Аплаткавая сустрэча для чыгуначнікаў прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.01.2017 21:03 |
8 студзеня ў парафіі Свв. Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) прайшла аплаткавая сустрэча з чыгуначнікамі Мінска, Маладзечна і Гродна, у якой прымаў удзел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Аплаткавай сустрэчы папярэднічала святая Імша. У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч прапанаваў прысутным паразважаць над святам Хросту Пана, якое прыпадала ў гэты дзень. «Сёння ўрачыстасцю Хросту Пана завяршаецца літургічны перыяд Раства Хрыстовага. Мы ўсе ахрышчаны, але ёсць вялікая розніца паміж хростам Езуса ў Ярдане і хростам, які атрымліваем мы», — зазначыў іерарх. Паводле слоў Мітрапаліта, у габрэйскай традыцыі існаваў абрад пагружэння ў ваду ці амавення з мэтай ачышчэння тых, хто парушыў закон Майсея. Гэты абрад таксама здзяйсняўся пры пераходзе язычнікаў у іўдаізм. Габрэйская хрысціянская кумранская супольнасць у часы Хрыста практыкавала хрост, як абрад хрысціянскага пасвячэння і ачышчэння». «З самага пачатку хрост, які ўдзяляў св. Ян Хрысціцель, канцэнтраваўся на навяртанні. Калі Янаў хрост, як рытуальнае выражэнне навяртання і пакуты, не даваў збаўчай Божай ласкі, то сакрамэнт хросту — можна сказаць, Хрыстовы хрост — дае», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Як зазначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, дзякуючы хросту Хрыстус, хоць і бязгрэшны, адначасова ідэнтыфікуе сябе з народам, які прыйшоў збавіць. «Калі мы разважаем пра хрост Пана, то адначасова як вучні Хрыста разважаем пра нашу апостальскую місію. Езус даверыў апосталам і Касцёлу місію ісці і хрысціць народы. Прысутнасць Святога Духа ў вобразе голуба над Езусам падчас Яго хросту ў водах Ярдана падкрэслівае апостальскае вымярэнне хросту, падобна таму, як Спасланне Святога Духа на апосталаў дало пачатак місіі Касцёла хрысціць усіх людзей». Гаворачы пра душпастырства чыгуначнікаў, Мітрапаліт дадаў, што ў Беларусі гэтае пастырства паступова набірае моц. Тэкст гаміліі цалкам ТУТ››
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што на чыгуначнікаў, як хрысціян, ускладзены місійны абавязак: сярод пасажыраў цягнікоў ёсць веруючыя і няверуючыя, і прыклад працаўнікоў чыгункі, іх малітва і хрысціянскае сведчанне могуць стаць рашучым фактарам у абвяшчэнні Евангелля. «Дарагія чыгуначнікі! Усе мы знаходзімся ў цягніку — ў гэтым матэрыяльным і ў духоўным. Наша жыццё — гэта падарожжа ў краіну вечнага шчасця. Не дазваляльна сесці не ў той цягнік. Вашым місійным абавязкам з’яўляецца дапамога пасажырам выбраць адпаведны духоўны цягнік». У завяршэнне арцыпастыр дадаў: «Няхай хрост Пана, які мы сёння адзначаем, дапаможа ўсім нам у новым асэнсаванні сакрамэнту хросту і нашых правоў і абавязкаў, якія з яго выплываюць. Аплатка для чыгуначнікаў няхай жа стане новым этапам развіцця гэтага спецыялізаванага душпастырства з мэтай духоўнага ўдасканальвання і місіі абвяшчэння Божага слова», — заключыў іерарх. Арцыбіскуп падзякаваў душпастырам чыгуначнікаў у Мінску і Маладзечне — а. Станіславу Станеўскаму і кс. Міхалу Бубену — за іх працу і пажадаў далейшага развіцця і Божага благаслаўлення ўсім, хто належыць да душпастырства чыгуначнікаў у Беларусі. Падчас сустрэчы было аб’яўлена, што кожную трэцюю нядзелю месяца, пачынаючы ад лютага, у Чырвоным касцёле будуць адбывацца рэгулярныя сустрэчы для чыгуначнікаў. Распачынацца яны будуць св. Імшой у 11.00. |
Фотарэпартаж |