У Беларусі скарочаны шэраг сацыяльных паказанняў для перарывання цяжарнасці |
Грамадства
|
15.01.2013 14:36 |
Шэраг сацыяльных паказанняў для перарывання цяжарнасці на познім тэрміне скарочаны ў Беларусі з дзесяці да дзвюх пазіцый. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 11 студзеня 2013 г. №23.
Цяпер, як інфармуе агенцтва БЕЛТА, зрабіць аборт пры наяўнасці сацыяльных паказанняў можна жанчынам, якія сталі цяжарнымі ў выніку згвалтавання, і тым, хто рашэннем суду пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Раней у шэраг паказанняў для перарывання цяжарнасці ўваходзілі таксама знаходжанне жанчыны або яе мужа ў месцах пазбаўлення волі, інваліднасць І, ІІ групы ў мужа, наяўнасць дзіцяці-інваліда з дзяцінства, смерць мужа падчас цяжарнасці жанчыны, развод падчас цяжарнасці, наяўнасць траіх і больш дзяцей, прызнанне жанчыны або яе мужа беспрацоўнымі падчас цяжарнасці жанчыны, наяўнасць у жанчыны статусу бежанца.
Варта адзначыць, што ў кастрычніку 2012 года Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Касцёла ў Беларусі разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой выступілі з ініцыятывай паправак да закона «Аб ахове здароўя» і прынялі рэзалюцыю, якая заклікае да забароны абортаў, навуковых эксперыментаў над эмбрыёнамі і сурагатнага мацярынства.
(AG)
|