Упершыню для ўдзельнікаў сустрэчы моладзі ў Івянцы арганізуюць каталіцкі квіз |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.05.2017 16:52 |
Адной з асаблівасцей, якія чакаюцца на Малітоўнай сустрэчы моладзі (МСМ) Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы у гэтым годзе, стане правядзенне Каталіцкай інтэлектуальнай гульні. Пра гэта стала вядома 19 мая падчас пасяджэнне аргкамітэту МСМ і біскупаў архідыяцэзіі.
Інтэлектуальная гульня, над якой працуе моладзь з супольнасці аніматараў Музычнай майстэрні, выявіць лепшыя каманды, якія пакажуць сябе ў тэмах хрысціянства, культу Божай Маці, фацімскіх аб’яўленняў, гісторыі МСМ і СДМ у Кракаве і г.д. Асобным этапам ў гульні стануць пытанні да моладзі біскупаў. «Фармат інтэлектуальных гульняў карыстаецца сёння вялікай папулярнасцю сярод моладзі, — распавядае адна з удзельніц аргкамітэту Вольга Янковіч. — Мы вырашылі правесці штосьці падобнае, але з ухілам на нашу веру». Аргкамітэт МСМ-2017 у Івянцы: а. Лех Баханэк OFM Conv, а. Яўген Голуб OFM Conv, Святлана Задрэйка, Вольга Янковіч і Павел Бранавец Паводле слоў арганізатараў, першая спроба каталіцкага квізу ў Івянцы пакажа, ці магчыма праводзіць падобныя квізы сярод каталіцкай моладзі ўжо на агульнадыяцэзіяльным узроўні. Праграма і папярэдняя рэгістрацыя для ўдзелу ў МСМ у Івянцы будзе пададзена пазней. |