28 чэрвеня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў Чырвоным
касцёле, якой распачалася традыцыйная роварная пілігрымка ў Будслаў.
Сёлета ў ёй бярэ ўдзел 35 раварыстаў. Духоўным кіраўніком падарожжа
сёлета з’яўляецца вікарый парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Аўгуст
Калясінскі, які будзе суправаджаць пілігрымаў у дарозе. Прыклад святога Ірэнэя — прыклад мужнай абароны веры
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі засяродзіўся на асобе апекуна сённяшняга дня — св. Ірэнэя, біскупа і мучаніка. Святы Ірэнэй нарадзіўся каля 130 года і быў вучнем св. Палікарпа, праз якога ён непасрэдна як быццам перажываў апостальскія часы і навучанне самога Хрыста.
Святы Ірэнэй потым стаў біскупам Ліёна ў Францыі. Адзначыўся абаронай праўдзівай веры і напісаў шмат тэалагічных трактатаў, найважнейшым з якіх з’яўляецца трактат супраць ерасі. Загінуў мучаніцкай смерцю каля 200 года.
«Евангелле, якое Касцёл прапануе нашай увазе ў дзень успаміну св. Ірэнэя, з’яўляецца фрагментам Першасвятарскай малітвы Езуса падчас Апошняй Вячэры, — адзначыў Мітрапаліт. — У ёй Збаўца моліцца аб еднасці Касцёла. Яго словы “каб усе былі адно” сталі духоўным тэстамэнтам усяму хрысціянству».
Паводле слоў іерарха, падзел хрысціянаў, які здарыўся амаль тысячу гадоў таму, з’яўляецца «ранай на Містычным Целе Хрыста, якая крывавіць, і мы пакліканы лячыць яе».
Святы Ірэнэй — святы непадзельнага Касцёла
«Езус кажа, што адзінства хрысціян з’яўляецца ўмовай для таго, каб людзі паверылі. І сапраўды, падзел хрысціянства — гэта скандал, — зазначыў арцыпастыр. — Мы гаворым, што верым у таго ж самага Бога Айца — Стварыцеля неба і зямлі, у таго ж самага Езуса Хрыста — Збаўцу свету, і таго ж самага Святога Духа, які кіруе Касцёлам. Але ў той жа час самі падзелены».
Святы Ірэнэй з’яўляецца святым адзінага і непадзельнага Касцёла, таму ён ушаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве, таксама і ў пратэстанцкіх супольнасцях.
Іерарх нагадаў, што асоба і вучэнне св. Ірэнэя заклікаюць імкнуцца да адзінства хрысціян, бо «сёння, у час як адыходу ад Бога, так і распаўсюджвання многіх фальшывых вучэнняў, стаіць пытанне захавання хрысціянскай веры і яе чысціні — гэта змушае нас да новых высілкаў у імкненні да адзінства».
Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што вернікі павінны прапагандаваць і развіваць рознымі спосабамі ідэю адзінства хрысціян.
«Добрай нагодай для гэтага з’яўляецца і Будслаўскі фэст, у якім прымаюць удзел не толькі католікі, але і вернікі іншых хрысціянскіх веравызнанняў, асабліва праваслаўныя, — сказаў арцыбіскуп. — Традыцыйная роварная пілігрымка таксама павінна служыць справе адзінства хрысціян. Пілігрымы па дарозе сустракаюць веруючых і няверуючых, католікаў і праваслаўных».
Ровар як інструмент
Гаворачы пра роварную пілігрымку, іерарх дадаў, што роварам аднолькава карыстаюцца людзі розных веравызнанняў, а таму ровар і роварная пілігрымка могуць служыць добрым інструментам адзінства хрысціян.
«Падзел хрысціянаў — гэта грэх. Таму ачышчэнне памяці і навяртанне з'яўляюцца шляхам да адбудовы так пажаданага адзінства», — дадаў арцыпастыр.
«Няхай жа апякун сённяшняга дня св. Ірэнэй і Божая Маці выпрасяць усім нам ласку сапраўднага навяртання, каб мы змаглі пераадолець падзелы, каб дзякуючы гэтаму свет паверыў, бо без веры няма збаўлення», — заключыў арцыбіскуп.
(cath/il)
|