Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі падчас урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.08.2013 23:03
16 жніўня, падчас урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў у браслаўскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт прынялі каля 100 чалавек, з іх 80 паходзяць з Браслава.
 
Маю маму папрасілі быць сведкам пляменніцы мужа маёй сястры падчас удзялення сакрамэнту. Згадзілася. Толькі мы не ведалі, што падарыць. Потым выпадкова на кніжнай паліцы я знайшла адну прыгожую скульптурку з Рыма — П’ету ў абдымках Бога, а дакладней у чалавечых руках. У народзе існуе не надта радасная думка, што сакрамэнт канфірмацыі — гэта дзень, калі чалавек адыходзіць ад Бога, хаця на самой справе павінна быць усё наадварот.

Сакрамэнту папярэднічалі рэкалекцыі «У сэрцы маім любоў Езуса» (5-9 жніўня 2013 г.), падчас якіх браслаўская моладзь не толькі падрыхтавалася да яго прыняцця і аздобіла касцёл, але і навучылася жыць у супольнасці.

Звяртаючыся да прысутных у браслаўскім санктуарыі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў: «У гэтым месцы прыгажосць прыроды натхняе да таго, каб спяваць гімн Творцу ўсёй гэтай прыгажосці. Але прырода ўтвараецца не толькі гэтымі прыгожымі азёрамі, лясамі навокал, але таксама і вашай прыгажосцю. Гэта прыгажосць вашых душаў, вашых сэрцаў, вашых узнёслых пачуццяў, сумленнасці. Кажуць, што людзі, якія жывуць на Браслаўшчыне, адзначаюцца асаблівай дабрынёю».
 

 
«Сёння мы сабраліся тут, каб разам маліцца да Духа Святога, — дадаў арцыбіскуп і нагадаў, што, як апавядаецца ў літургічным чытанні гэтага дня, Дух Святы з’явіўся ў выглядзе невялікіх языкоў полымя. — Дарагія кандыдаты, хто сёння прыме сакрамэнт канфірмацыі, гэты язычок полымя – палец Божы, які паказвае на кожнага з вас паасобку, і ён азначае: Я жадаю цябе, Я люблю цябе, — патлумачыў іерарх. — Зразумела, Бог любіць усіх людзей, але гэты сакрамэнт падкрэслівае, што Ён любіць кожнага з вас асаблівым чынам».

Па словах Апостальскага Нунцыя, «кожны чалавек мае сваю асабістую манеру размаўляць, мець адносіны з іншымі людзьмі, са светам, і гэта залежыць ад яго індывідуальнасці», а «дар Святога Духа – прызнанне таго, што кожная мова, кожная манера зносінаў вельмі каштоўная і кожная асоба, якая з’яўляецца носьбітам сваёй мовы, вельмі важная». «Усе мы розныя, але Дух Святы робіць нас адзінаю сям’ёю», — падкрэсліў арцыбіскуп.

«Бог любіць кожнага з вас, і кожнага па-свойму, — адзначыў прадстаўнік Святога Айца, звяртаючыся да ўдзельнікаў літургіі. — Можа, хтосьці скажа: я адчуваю сябе слабым, звычайным, пазбаўленым нейкіх яркіх уласцівасцяў – але на самой справе кожны чалавек незвычайны».

«Касцёл – гэта адзіны суцэльны арганізм, які ўтварае адзінства, — нагадаў Апостальскі Нунцый. — Гэта адзінае цела, якое з’яўляецца самім Целам Езуса Хрыста. І ў кожнага, хто спрабуе нанесці шкоду гэтаму целу, нічога не атрымліваецца, бо Хрыстус вельмі моцны. Але цела складаецца з розных органаў, і, як кажа апостал Павел, калі нейкая частка цела пакутуе, то пакутуе ўсё цела».

«Для нас, святароў, вельмі важна ствараць гэтае адзінства, гэтую супольнасць, гэтую моц. Але пры гэтым мы не раз забываемся, што важна кожнаму паказаць яго каштоўнасць, яго асаблівасці і на кожнага звярнуць адпаведным чынам увагу, паказаць, што ён важны і патрэбны менавіта такім, якім ён ёсць. Гэта наш першы абавязак, а не пабудова касцёлаў, — заўважыў арцыбіскуп. — Тое, што мы будзем заўсёды чакаць кожнага чалавека, які прыйдзе і адкрыецца – знак таго, што Бог у нашай асобе заўсёды чакае кожнага».
 

 
«Дух Святы, які хоча прыйсці ў вашы сэрцы і напоўніць іх – гэта жывая Любоў, якая будзе працягвацца не толькі ўсё ваша жыццё, але і ўсю вечнасць. Таму вышэй падыміце вашы галовы: ніхто не можа вам пашкодзіць, вас прынізіць, таму што ў вас у сярэдзіне гарыць агонь Духа Святога, — заклікаў Апостальскі Нунцый кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту. — Калі чалавек высока трымае галаву, можна зазірнуць яму ў вочы. Няхай кожны, хто будзе глядзець вам у вочы, убачыць чысціню вашых вачэй, убачыць, што вы ўсведамляеце сваю высокую годнасць, што кожны дзень вы з’яўляецеся сведкамі Бога, нашага Пана, які знаходзіцца сярод нас».

«Папа Францішак таксама духоўна прысутнічае тут з вамі, каб дзякаваць Богу, каб разам заклікаць Духа Святога», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Калі я глядзела на гэтых прыгожых хлопцаў і дзяўчат, мужчын і жанчын, успамінала таксама і сваю ўласную канфірмацыю. Няхай гэтыя людзі не згубяць дарогу да Бога і, нягледзячы ні на што, застануцца такімі ж маладымі ў сэрцы. 

Людміла Бурлевіч, Анастасія Грышан
 



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў