ХХVІІ Пешая пілігрымка Мінск-Будслаў распачала пяцідзённы шлях |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.06.2017 12:57 |
26 чэрвеня з мінскай архікатэдры ў 27-мы раз вырушылі пілігрымы ў будслаўскі санктуарый. Сёлета група пешых пілігрымаў скала каля 100 чалавек з розных парафій Мінска. На распачацце пілігрымкі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч па традыцыі ўзначаліў святую Імшу з удзелам пілігрымаў.
«Кожны год тысячы людзей пілігрымуюць на папулярны будслаўскі фэст, які стаў не толькі рэлігійным, але і нацыянальным святам, — падкрэсліў іерарх у сваёй гаміліі. — Пілігрымка — гэта не толькі выпрабаванне самога сябе, сваіх фізічных і духоўных сілаў, але і шлях да лепшага пазнання сябе і свайго духоўнага стану. Акрамя таго, пілігрымка — гэта сведчанне нашага хрысціянства і пераказ Евангелля тым, хто яго не ведае, або забыўся».
«Сённяшняе Божае слова вучыць нас, што Божае благаслаўленне прыходзіць праз жыццё паводле Божых запаведзяў. Менавіта таму Езус у Евангеллі заклікае сваіх паслядоўнікаў быць адказнымі за дар хрысціянства. Мы ўжо атрымалі шчодрае благаслаўленне быць хрысціянамі. Далейшае благаслаўленне будзе залежаць ад таго, як мы адкажам на гэты дар і як будзем дзяліцца ім з іншымі, — дадаў арцыпастыр. — Дар веры, які мы атрымалі, мы пакліканы перадаваць іншым, каб свет пазнаў Евангелле. Таму поруч з благаслаўленнем павінна ісці і адказнасць».
Пілігрымы з Мінска за пяць дзён пераадолеюць 125 кіламетраў. У Нацыянальны санктуарый у Будславе яны прыбудуць 30 чэрвеня. (cath) |
Фотарэпартаж |