Кожны год Росіца — месца, акропленае крывёю благаслаўлёных марыянскіх мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, а таксама вялікай колькасці католікаў і праваслаўных, — збірае святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, якія прыязджаюць сюды, каб ушанаваць іх подзвіг. Сёлета 21 лютага ў Росіцы падчас успаміну гібелі благаслаўлёных прайшоў Дзень кансэкраванага жыцця ў Віцебскай дыяцэзіі.
«Гэтае месца найлепшым чынам адпавядае духу кансэкраванага жыцця»
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які не меў магчымасці гэтым разам прыехаць у Росіцу, у пасланні да кансэкраваных асобаў падкрэсліў: «Гэтае месца, акропленае крывёю манахаў-мучанікаў, найлепшым чынам адпавядае духу кансэкраванага жыцця, са сваёй істоты прызначанага ахвярнаму служэнню Богу і Яго Касцёлу».
Першы, каго бачаць, выйшаўшы з аўтобуса, пілігрымы, якія прыбываюць у Росіцу, — айцец Чэслаў Курэчка МІС, пробашч росіцкай парафіі і апякун месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных. Святар падбадзёрвае стомленых пілігрымаў, распытваецца пра жыццё і настрой, благаслаўляе. У межах сёлетніх святкаванняў на пачатку Імшы пробашч парафіі, як заўсёды, прывітаў пілігрымаў і кансэкраваных асобаў, заклікаючы маліцца за «навяртанне сябе, сваёй краіны і ўсяго свету, а таксама аб супакоі ва ўсім свеце, каб Бог быў міласэрным да нашай зямлі, а мы кожны дзень прысвячалі Пану Богу».
Навошта патрэбна кансэкраванае жыццё?
Канферэнцыю для кансэкраваных асобаў перад Імшой прамовіў айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС. Разважаючы аб сутнасці кансэкраванага жыцця, святар прывёў словы Амадэо Чынчыні, які сказаў, што «ордэн (кангрэгацыя ці законны інстытут) толькі тады знаходзіцца на піку сваёй жывучасці, калі асобы (якія яго ўтвараюць) гатовыя знікнуць з паверхні зямлі».
Узгадваючы, што ў сённяшнім свеце многія задаюць пытанне, навошта існуе кансэкраванае жыццё, айцец Міхаіл Цвячкоўскі адзначыў, што святы Ян Павел ІІ у кантэксце праблемы крызісу кансэкраванага жыцця напрыканцы апостальскай адгартацыі «Vita Consecrata» сцвярджаў: «Сёння ёсць шмат людзей, якія не могуць знайсці адказ на пытанне — навошта існуе кансэкраванае жыццё? Навошта выбіраць такі спосаб жыцця, калі столькі вельмі пільных патрэбаў у сферы дзейнасці харытатыўнай і евангелізацыйнай, заспакаенне якіх не патрабуе браць на сябе абавязак жыцця кансэкраванага?» І, адказваючы «навошта?», святар нагадаў, што гэта датычыцца самой прыроды кансэкраванага жыцця.
Айцец Міхаіл Цвячкоўскі падкрэсліў, што ў катэгорыях чыстай статыстыкі кансэкраваные асобы ніколі не станавіліся значнай сілай. «Тут пытанне не пра лічбы, але пра асаблівы спосаб жыцця, рэалізаваны ў рамках законных інстытутаў, які аказваецца вельмі істотным для місіі Касцёла. Яго нельга атаясамліваць з жыццём і функцыянаваннем іншых інстытутаў. Вартаснасць і моц законных інстытутаў не ў іх лічбе і не ў дасканала арганізаваных структурах, а ў дзейнасці, якую вядуць альбо выконваюць кансэкраваныя асобы», — нагадаў святар.
Таямніца кансэкраванага жыцця, па словах святара, у самой прыродзе радыкальна евангельскага жыцця, а «з яго вынікае ўсё іншае»: менавіта яно, як кажа Папа Ян Павел ІІ, шчодра разліўшыся, напаўняе водарам увесь дом. Айцец Міхаіл Цвячкоўскі дадаў, што кансэкраванае жыццё сёння, таксама як і ў гісторыі, з’яўляецца каштоўным упрыгожаннем Божага Дому, г.зн. Касцёла; з’яўляецца жэстам радыкальным і адначасова немагчымым для разумення, як жэст Марыі, якая вылівае на стопы Езуса найкаштоўнейшы алей; і Езус заўсёды будзе бараніць гэты радыкальны крок у Касцёле, які паўтараецца да канца яго гісторыі. Выключнасць такога евангельскага жыцця Папа Ян Павел ІІ тлумачыць на пачатку адгартацыі «Vita Consecrata»: «Кансэкраванае жыццё знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент, які паказвае значэнне яго місіі, паколькі выказвае наглыбейшую сутнасць хрысціянскага паклікання».
Абудзіць гэты свет
Святую Імшу ў межах урачыстасцяў узначаліў ксёндз прэлат Францішак Кісель, Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі.
У гаміліі айцец Марэк Пасют OFMCap, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў, сказаў: «Мы, кансэкраваныя асобы, якія прысвяцілі жыццё Богу і Касцёлу, вельмі шчаслівыя, што знаходзімся ў месцы жывога сведчання любові да Бога і Касцёла». Святар распавеў, што перад Імшой спавядаў мясцовую старую жанчыну, якая на пытанне, ці памятае яна благаслаўлёных пакутнікаў, адказала: «Так, як учора. У нядзелю мы былі ў касцёле, а ў панядзелак наша веска згарэла». «У гэты момант прыходзіць такое вялікае святло, што гэтае ўчора ёсць таксама сёння, — адзначыў святар. — Кожная кансэкраваная асоба, прысвечаная Богу, — гэта жывая ахвяра, якая прыбіта да крыжа разам з Хрыстом. І хаця гэтая ахвяра не гарыць у рэальным агні, але яна гарыць полымем містычнай любові да Бога, да Хрыста, да Касцёла».
Айцец Марэк Пасют нагадаў, што, у чарговы раз успамінаючы ў гэты дзень трагедыю, якая тут адбылася, вернікі адначасова і святкуюць перамогу любові над злом, над шатанам, якую здзейсніў Хрыстус і якая «здзяйсняецца ў гэтым свеце праз сэрцы і душы кансэкраваных асобаў». Святар падкрэсліў, што не так істотна, якую місію выконвае кансэкраваная асоба, а важна, «якой яна любоўю гарыць», і ўзгадаў словы Папы Францішка да кансэкраваных асобаў: «Абудзіце свет!» «Гэты свет знаходзіцца нібы ў летаргічным сне, гэта нездаровы сон, які не лечыць, не дае сілы, але падманвае чалавека, што на гэтай зямлі ён можа стварыць сабе рай, атрымаць шчасце без Бога», — падкрэсліў святар. Айцец Марэк Пасют нагадаў кансэкраваным асобам: «Абудзіць гэты свет — так палюбіць Хрыста, каб было бачна, што вы гарыце, паміраеце, што не шкадуеце свайго жыцця, што вы ўзялі крыж і пайшлі, бо вас паклікаў Хрыстус».
Узгадваючы пра рашэнне віцебскага ардынарыя біскупа Алега Буткевіча правесці Дзень кансэкраванага жыцця ў Росіцы, святар адзначыў: «Пэўна, гэтым біскуп хацеў сказаць, што калі мы не будзем аддадзены Хрысту і Касцёлу так, як благаслаўлёныя росіцкія пакутнікі, то не споўнім сваёй місіі. Але бярыце прыклад, чэрпайце моц, якая плыне з гэтага месца, каб разысціся па ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, і ў кожным месцы, можа, забытым, можа, пакінутым, прысутнічайце і кажыце людзям, што Бог іх любіць і чакае, каб збавіць».
«Усё жыццё жыву так, як навучыў мяне благаслаўлёны Антоні Ляшчэвіч»
Падчас Імшы законныя сёстры ўрачыста аднавілі перад алтаром з запаленымі свечкамі ў руках свае манаскія абяцанні. У працэсіі з дарамі быў прынесены вялікі крыж, які заўсёды нясуць у працэсіі на месца гібелі благаслаўлёных з Росіцы. Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які наведаў Росіцу як звычайны пілігрым, на гэтым месцы напрыканцы малітвы ўдзяліў прысутным благаслаўленне, перададзенае Папам Францішкам.
Напрыканцы арцыбіскуп пазнаёміўся з Валянцінай Марцінкевіч — практычна апошняй сведкай росіцкай трагедыі, якая заўсёды прысутнічае ў Росіцы ў гэтыя дні. 80-гадовая жанчына жыве ў суседняй вёсцы, але сама прыбыць у святыню не можа, і хтосьці з людзей прывозіць яе ў касцёл на нядзельную Імшу. Нядаўна Валянціна Марцінкевіч пахавала мужа і засталася ў хаце адна, але пакуль пераязджаць да дзяцей адмаўляецца: «Тут жа мой касцёл, я тут усё жыццё пражыла. Усё жыццё жыву так, як навучыў мяне благаслаўлёны Антоні Ляшчэвіч». Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара
|