Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Магілёве |
04.02.2017 16:15 |
ПАКЛІКАНЫЯ БЫЦЬ РАДАСЦЮ І НАДЗЕЯЙ Дарагія святары і кансэкраваныя асобы! 1. Апостал Мацвей вельма прыгожа апісвае пакліканне першых апосталаў. Езус убачыў Сымона і яго брата Андрэя, якія лавілі рыбу на Галілейскім возеры, і сказаў ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю ваc лаўцамі людзей». І яны пайшлі. Ідучы далей Езус убачыў Якуба і Яна і іх паклікаў, і яны таксама пайшлі за Ім (пар. Мц 4, 18-22). Голас клічучага Пана быў такі моцны і такі пераканаўчы, што галілейскія рыбакі пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам. 2. Усе яны былі простымі людзьмі, якія выраслі на беразе возера, якое іх карміла, і заставаліся вернымі пакліканню быць рыбакамі. Цяжка ўявіць, што яны маглі хутка змяніць стыль свайго жыцця. Нішто не ўказвала на тое, што яны маглі быць лідарамі і ўплываць на перамену жыцця паасобных людзей і грамадства. Аднак менавіта іх паклікаў Езус, бо яны вельмі ахвярна працавалі, укладвалі ў працу ўсю сваю душу. І яны далі Яму станоўчы адказ, каб потым праз іх Бог мог здзяйсняць сапраўды вялікія справы. Евангелле сведчыць пра тое, што апосталы не былі падатлівымі вучнямі ў школе Езуса. Нават узнікае ўражанне, што яны не даканца разумелі сапраўдны сэнс паслання Езуса. Напрыклад, яны хацелі, каб Езус агнём з неба спаліў грэшных самаранаў (пар. Лк 9, 54). Яны змагаліся за тое, хто з іх зойме лепшае месца ў Божым Валадарстве (пар. Лк 9, 46). Яны разбегліся, калі Езус быў арыштаваны (пар. Ян 19, 25-26). Нягледзячы на тое, што ім было цяжка зразумець вучэнне Хрыста, яны, аднак, яго прынялі і абвяшчалі ўсім народам. Дзякуючы гэтаму Евангелле прыйшло і на нашыя землі, і сёння мы знаходзімся тут як члены Містычнага Цела Езуса і як святары і кансэкраваныя асобы. Вядома, што апосталаў па жыцці вёў таямнічы настаўнік, якім з’яўляецца Святы Дух. Напоўненыя Яго дарамі, яны перадалі вучэнне Хрыста іншым людзям і таксама з радасцю служылі ім як святары Новага Запавету. 3. Святарства з’яўляецца самым вялікім дарам, які можа атрымаць чалавек. Вядома, без памяншэння значэння паклікання да сямейнага жыцця, якое таксама з’яўляецца вяльмі каштоўным дарам. Святы Ян Павел II кажа, што святарства — гэта дар і таямніца, якія перарастаюць чалавека (пар. DiT, s. 7). Таямніца, бо мы не ведаем, чаму менавіта нас паклікаў Езус. Мог паклікаць іншых, а паклікаў нас. Яно з’яўляецца дарам для нас саміх, бо мы дзейнічаем ад імя Езуса і Яго моцаю. Гэта таксама дар для людзей, да якіх мы пасланы, бо дзякуючы нашаму служэнню яны атрымоўваюць патрэбную да збаўлення Божую ласку. Святарам часта даводзіцца наведваць хворых у бальніцах. Часам яны становяцца сведкамі вельмі драматычных сітуацый, калі памірае чалавек. Мы прыходзім да хворага, каб падрыхтаваць яго да спаткання з Езусам Суддзёй. Прыходзім да чалавека, якога, магчыма, ніколі да гэтага ў сваім жыцці не бачылі. І калі б гэта давялося зрабіць толькі адзін раз у жыцці, то нашае святарства мела б сэнс. Аднойчы святара паклікалі да паміраючага чалавека. Нехта з працаўнікоў бальніцы пачаў супраціўляцца яго прысутнасці, кажучы: «Што ён тут робіць? Што ён можа даць у такой сітуацыі? Толькі збянтэжыць усіх. Яго не павінна тут быць». Усе глядзелі на святара — што ён скажа? Святар адказаў наступным чынам: «Калі ля ложка паміраючага доктар кажа блізкім, што ўрачы зрабілі ўсё магчымае, то ўсе пачынаюць пакрысе разыходзіцца. А вось на святара сям’я глядзіць з надзеяй і чакае словаў надзеі і суцяшэння. Вось тое, што я раблю тут». Акрамя натуральнай смерці, якая чакае нас усіх, ёсць яшчэ і духоўная, калі чалавек знаходзіцца ў стане цяжкага граху. Ён жыве целам, але душой памерлы і ўваскрасіць яго можа толькі Езус, які, аднак, дзейнічае праз святара. Як урач патрэбны фізічна хвораму чалавеку, таксама і святар патрэбны духоўна хвораму. 4. Святар павінен быць адпаведным чынам падрыхтаваны да спаўнення місіі, ускладзенай на яго плечы. Антычныя габрэі ў псальмах і сваёй літаратуры гаварылі пра іх жаданне разважаць над словамі Святога Пісання. Святар павінен гэта чыніць кожны дзень. Мы молімся Літургію гадзін, якая складаецца з псальмаў і чытанняў са Святога Пісання і іншых рэлігійных аўтараў. Мы рыхтуем гаміліі і разважанні для розных малітоўных груп людзей. Мы цэлебруем Эўхарыстычную літургію і іншыя сакрамэнты. Узначальваем розныя набажэнствы. Нам цяжка ўявіць, як Бог мог дазволіць чалавеку выкарыстоўваць Яго боскую функцыю. Мы ведаем, як цяжка атрымаць дазвол, каб дзейнічаць ад імя, напрыклад, дырэктара нейкага прадпрыемства. Прэзідэнт ніколі і ні кому не перадае сваёй улады. А тут не прэзідэнт, а Бог, які не пабаяўся так паступіць. І гэта адбылося падчас Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. Дзякуючы гэтаму Езус у Эўхарыстыі прысутны ва ўсім свеце, бо там, дзе цэлебруецца св. Імша, там ёсць і Ён. Езус ёсць таксама там, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца іншыя сакрамэнты і здзяйсняюцца ўчынкі міласэрнасці. 5. Нярэдка можна пачуць меркаванне, што святарам жывецца вельмі добра. Яны, не працуючы фізічна, маюць усё, што трэба, у тым ліку і добрыя машыны і г.д. Напэўна, так можа гаварыць толькі той, хто не ведае рэальнасці святарскага жыцця. Калі б нехта ішоў у семінарыю толькі з-за таго, што, як думаюць некаторыя, святарскае жыццё лёгкае і забяспечвае шчаслівую будучыню, то не павінен гэтага чыніць, бо ашукае самога сябе і не зможа даць таго, чаго ад яго чакаюць вернікі. Такое святарства не будзе трываць доўга і будзе толькі яго карыкатурай. Бог клапоціцца пра сваіх святароў, але Ён і ад іх чакае многага, бо яны дзейнічаюць «in persona Christi», ад імя і моцаю самога Хрыста (пар. ККК. Кампендый, 323). Ніякая іншая дзейнасць чалавека на зямлі не можа быць больш значнай за святарскую. 6. З іншага боку, у вачах людзей мы часам выглядаем дзіўна і не можам дапамагчы ў простых жыццёвых справах. А часамі ўяўляем сябе і сваю дзейнасць важнейшай за Бога. Забываемся пры гэтым, што з’яўляемся толькі інструментамі ў Божых руках. У Пасланні да габрэяў гаворыцца аб тым, што святар узяты з людзей і пастаўлены для служэння ім у Божых справах (пар. Гбр 5, 1). Далоні святара памазаны святым алеем для таго, каб складаць ахвяры Богу. Аднак гэтай ахвярай святар перадусім павінен стаць сам. Ён павінен ахвяроўваць сябе Пану і заўсёды быць у Яго распараджэнні. Раз ахвяраваўшы сябе Богу, ён не можа адысці, не можа дэзертыраваць. Святар ахвяруе сваё жыццё разам з Хрыстом, які яго пасылае да людзей. Хрыстус адорвае святара сваімі дарамі не толькі і не столькі дзеля яго самога, колькі дзеля людзей, каб святар ішоў да ўсіх: да дзяцей, дарослых, хворых, сяброў, ворагаў, маючы перад вачамі толькі адну мэту — несці ім Бога. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вучыць, што святар павінен быць спецыялістам у справе спаткання чалавека з Богам (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/pl/speeches/2006/may/ documents/ hf_ben-xvi_spe_20060525_poland-clergy.html). 7. Гэтае спатканне адбываецца дзякуючы трайному служэнню святара: вучыць, асвячаць і кіраваць даручанымі яго духоўнай апецы людзьмі праз служэнне ім. Ва ўсе часы, а асабліва ў наш час найважнейшым заданнем святара з’яўляецца абвяшэнне Добрай Навіны. Яно сыходзіць з наказу Езуса апосталам вучыць усе народы. У гэтай выключнай функцыі святар патрэбны сучаснаму свету, які страчвае значэнне рэлігіі і духоўнасці, можа, нават больш, чым калі-нібудзь раней. Замест вечных каштоўнасцяў выбірае часовыя, якія хутка мінаюць, і таму не могуць задаволіць спадзяванняў людзей. Таму новая евангелізацыя становіцца галоўным заданнем Касцёла ў наш час. Неймаверна, каб Евангелле займала месца на перыферыі нашага жыцця, бо ў кожны момант можа знайсціся нешта больш важнае ці прывабнае, і тады мы забываемся пра заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. Чалавецтва заразілася вірусам часовасці, і яго трэба лячыць. Таму Евангелле з яго вечнымі каштоўнасцямі павінна быць у цэнтры нашага жыцця. У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя падчас сексуальнай рэвалюцыі ў Заходняй Еўропе дамінавала думка: «забараняецца забараняць». Гэта азначае, што чалавек мог чыніць усё, што яму хацелася, без ніякіх абмежаванняў. Тады на сцяне славутага Сарбонскага ўніверсітэта ў Парыжы з’явіўся надпіс: «Бог памёр. Подпіс: Ніцше». Нягледзячы на ідэалогію смерці Бога, якая ўмацоўвалася ў тыя часы, знайшоўся нехта іншы, хто напісаў: «Ніцше памёр. Подпіс: Бог». Ці заўсёды гатовы сведчыць жывога Бога мы — святары і кансэкраваныя асобы? Ці часам не маем схільнасцяў да лексізму, ці не паддаёмся тэндэнцыям паслабіць маральныя патрабаванні ў імя так званага прагрэсу ці таннага папулярызму і гэтым самым спрыяць культуры часовасці? Ці заўсёды мы паслухмяныя вучэнню Евангелля? У сучасных абставінах адыходу чалавека ад Бога і Касцёла мы заўсёды павінны памятаць, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Наступным заданнем святара з’яўляецца цэлебрацыя сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, як бачных знакаў, праз якія патрэбная для збаўлення нябачная Божая ласка дасягае душы чалавека. Другі Ватыканскі сабор вучыць, што калі святар хрысціць, то сам Езус адпускае першародны грэх; калі ён цэлебруе Эўхарыстыю, то сам Хрыстус некрывавым спосабам ахвяруе сябе за нашыя грахі; калі адпускае грахі, то гэта чыніць Пан (пар. SC 7). І нарэшце, трэцяе заданне святара — кіраваць даручаным яго пастырскай апецы Божым народам. Яно павінна выконвацца ў духу служэння, падобна таму, як гэта чыніў сам Езус. Каб выканаць гэтае заданне паспяхова, неабходна ведаць праблемы веруючых. Не глядзець на іх звышыні, але ўваходзіць у іх жыццё. Неабходна, як кажа папа Францішак, ведаць пах, водар нашых вернікаў. Як бачна, святар з’яўляецца прыладай збаўлення ў руках Пана. Хрыстус карыстаецца яго рукамі, нагамі, вуснамі, воляй, каб адорваць чалавека сваёй збаўчай ласкай. Ці гэта ўсё не з’яўляецца праяўленнем Божай міласэрнасці? Без сумневу, гэта так, бо дзякуючы сакрамэнту святарства Хрыстус дзейнічае там, дзе ёсць святар. Ці можа быць на свеце іншы чалавек, які мог бы дзейнічаць так, як дзейнічае святар? Няма і не можа быць, бо святар дзейнічае моцаю Хрыста. Ці можа Касцёл дзейнічаць без святара? Не, не можа. Самыя прыгожыя касцёлы без святара і, адпаведна, без Эўхарыстыі становяцца музеямі, дзе сабрана гісторыя, якая прамаўляе і з’яўляецца Маці-настаўніцай, але там не пульсуе жыццё, а мы пакліканы да жыцця. Нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што Касцёл не можа выконваць сваёй місіі быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення без святароў. Гэта мы вельмі добра бачым, гледзячы на гісторыю Касцёла ў Беларусі і ў іншых краінах былога Савецкага Саюза. Падчас ганенняў рэлігійнае жыццё замерла, а ад моманту атрымання свабоды, дзякуючы святарам, яно пачало ажываць. Сапраўды, якім узнёслым і ў той жа час адказным з’яўляецца пакліканне да святарства і служэнне святара, і як многа залежыць ад яго. 8. Божы Провід дазволіў мне працаваць у Літве, Беларусі, Расіі і цяпер ізноў у Беларусі. Чым далей на Усход, тым больш складаная сітуацыя Каталіцкага Касцёла. Прычын многа. Найперш, на Усходзе пераважае Праваслаўная Царква. Таксама час пераследу Касцёла на Усходзе быў значна даўжэйшы, чым на Захадзе. Гэта вельмі добра бачна на прыкладзе Магілёўчыны, дзе ў савецкія часы не было ніводнага касцёла і ніводнага святара. Аднак там, дзе з’яўляецца святар распачынаецца актыўнае адраджэнне веры, і парафіі адраджаюцца, як фенікс з попелу, што стала феноменам, асабліва ў 90-гады мінулага стагоддзя. 9. Аднак цяпер мы з’яўляемся сведкамі сапраўднага парадоксу. Радуемся свабодзе веравызнання, якую атрымалі ў выніку ажыццяўлення фацімскага прароцтва аб навяртанні нашай зямлі. За гэту свабоду аддалі сваё жыццё і цярпелі сотні і тысячы вернікаў, святароў, кансэкраваных асобаў і біскупаў. З іншага ж боку, сёння мы перажываем нарастаючы працэс рэлігійнай абыякавасці. Многія жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Катастрафічна малая колькасць пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Але ці не адбываецца гэта таксама таму, што ў нас, святароў і кансэкраваных асобаў, усё часцей праяўляецца падобная хвароба абыякавасці і часовасці, якая, на жаль, становіцца хранічнай. Колькасць малітоўных груп павялічваецца, і гэта вельмі добра, бо парафія павінна быць адкрытай на дзейнасць розных малых груп. Але ў той жа час вельмі часта яны пакінуты самі сабе, мы не клапоцімся пра іх, у нас няма часу прыйсці на сустрэчу з імі, правесці спецыялізаванае набажэнства, падрыхтаваць даклад і г.д. Ці спяшаемся мы займацца моладдзю, студэнтамі, міністрантамі, ці належным чынам выкарыстоўваем дадзеныя Божым Провідам для гэтага магчымасці? Калі пакладзем руку на сэрца, то ўбачым і прызнаем, што тут многа недахопаў, асабліва ў галіне сістэматычнай душпастырскай апекі. У той жа час нас многа ў інтэрнэце, асабліва на розных форумах і ў фэйсбуку. З аднаго боку, гэта новая і далёка не даканца выкарыстаная форма евангелізацыі. Але з іншага, каментары духоўных асоб і запісы далёка не заўсёды адпавядаюць нашаму духоўнаму статусу, яны не будуюць еднасці паміж намі, не могуць служыць прыкладам як любові да бліжняга, так і нашага сведчання, таму прымушаюць чакаць лепшага. У сувязі з гэтым сёння падчас пастырскай сустрэчы у гістарычнай магілёўскай катэдры ў гонар унебаўзятай Марыі — Маці святароў і вялікага абаронцы веры і мучаніка св. Станіслава, зробім рахунак сумлення: ці адпаведным чынам (беручы пад увагу выклікі часу і магчымасці, якія дае нам Божы Провід) мы выконваем нашае пастырскае служэнне, ці даём добры прыклад веруючым і няверуючым, асабліва моладзі і тым, хто шукае свой жыццёвы шлях? Ужо благаслаўлёны папа Павел VI любіў казаць, што людзі больш вераць сведкам, чым настаўнікам, а калі вераць апошнім, то толькі таму, што яны найперш з’яўляюцца сведкамі (пар. EN 41). 10. Пад крыжам Езуса мы бачым Яго Маці Марыю і св. апостала Яна. Цярпенні Езуса не завяршыліся. Ён і надалей памірае на крыжы. Наша краіна ў ХХ стагоддзі перажыла сваю Галгофу, і з намі пад крыжом Езуса ў сваім фацімскім пасланні была Марыя. Пад Яго крыжом заставаліся таксама і Ягоныя вучні — гэта мучанікі і сведкі веры атэістычнага рэжыму. У новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова адыходу ад веры і маральнага рэлятывізму, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, застанемся пад крыжом Езуса разам з Марыяй і святым Янам! Не адрачомся ад крыжа нашага паклікання, бо ў ім — гарантыя плённага служэння людзям і перамогі над злом. Мы часта падобныя да апосталаў і ўцякаем ад крыжа нашага святарскага і законнага служэння або замыкаемся ў вузкім коле нашых сяброў і баімся з яго выйсці, падобна таму, як баяліся апосталы, калі закрыліся ў Вячэрніку. Нягледзячы на гэта, Езус прыйшоў да іх. Таксма і сёння Ён стукае ў дзверы нашы сэрцаў, часта зачыненыя, і хоча нас абудзіць з летаргічнага сну і нагадаць, што Ён нас выбраў і паставў, каб мы ішлі і прыносілі плён і каб гэты плён трываў. На пачатку свайго Пантыфікату св. Ян Павел II заклікаў: «Адчыніце дзверы Хрысту» (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato. html). Па прашэсці амаль 40 гадоў Святы Айцец Францішак падчас сустрэчы са святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў Кракаве ў межах Сусветнага Дня Моладзі заклікаў услухоўвацца ў гэты голас сына кракаўскай зямлі і падкрэсліў, што святарства — гэта шлях у адным напрамку і без білета назад. Пантыфік падкрэсліў, што неабходна выйсці з самога сябе, са свайго вузкага «я», каб мець магчымасць ісці шляхам паклікання (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/homilies/2016/ documents/papa-francesco_20160730_omelia-polonia-santuario-gpii.html). 12. Святарства і кансэкраванае жыццё — гэта шлях крыжа і супрацьстаяння, што асабліва бачна ў наш час. Сузіраючы Марыю і разважаючы пра яе вернасць свайму пакліканню, не здрадзім Езусу і не звернем на шлях дэзерцірства ад крыжа нашага святарскага і законнага жыцця і служэння, каб быць для людзей, давераных нашай пастырскай апецы (з якіх мы ўзяты) і для ўсяго грамадства «радасцю і надзеяй» (Gaudium et spes). Дзякую за ўвагу. Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 1. Другі Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую Літургію “Sacrosanctum Concilium” (SC). |