічыя і шанавальнікі прыроды з многіх рэгіёнаў Беларусі.

Пасля гэтай урачыстасці Мітрапаліт наведаў могілкі ў Нясвіжы, дзе разам з вернікамі памаліўся за памерлых святароў і ўсіх памерлых вернікаў.

Не мінуў арцыбіскуп і парафіі ў Сейлавічах. Там парафіяне разам з іерархам памаліліся Ружанец. У сваёй прамове Мітрапаліт даў надзею гэтай невялічкай парафіяльнай супольнасці. Па словах арцыпастыра, вёскі выміраюць, аднак ёсць надзея, што гэта святыня не апусцее. Іерарх падзякаваў пробашчу кс. Пятру Шарко за клопат, за цэлебрацыю там кожную няделю святой Імшы, нават калі туды прыходзіць толькі два чалавекі.

На завяршэнне Мітрапаліт сустрэўся з дзецьмі і моладдзю парафіі, якія зладзілі баль-карнавал Усіх Святых. Былі прыгожыя касцюмы святых, кожны павінен быў распавесці пра святога, якога прадстаўляў. Было шмат забаваў, танцы, салодкі стол. Іерарх падзякаваў за гэты цудоўны вечар і падаў ідэю прапагандаваць такія балі па ўсёй дыяцэзіі, каб дзеці і моладзь праз гэта вучыліся хрысціянскім каштоўнасцям.

(IL),
фота с. Яніны Жукоўскай і кс. Пятра Шарко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.