Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч ва ўрачыстасць Усіх Святых: нашы малітвы адмыкаюць памерлым Божае Валадарства
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2016 02:18

Кожны чалавек можа стаць святым, калі жыве паводле Божога закону, аднак гэта не так проста, бо чалавечая прырода дэфармавана першародным грахом і схільная да граху. Пра гэта нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч 1 лістапада падчас літургіі ў мінскай архікатэдры.

1 лістапада, урачыстасць Усіх Святых, — гэта дзень, у які Касцёл успамінае ўсіх святых — кананізаваных і некананізаваных.

«Кожны дзень мы ўспамінаем таго ці іншага святога. Гэта тыя людзі, якія адзначыліся святасцю свайго жыцця і такімі былі прызнаныя Касцёлам. Сярод іх — духоўныя і свецкія асобы, маладыя і ва ўзросце, сужэнцы, мучанікі і вызнаўцы, — сказаў арцыпастыр. — Сярод іх ёсць і такія, якія адзначыліся святасцю свайго жыцця і, можа, нават пралілі кроў за веру, аднак у многіх выпадках працэс іх праслаўлення не вёўся і не вядзецца. Яны не аб’яўленыя Касцёлам святымі, але ў Божых вачах такімі з’яўляюцца».

Дзякуючы нашым малітвам і асабліва адпустам, як падкрэсліў іерарх, колькасць святых павялічваецца. «Гэта знак нашай удзячнасці нашым бацькам, братам, сёстрам, блізкім. Гэта знак салідарнасці з тымі, якія чакаюць і не могуць дачакацца, каб перайсці ў краіну вечнага шчасця. Гэта таксама знак праяўлення міласэрнсці да іх, аб чым мы павінны асаблівым чынам памятаць у Юбілейны Год Божай Міласэрнасці», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыпастыр заклікаў прысутных маліцца за памерлых, каб такім чынам скараціць час іх прабывання ў чыстцы: «Споведзь, святая Камунія, наведванне могілак і малітва ў інтэнцыях Святога Айца стануць тым ключом, які адчыніць ім дзверы ў краіну вечнага шчасця. Не забудзем пра нашых памерлых, якія перадалі нам Божы дар жыцця, клапаціліся пра нашае фізічнае, інтэлектуальнае і духоўнае выхаванне і пакінулі нам прыклад веры, каб за іх старанні на зямлі міласэрны Бог адудзячыў ім вечным шчасцем у сваім Валадарстве».


Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ва ўрачыстасць Усіх Святых.

Пасля святой Імшы адбылася традыцыйная жалобная працэсія. На паасобных стацыях ардынарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам са святарамі і вернікамі маліўся за памерлых біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, бацькоў, блізкіх, загінулых у войнах і з прычыны тэрарыстычных актаў, а таксама за ўсіх памерлых.


(DN), (VGr)
фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.