Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Віцебска распачалі Вялікдзень Імшой пасхальнай вігіліі з удзелам біскупа Алега Буткевіча (+фота)
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.04.2014 11:37

Імшой пасхальнай вігіліі ўвечары 19 красавіка, якую ўзначаліў віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, вернікі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску распачалі Вялікдзень  - найвялікшае свята ўсяго літургічнага года. У гэтым годзе менавіта з віцебскай катэдры вялася прамая тэлевізійная трансляцыя,  дзякуючы чаму ў малітве і перажыванні Пасхальнай Таямніцы разам з вернікамі Віцебска маглі яднацца католікі з розных мясцін Беларусі і іншых краін.

Літургія Пасхальнай Вігіліі вельмі багатая на сімвалы. Яна распачынаецца літургіяй Святла, калі адбываецца асвячэння агню і прыгатаванне пасхалу, які з’яўляецца сімвалам Уваскрослага Хрыста. Затым працэсія з пасхалам і запаленымі свечкамі ўвайшла ў касцёл, дзе дыякан праспяваў велікоднае пасланне.

У гаміліі віцебскі ардынарый адзначыў: “У гэтую хвіліну мы радасна сустракаем таямніцу нашага збаўлення, сустракаем яе, перажываючы не толькі хвіліну, у якой узгадваем збаўчую ахвяру Езуса Хрыста, але перажываем таксама хвіліну нашага ўваскрасення, перамены нашага асабістага жыцця”.

“Хрыстус уваскрос!” Сведкай  гэтай радаснай падзеі стала вось тая ноч, якую ў гэтую хвіліну з вамі перажываем, ноч, аб якой мы з вамі чулі на пачатку нашай літургіі, якую асвятліў бляск Уваскрослага Валадара Неба, і правобразам гэтай ночы, якую сёння з вамі перажываем, была тая далёкая старадаўняя ноч, якую перажылі ў свой час сыны абранага народа, габрэі, якія таксама ў тую даўнюю ноч былі выведзеныя моцнай Божай рукой з егіпецкай няволі. Менавіта адсюль ўзяло свой пачатак свята Пасхі - Пэсах –па-габрэйску “выйсце” альбо “пераход”. Для габрэяў гэта быў дзень вызвалення, дзень пермогі. Але памятаем, як нялёгка далася гэтая перамога,  якім нялёгкім было вызваленне для габрэяў”, - нагадаў іерарх.  Біскуп прыпомніў, што “ў вельмі хуткім часе гэты народ пачаў наракаць, нават блюзнерыць супраць Бога, бо страціў гарантаваны кавалак хлеба, дах над галаваой, але ў гэты момант забыўся, што няволя ў Егіпце пазбаўляла людзей чагосьці найважнейшага, без чаго нельга “чалавекам звацца” – там людзі не мелі ўласнай годнасці, былі пазбаўлены сваіх асноўных правоў, яны не мелі вольнасці”.   

“Узгадваючы гэтыя гісторыі з жыцця абранага народа, варта паглядзець, а ці часам мы з вамі не бываем падобнымі да гэтага збунтаванага люду ў той момант, калі мы самі за канчатковую і абсалютную мэту нашага жыцця пачынаем прымаць наяўнасць ці жаданне мець як мага больш матэрыяльнага дабра, мець, што смачна з’есці, прыгожа апрануцца, вялікі дом, які часта бывае пусты  - без людзей, без дзяцей, мець нейкія прылады для прыемнасці і на гэтым затрымацца. Чаму ж так часта сёння  людзі губляюць уласны сэнс свайго жыцця, забываючыся, што ад самага пачатку  мы былі створаныя Богам да вышэйшай мэты, дзеля таго, каб быць і існаваць у супольнасці з Ім, каб цешыцца не гэтым часовым, мінальным шчасцем у гэтым свеце, а шчасцем бясконцым”, - нагадаў ардынарый.

“Сённяшняя ўрачыстасць – урачыстасць перамогі Езуса Хрыста над грахом і смерцю, мае нагадаць нам гэтую праўду, што чалавек не створаны  для магілы, што нашае існаванне не скончыцца трыма дошкамі, якія будуць засыпаныя зямлёй, што ў чалавека ёсць надзея - надзея на будучыню, надзея, якую нельга ўжо забраць у таго, хто шчырым сэрцам шукае Бога, а ў гэтым шукае сэнсу свайго жыцця, сэнсу свайго існавання. І не толькі тады, калі гэтае жыццё ўкладаецца, а асабліва тады, калі гэтае жыццё кладзецца на плечы чалавека цяжкім крыжам. Езус сёння кажа нам аб тым, што ўсё гэта мае свой сэнс – сэнс, які крыецца ў таямніцы нашага збаўлення ў жыцці нашага нябеснага Айца. І гэтае жыццё -  гэты ўдзел у Божым Валадарстве - мы распачынаем ужо тут, на зямлі,  распачынаем з хвілінай сакрамэнту хросту. І калі будзем глядзець на гэтую таямніцу, узгадайма сабе, што мы таксама калісьці атрымалі гэты ўдзел у Божым жыцці. Задайма сабе пытанне – наколькі мы сёння звязаны з Богам, наколькі моцная гэта сувязь. Час Вялікага посту нагадваў пра наш святы абавязак, калі трацім гэтую сувязь, каб яе вярнуць. Бог учыніў для нас ўсё магчымае, і пытанне толькі за нашай добрай воляй”, - падкрэсліў іерарх.  

У гэтую ноч у катэдральным касцёле маленькая Кацярына атрымала сакрамэнт хросту, які ўдзяліў ёй віцебскі ардынарый.

Напрыканцы Імшы біскуп асвяціў велікодныя стравы, якія прынеслі вернікі, каб пасля разам спажыць яе разам з роднымі і блізкімі, падзяліўшыся з імі добрай навіной аб уваскрасенні Збаўцы.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў