Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапоснае моладзевае чуванне ў Мінску: «Тут адчуваеш сябе на сваім месцы» (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.04.2017 16:45

Традыцыйнае велікапоснае моладзевае чуванне прайшло ў Мінскай архікатэдры ў ноч з 8 на 9 красавіка. Тэма сёлетняй сустрэчы «Актуальнасць фацімскага паслання Марыі аб малітве і навяртанні».

На парозе перад катэдрай заўважаю групу моладзі. Хлопцы і дзяўчаты чакаюць, відаць, сваіх сяброў. А ў касцёле ўжо за паўгадзіны да Імшы шматлюдна. Парафіяльная моладзь прапануе ўсім свае адмысловыя вербачкі хэнд-мэйд, якія робіць кожны год перад святам.

Ля канфесіяналаў велічэзныя чэргі – звычайная справа на такіх чуваннях, але сёння, здаецца, жадаючых паспавядацца як ніколі шмат.  І гэта, безумоўна, радуе.

Паціху касцёл запаўняецца і неўзабаве распачынаецца святая Імша. Сёння яе цэлебруе Апостальскі Нунцый у Беларусі Габар Пінтэр. Але літургія пачынаецца ўрачыстай працэсіяй з пальмовымі галінкамі. Самая вялікая, вядома, у Нунцыя. «Гэта віленская вярба, якая захавалася з мінулага года», – крыху пазней распавядае Мітрапаліт.

Канцэлебруюць Імшу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Юрый Касабуцкі, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Сяргей Гаек і святары з розных парафій, якія прыехалі на чуванне.


«Дарагая моладзь, перажывайце сваё жыццё свядома і адказна, як вялікі дар, за які аднойчы прыйдзецца даць адказ. Пакідайце спакусу жыць адным днём у гэтым свеце, не гледзячы наперад. Будзьце пратаганістамі вашай гісторыі», – заахвочвае маладых католікаў прадстаўнік Папы Францішка.

«Няхай Марыя – прыклад дасканаласці, заступаецца за кожнага з нас і дапамагае рабіць вялікія справы, якія Пан здзяйсняе ў нас і праз нас», – заўважыў Нунцый падчас сваёй гаміліі.

На сёлетняе чуванне прыехала каля 300 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Вельмі шмат школьнай моладзі, якую прывезлі сёстры законныя і святары.

Так, напрыклад, у Мінск завітала група школьнай і студэнцкай моладзі з Івянца разам з сястрой Лаўрай і братам Яўгенам Голубам OFMConv.

«Гэта ўжо традыцыя, што кожны год нашая моладзь прыязджае сюды ў Катэдру. Моладзь едзе з вялікай ахвотай, нават пытаецца, калі мы ўжо паедзем», – прызнаецца сястра Лаўра.

«Я сам калісьці ўдзельнічаў у такіх чуваннях, калі быў моладдзю. Таму і зараз прыехаў, каб пабыць з маладымі людзьмі, якія маюць такую ахвоту», – дадае айцец Яўген.

Пытаюся ў івянецкай моладзі, навошта прыехалі. Бачу бляск у вачах і вялікі энтузіязм. Пачатак чування – яшчэ ўсё наперадзе…

«Я многа разоў тут была і ўжо маю шмат знаёмых. Тут заўсёды адчуваю нейкую палёгку, напаўняюся пазітывам і энергіяй. Пасля такіх чуванняў хочацца дзейнічаць і рабіць штосьці добрае. Заўсёды застаюцца такія эмоцыі. Я вельмі шчаслівая», – дзеліцца ўдзельніца чування Аліна.

«Я таксама як і Аліна прыехаў сюды падрыхтавацца да Трыдуума, далучаюся да ўсяго, што яна сказала. Таксама дадам, што тут адчуваю сябе на сваім месцы», – распавядае яе сябар Мацвей.


А вось група моладзі з Маладзечна прыехала без аніматараў, самаарганізаваўшыся.

«Мы прыехалі з парафіі святога Казіміра ў Маладзечна, з парафіі Капуцынаў. На чуванні ўжо не першы год. Нас заўсёды збіраецца каля 20 чалавек. Гэта ў асноўным студэнцкая моладзь. Нашыя мэты – прыйсці да сакрамэнту пакаяння, таксама паслухаць цікавыя канферэнцыі, магчыма, больш наблізіцца да Бога. Чуванне – гэта такая дарога, дзе можна адкрыць сваю душу», – заўважае моладзь з Маладзечна.

Тым часам распачынаецца тэматычная канферэнцыя, прысвечаная фацімскім аб’яўленням. Яе праводзіць айцец Андрэй Квяцінскі. На некалькі хвілін моладзь акунаецца ў свет Марыі, што ўчыняла цуды нават на дзяржаўным узроўні.

Чуванні ў Мінскай архікатэдры праводзяцца ўжо даўно. Ёсць старажылы, якія наведваюць такія мерапрыемствы даволі працяглы час. Гэта, напрыклад, Віталь Жартун з Мінску.

«Няма зменаў у лепшы ці горшы бок, толькі новыя твары (смяецца – Рэд.). І колькасць людзей такая самая, можа плюс-мінус. Хаджу дзесьці з 2005 года. Што для мяне значыць чуванне? Адразу ўзгадваецца момант з Евангелля, калі вучні спалі ў аліўным садзе… Для мяне чуваць – значыць выстаяць. Выстаяць Адарацыю, выстаяць Хрыста. Бо часта ў нейкіх непатрэбных справах мы можам выстаяць, а ў духоўных заўсёды нейкая лянота. А калі ўсе разам, тады лягчэй», – падкрэслівае Віталь.


На маніторы катэдральнага касцёла з’яўляюцца першыя кадры фільма пра бл. К’яру Лучэ Бадана. Гісторыя маладой благаслаўлёнай з Італіі гучыць па-беларуску «анлайн». Спецыяльна для чування мастацкую агучку фільма падрыхтавалі ўдзельнікі руху Факаляры.

У гэтым годзе праграма чування найбольш насычаная малітвамі і рознымі набажэнствамі.

Салезіянская моладзь падрыхтавала Крыжовы шлях «у жэстах». Удзельнікі чування маглі не проста прайсці дарогай Галготы, але  «адчуць яе на сабе» праз жэсты мукі Езуса, якія паўтаралі ўсе разам.


Моладзь з парафіі свв. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ правяла Адарацыю, а маладыя католікі з Чырвонага касцёла памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці.

Пяць раніцы. Спяваем песні-жальбы. Разумею, што амаль сплю, але з усіх сілаў стараюся ўзгадаць усё, чаму вучылі калісьці на парафіяльным хоры. Сусед збоку таксама, здаецца, трымаецца. Але нягледзячы на фізіную стому, адчуваецца ўнутраная радасць і лёгкасць. Лёгкасць, з якой ужо пасля чування магу сказаць: «Гасанна, сыну Давіда!»

Марына Валасар,
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.