Мітрапаліт Кандрусевіч на Раратах у Мінску: збаўленне чалавека Бог абумовіў згодай чалавека |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.11.2016 09:31 |
Можна без сумневу сцвердзіць, што ў перыяд Адвэнту, большая частка якога прыпадае на снежань, раней за ўсіх прачынаюцца прыхільнікі раратніх набажэнстваў. Яшчэ цёмна, а вернікі ўжо ідуць са свечкамі і ліхтарыкамі ў святыню, пакідаючы першыя сляды на белым, некранутым снезе. Ідуць у святыню, каб праз Марыю, якая «ў гісторыі Збаўлення прадстаўляецца як ранішняя Зорка», набліжацца да Хрыста. «Прарокі прадказвалі, што Збаўца народзіцца з Дзевы. Таму прыйсце ў свет Марыі стала знакам таго, што завяршаецца першы гістарычны Адвэнт і ў духоўным свеце пакрысе становіцца святлей. Свечка — гэта сімвал Хрыста. Раратнія набажэнствы са свечкамі акурат і адлюстроўваюць праўду пра тое, што дзякуючы Марыі ў свеце заззяла святло вечнай праўды, бо яна нарадзіла Збаўцу», — падкрэсліў у сваёй гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч. Іерарх заахвоціў удзельнікаў літургіі вучыцца ад Панны Марыі паслухмянасці Божай волі: «“Так” Марыі з’яўляецца заўсёды новым і актуальным, бо новымі з’яўляюцца выклікі часу, якія патрабуюць новага нараджэння Езуса сваёй ласкай у нашых сэрцах, каб адказаць на іх згодна з Божай воляй. Такім чынам, беручы прыклад з Марыі, мы ствараем новую паўнату часу, у якую ўваходзіць Хрыстус». Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў задумацца «над тым фактам, што збаўленне чалавека ўсемагутны Бог абумовіў згодай чалавека». І гэтым чалавекам была Марыя. «Усё гэта нагадвае пра тое, што Адвэнт з’яўляецца найбольш адпаведным часам для таго, каб вучыцца пакоры», — сказаў іерарх. Арцыпастыр таксама нагадаў, што найбольш каштоўным падарункам для іншага чалавека на надыходзячыя святы з’яўляецца «падарунак без цэнніка» — любоў «па прыкладу любові Бога да ўсяго чалавецтва і любоў, якою Марыя ахінае нас». Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас раратняй святой Імшы ў мінскай архікатэдры. «Няхай жа раратнія набажэнствы, прысвечаныя ўшанаванню Марыі, натхняюць нас, каб на ўзор Марыі прымаць Божае слова, згаджацца з ім і з любоўю несці яго ў сучасны свет, каб той паверыў і стаў Бэтлеемам нашага часу», — пажадаў Мітрапаліт. Рараты ў мінскай архікатэдры цэлебруюцца ў час Адвэнту кожны аўторак і чацвер у 6.45. (DN), (VGr) |