У мінскай архікатэдры маліліся за Янку Купалу ў 75-ю гадавіну яго смерці |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.06.2017 21:12 |
28 чэрвеня, у вігілію ўрачыстасці свв. Апосталаў Пятра і Паўла, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў мінскай архікатэдры з нагоды 75 гадавіны трагічнай смерці класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. У гэты ж дзень ў 16.00 на вайсковых могілках у Мінску ля магілы народнага паэта прайшла жалобная малітва, у якой прыняў удзел кс. Дзмітрый Пухальскі.
Вечаровая святая Імша ў гонар беларускага класіка была прымеркавана да купалаўскіх дзён, якія сёлета праходзяць з 27 чэрвеня па 9 ліпеня. У гаміліі іерарх найперш згадаў вернікам апосталаў Пятра і Паўла. Пётр — просты галілейскі рыбак, які, дзякуючы Божай ласцы, становіцца апосталам. Ён першы выказаў веру ў Езуса як Сына Божага, дзякуючы чаму Езус паабяцаў яму прымат у Касцёле і ключы ад Божага Валадарства. Такім чынам, Пётр становіцца пунктам адзінства і сілы Касцёла. Як чалавек ён памёр, але як бачная галава Касцёла ён жыве ў сваіх наступніках, якім сёння з’яўляецца папа Францішак. Другім пратаганістам сённяшняга дня з’яўляцца святы апостал Павел. Калі Пётр быў простым рыбаком, то Павел быў добраадукаваным на тыя часы фарысеем, які жорстка пераследаваў хрысціянства. Аднак Бог даў яму шанец змяніць сваё жыццё і з ганіцеля хрысціянства стаць яго прапагандыстам, найбольш вядомым і эфектыўным апосталам.
Калі Саўл, такое было імя Паўла, накіроўваўся ў Дамаск з мэтай пераследу мясцовых хрысціян, то нечакана зваліўся з каня, аслеп і пачуў пытанне Хрыста, чаму ён Яго пераследуе. Будучы фізічна сляпым, ён атрымаў моц духоўнага бачання. Гэта быў момант яго навяртання. З Саўла ён стаў Паўлам.
Іерарх згадаў таксама словы верша Купалы «Вялікдзень», адзначыўшы, што Купала прычыніўся да абвяшчэння духоўных каштоўнасцяў у вельмі складаныя часы ваюючага атэізму. Сёння, праз 75 гадоў з дня трагічнай смерці паэта, у вельмі складаны час нашай гісторыі мы дзякуем Богу за асобу святой памяці Янкі Купалы і павінны вяртацца да скарбніцы яго твораў, якія заклікаюць да нацыянальнага і духоўнага адраджэння. Паводле нашага славутага песняра, у чалавека ўсё павінна быць прыгожым, у тым ліку і душа. Фотарэпартаж з жалобнай малітвы на вайсковых могілках у Мінску |