
28 мая вуліцамі Мінска прайшла працэсія Божага Цела. Маршрут праходзіў
па праспекту Незалежнасці праз плошчу Перамогі, Кастрычнічную плошчу,
пл. Незалежнасці і пл. Свабоды. Эўхарыстычная працэсія, у якой прынялі ўдзел усе іерархі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сабраў мноства людзей, у ліку якіх былі і дзеці, якія сёлета ўпершыню прынялі святую Камунію.
Папярэднічала працэсіі св. Імша ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы. У гаміліі, якую да вернікаў скіраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ішла гаворка пра пашану Эўхарыстыі і важнасць сведчання сваёй веры ў паўсядзённым жыцці.
«Не так даўно ў Мінску не было ніводнага касцёла, а сёння цэлебруецца каля 50 св. Імшаў» 
«Вера ў Эўхарыстыю з’яўляецца фундаментальнай у жыцці католіка, — падкрэсліў іерарх. — У сакрамэнце Эўхарыстыі Езус прысутны сярод нас. У ім Ён працягвае ахвяроўваць сябе чалавецтву як крыніца боскага жыцця».
Тлумачачы значэнне Эўхарыстыі і пашану да яе, Мітрапаліт адзначыў, што «мы становімся на калені перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, бо падчас св. Імшы дзякуючы служэнню святара Святы Дух перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Езуса».
Гаворачы пра свабоду веравызнання ў Беларусі, іерарх адзначыў: «Яшчэ не так даўно ў Мінску не было ніводнага касцёла і святара, а сёння ў сталіцы Беларусі ў нядзелю цэлебруецца каля 50 св. Імшаў».
«Гэта дар, але і выплываючае з нашай хрысціянскай тоеснасці заданне, каб належным чынам выкарыстаць такую магчымасць і кожную нядзелю прымаць удзел у св. Імшы», — дадаў арцыбіскуп. 
Тэкст гаміліі цалкам тут››
Таксама Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў марнасць веры ў матэрыяльныя доброты: «Матэрыяльныя каштоўнасці не павінны стаць новымі багамі, якія, на жаль, усё часцей дамінуюць у сучасным свеце. Гэтыя багі прамінаюць, як дым, і нагадваюць аб нябачным дасюль узроўні маральнага заняпаду», — сказаў іерарх.
Распачынаючы Эўхарыстычную працэсію, іерарх заахвоціў вернікаў да яскравага яе перажывання:
«Няхай гэта працэсія стане яшчэ адным публічным вызнаннем нашай веры, без якой няма збаўлення», — заклікаў арцыпастыр.
Працэсія як сведчанне пра веру
Казанні падчас Эўхарыстычнай працэсіі ў Мінску былі прысвечаны разважанням пра таямніцы Ружанца — у малітве, да якой заклікала Марыя ў Фаціме і малітве, дзякуючы якой падчас ганенняў захавалася вера.
З прамовамі з чатырох алтароў на дарозе працэсіі да вернікаў звярнуліся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB і кс. Францішак Рудзь.
«На чале нашай Эўхарыстычнай працэсіі высока ўзносіцца крыж, а мы, дзеці Укрыжаванага Бога, ідзём за Ім, — адзначыў у сваёй прамове біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — Гэта Езус першы з усіх на свае плечы ўсклаў крыж. Будучы нявінным, Ён узяў на сябе віну ўсяго свету». 

Як зазначыў іерарх, Езус, нягледзячы на цяжар сваіх цярпенняў, не застанецца абыякавым да ніводнага чалавека, якога сустракаў на Крыжовым шляху.
«Праз крыжовую ахвяру Езус паказаў нам, што няма такога падзення, з прычыны якога мы не змаглі б любіць свайго бліжняга і яму прабачыць. Кожная выцертая сляза, дапамога, жэст падтрымкі ў адносінах да спакутаванага браты і сястры — гэта знакі нашай шчырай і сапраўднай любові», — сказаў біскуп Яшэўскі.
«Жыццё на зямлі — гэта толькі пачатак, уводзіны да сапраўднага жыцця. Нам усім неабходна памерці, каб нарадзіцца нанова. І гэта сапраўды магчыма, таму што Езус зрабіў гэта да нас, зрабіў гэта за нас», — заключыў біскуп.
У час працэсіі ў касцёлах, капліцах і іншых месцах малітвы Мінска святыя Імшы не цэлебраваліся. 



(cath) Фота Аляксандры Шчыглінскай
|