100-годдзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча адзначылі ў Друі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
01.09.2014 18:42 |
31 жніўня ў Друі ўрачыста адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. Урачыстасць сабрала шмат гасцей, у ліку якіх былі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама дапаможны біскуп Прэшаўскі (Славакія) Мілан Лях. Да 100-годдзя з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча ў парафіі рыхтаваліся амаль увесь год. Стараліся арганізаваць як найлепш — да дробязяў. Адмыслова да гэтай падзеі быў падрамантаваны касцёл, вялікую падрыхтоўку правёў мясцовы хор, асаблівая ўвага надзялялася падрыхтоўцы ўрачыстай літургіі і працы па вырабе барэльефа. Гэта было праведзена і падрыхтавана дзякуючы вялізным высілкам сённяшняга пробашча друйскай парафіі ксяндза Сяргея Сурыновіча, адукаванага святара, шчыра адданага Касцёлу ў Беларусі і сваёй краіне, які імкнецца адрадзіць памяць пра друйскі кляштар марыянаў. Дадзенае святкаванне стала адным з крокаў у гэтым накірунку. На могілках у Дзедзінцы гэты дзень былі асвячаны адноўленыя пліты на магілах бацькоў біскупа Сіповіча. Таксама да магілы яго бацькоў была пакладзена капсула з зямлёй, прывезеная з магілы Чэслава Сіповіча ў Лондане. Гэта і сімвалічная магіла самога біскупа: на пліце - і яго прозвішча. На ўрачыстасць асвячэння адноўленых могілкавых плітаў і ўсталявання капсулы з зямлёй прыехалі прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі на чале з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам. Адмысловым госцем быў дапаможны біскуп Мілан Лях са Славакіі (замежны госць асвяціў у касцёле абразы — Рэд.). Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў святую Імшу ў касцёле ў Друі. «Не дазволіць забыцца, што яны беларусы» У гаміліі,
прамоўленай на беларускай мове, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці зазначыў, што калі Чэслаў Сіповіч стаў біскупам
(адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), то «прайшоў увесь
свет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам
мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы». Напрыканцы Імшы іерархі асвяцілі абраз святога Юзафа, намаляваны мастачкай Вольгай Куваевай па фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя. Абраз быў знішчаны ў пасляваенны час разам з алтаром. Ксёндз Сяргей Сурыновіч, які зараз займаецца рамонтам касцёла, вырашыў вярнуць абраз у касцёл. “Вяртанне абраза Абранніка Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам - адзін з крокаў па аднаўленні знішчанага алтара друйскай святыні”, - падкрэсліў святар. Вытокі Сённяшняя вёска Дзедзіна, дзе 25 лістапада 1914 года ў сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука Сіповіча і Ядзвігі з Тычкаў нарадзіўся сын Чэслаў, у свой час называлася Дзедзінкай. Вёска ляжыць убаку ад дарогі Друя – Мёры. Праязджаеш некалькі кіламетраў — і ідзе доўгая алея, з вялізнымі дрэвамі, пасаджанымі некалькі дзесяцігоддзяў таму мясцовым шляхцічам, уладальнікам палаца, які таксама калісьці быў у вёсцы. Частка алеі была вырублена ў пасляваенны час, але і тое, што засталося — уражвае. А навокал — палі... За сто гадоў шмат чаго змянілася ў вёсцы, але прыгажосць і непаўторнасць краявідаў засталася. У гэтай вёсцы і прайшло дзяцінства Чэслава Сіповіча. Гэта было звычайнае жыццё тагачаснага вясковага хлопца — рытм жыцця вызначаўся порамі года і, адпаведна, гаспадарчымі патрэбамі сялянскай сям’і; дапамога бацькам па гаспадарцы, у вольны час — гульн ды, забавы. У сваёй роднай Дзедзінцы будучы іерарх пайшоў у пачатковую школу. «У 1917 годзе ў вёсцы здарыўся вялікі пажар, падчас якога частка хат згарэла. Ну то пасля былі пабудаваны новыя», — апавядае Юзаф Сіповіч, бацька якога прыходзіўся біскупу стрыечным братам. Кажуць, што пасля адбудовы ў вёсцы налічвалася толькі 80 двароў. Хата, пабудаваная бацькам Чэслава Сіповіча пасля пажару, з якой ён пайшоў у вялікі свет, стаіць і зараз, у ёй дажывалі свой век бацькі біскупа, а пасля іх смерці — яго родная сястра Фэліцыя. За столькі гадоў шмат чаго змянілася, але першапачатковая планіроўка хаты, як і печ на кухні, захаваліся. Цалкам верагодна, што з часоў дзяцінства будучага іерарха паходзіць і старая зламаная шафа, што стаіць у калідоры. Зараз хата пустуе, але праз пэўны час у ёй паўстане музей памяці біскупа Сіповіча. Крыху на водшыбе ад вёскі стаіць закінуты палац мясцовага шляхціча, каля яго — пруд. Кажуць, што калісьці там быў вялікі сад, бо пан любіў розныя дзівосы, якія прывозіў адусюль. Каля палаца ідзе старая дарога на Друю (сёння ёй не карыстаюцца): магчыма, гэтай дарогай увосень 1928 года бацька адвёз Чэслава ў Друйскую гімназію пры кляштары марыянаў. «Я памятаю, што калі паступіла ў інстытут у Мінск, то бацька, везучы мяне на фурманцы ў Ідолту, сумна сказаў: ”Вось так калісьці Чэся адвёз бацька і больш ён не вярнуўся, — расказвае Тэрэза Будкевіч, пляменніца біскупа. — Але я тады сказала, што я толькі ў Мінск еду і сюды абавязкова вярнуся». Сям’я Са сваякамі з вялікай і дружнай сям’і Сіповічаў я пазнаёмілася на могілках, дзе яны прыбіралі пахаванні і капліцу. Зразумела, свайго славутага родзіча асабіста яны не ведалі, але памяць пра яго заўсёды жыла ў гэтай сям’і. Тэрэза Будкевіч, дачка Яна Сіповіча (малодшага брата будучага біскупа), кажа, што яе бацька з асаблівай цеплынёй апавядаў пра старэйшага брата. «Я памятаю гэтыя аповеды літаральна з пялюшак», — дзеліцца яна. У савецкія часы імя біскупа было забаронена. «Бацька вельмі шмат нам пра яго апавядаў, а мы ведалі, што нікому пра гэта нельга казаць. Фотаздымкі дзядзькі ляжалі ў нас у асобнай шуфлядцы, каб хто старонні выпадкова не ўбачыў», — расказваюць яго пляменніцы Данута і Тэрэза. Але і ў тыя часы завочны кантакт не перарываўся, сям’я вяла перапіску са сваім сваяком, дасылалі яму фотаздымкі, пераказваючы мясцовыя навіны. Той дасылаў пасылкі з Лондана, якія сям’я захоўвае з вялікай пашанай. Многія фота і лісты не захаваліся, зніклі або былі кудысьці схаваныя сястрой біскупа Фэліцыяй. Магчыма, нешта згарэла падчас пажару ў хаце ўжо ў савецкія часы. «Пылам зямлі ёсць і пылам станеш...» Пры ўездзе ў вёску можна пабачыць старыя могілкі, на якіх спачылі ў свой час многія прадстаўнікі сям’і Сіповічаў — яго бацькі (бацька памёр у 1957, маці ў 1974), малодшыя браты і сёстры (памерлі зусім малымі), брат Ян і сястра Фэліцыя. Побач знаходзіцца капліца, пабудаваная каля 15 гадоў таму на месцы старой драўлянай, якая, пэўна, памятала і малітву Чэслава Сіповіча. 31 жніўня 2014 г. на могілках у Дзедзінцы адбылося асвячэнне новаўстаноўленых надмагільных пліт, а асістэнт Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч, які адмыслова прыехаў з Лондана, прывез на магілу капсулу з зямлёй з пахавання біскупа Чэслава Сіповіча ў Лондане, — такім чынам біскуп як быццам зноў вярнуўся дадому. У родную Дзедзінку. Кацярына Лаўрыненка, AG |
Фотарэпартаж |