Імша Вячэры Пана прайшла ў Віцебску: «Для Бога няма нецікавых справаў у нашым жыцці» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
03.04.2015 13:20 |
Увечары 2 красавіка, у Вялікі чацвер, у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ардынарый дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Вячэры Пана. Узгадваючы у гаміліі аб устанаўленні сакрамэнту Эўхарыстыі, віцебскі ардынарый падкрэсліў, што «літургічнае жыццё Касцёла будуецца вакол гэтага сакрамэнту». «Гэта адна з найбольшых таямніц, прыняцце якой патрабуе веры — глыбокай веры», — нагадаў іерарх і дадаў, што «праз некалькі момантаў на гэтым алтары здзейсніцца тая ж самая Ахвяра». «І Ён, каго называюць Настаўнікам, Панам — мые ногі сваім вучням» Кажучы пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, іерарх адзначыў, што там, дзе іншыя евангелісты апісваюць момант, калі Езус ламае хлеб і падае віно — «Бярыце і ешце… Бярыце і піце», у св. Яна апісаны абрад абмыцця ног — Езус мые ногі сваім вучням. «І Ён, каго называюць Настаўнікам, Панам — мые ногі сваім вучням. І мы павінны рабіць так», — заклікаў іерарх, дадаўшы, што «хоць часам нялёгка не толькі што ногі памыць, але прыняць іншага чалавека такім, якім ён ёсць — з яго недахопамі. Нялёгка прысвяціць сябе, сваё жыццё іншаму чалавеку, што становіцца праблемай. Асабліва гэта бачна па сітуацыі ў маладых сем’ях, калі сужонкі запозна пачынаюць разумець, што сумеснае жыццё — гэта служэнне іншаму чалавеку, у якога з цягам часу пачынаюць праяўляцца нейкія недахопы...» «Але Богу важная кожная наша сітуацыя і, вяртаючыся да сітуацыі абмыцця ног, можна задаць пытанне: чаму менавіта ногі? Бо гэта частка цела чалавека, якая найчасцей знаходзілася ў брудзе, і не толькі фізічным; ногі маглі “распавесці”, дзе хадзіў чалавек, што рабіў. Езус абдымае гэтыя ногі, схіляецца над гэтымі нагамі, якія сведчаць аб чалавеку, і не цураецца гэтага. І ён дае адказ Пятру на яго словы — “Пане, і рукі памый, і галаву”, каб той зразумеў, што праз гэта можна паяднацца з Богам — “абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты...» — сказаў ардынарый. «Бог схіляецца нават да ног чалавека» «І Бог схіляецца нават да ног чалавека, каб мы не баяліся ўявіць тое, што нам найбольш балюча і, здавалася б, ні для каго не цікавае. Для Бога няма нецікавых справаў у нашым жыцці, нават калі яны сапраўды нецікавыя і брудныя. Езус прагне і гэта абмыць, каб мы сталі сапраўды чыстымі і таксама палюбілі гэтую чысціню. Бо грэх з’яўляецца настолькі вераломным, што вельмі часта прызвычайвае нас да бруду — нам добра з гэтым брудам. І гэта ўжо становіцца ненармальным, ненатуральным і небяспечным. А калі мы прызвычаімся да бруду, станем у гэтым брудзе перад Богам, то пачуем пытанне, як у адной з прыпавесцяў Езуса Хрыста — пра вяселле, калі чалавек прыйшоў туды ў бруднай вопратцы і пачуў пытанне гаспадара: “Чаму ты прыйшоў у бруднай вопратцы?” І калі Езус прапаноўвае нам чысціню нашага сэрца і чысціню нашых учынкаў і намераў, Ён прапануе нам тое, што ў першую чаргу павінна быць уласціва чалавеку», — падкрэсліў іерарх. «Знак служэння іншаму» Кацярына Лаўрыненка Фота аўтара |
Фотарэпартаж |