Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Другі дзень пілігрымкі Мінск-Будслаў: ранішняя Эўхарыстыя з Мітрапалітам
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.06.2017 10:54

27 чэрвеня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыбыў у Вішнёўку, каб узначаліць святую Імшу з удзелам пілігрымаў, якія напярэдадні распачалі шлях у Будслаў з мінскай архікатэдры.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на праблеме хрысціянскай сталасці.

«У наш час, калі свет перажывае цяжкасці прыняцця праўды аб тым, што Бог ім кіруе, моцная і нязломная вера з’яўляецца знакам сталасці. Сталая вера заўсёды застаецца такой, нават тады, калі здаецца, што Бог нас не выслухоўвае. Стары Запавет дае шмат прыкладаў такой сталай веры. Так, напрыклад, калі ўсе каралеўствы непадалёк ад Ерузалема паддаліся асірыйскай арміі, то гэты горад не. Бог пачуў малітвы Ерузалема, і знішчыў варожае войска праз заразную хваробу. У выніку, ізраільцяне сталі пераможцамі», — адзначыў арцыпастыр.

У адносінах паміж людзьмі, як нагадаў Мітрапаліт, хрысціянская сталасць вызначаецца зычлівасцю і прадбачлівай уступлівасцю паводле прынцыпу: лепш дрэнны мір, чым добрая вайна. «Першае чытанне акурат і прадстаўляе духоўную сталасць Абрагама, які больш цэніць мір і супакой, чым матэрыяльныя каштоўнасці. Менавіта таму ён аддае лепшыя, больш пладародныя землі свайму малодшаму брату Лоту», — нагадаў іерарх.

Аднак і саступаць, як падкрэсліў арцыбіскуп, трэба разважліва, каб гэты жэст не стаў прычынай для несправядлівых чынаў у адносінах да іншых людзей. «Менавіта пра гэта кажа Езус у сённяшнім Евангеллі: “Не давайце сабакам таго, што святое”», — дадаў Мітрапаліт Тадэвуш.

«Сталы хрысціянін дастасоўвае сваё жыцця да ўсяго Евангелля, але не толькі да канкрэтных і больш выгодных для яго частак. А гэта ўжо нагадвае пра тое, што шлях да вечнасці вядзе праз вузкую браму, а не праз шырокую. Шырокая брама ці дарога — гэта шлях, на якім няма абмежаванняў у духоўным жыцці. Жывецца паводле прынцыпу: carpe diem — бяры ад жыцця ўсё, бо жывём толькі раз», — нагадаў іерарх.  

Арцыпастыр заахвоціў пілігрымаў адкрыцца на дзеянне Святога Духа і жыць паводле прынцыпу: «Не рабіць іншым таго, чаго мы не хочам, каб нам рабілі».


(cath/vgr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.