Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Мукі Пана адбылася ў катэдральным касцёле Віцебска
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.04.2015 15:51

3 красавіка, у Вялікую пятніцу, у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў літургію Мукі Пана. Вялікая пятніца – адзіны дзень, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, у гэты дзень асаблівай задумы і засяроджанасці вернікі разважаюць над мукай і збаўчай смерцю Езуса Хрыста на крыжы.

Перад літургіяй у касцёле адбыўся Крыжовы шлях, падчас якога вернікі разам са сваім біскупам стацыя за стацыяй успаміналі і перажывалі цярпенні Езуса Хрыста.

На пачатку літургіі біскуп у чырвоных шатах моўчкі лёг крыжам перад алтаром, што з’яўляецца выразам асаблівага прыніжэння перад Богам. Вернікі ў гэты час маліліся, кленчучы.

Найважнейшым чытаннем гэтага дня з’яўляецца Мука Пана нашага Езуса Хрыста паводле Яна.

У гаміліі ксёндз Адам Дынак, канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі, разважаў над значэннем крыжа. Святар нагадаў, што калі мы бачым крыж, у нас адразу ўзнікаюць асацыяцыі з хрысціянствам. “Крыж спадарожнічае кожнаму нашаму моманту жыцця”, - дадаў святар.

Кажучы аб літургіі Вялікай пятніцы, ксёндз Адам Дынак заклікаў вернікаў задаць сабе пытанне: “Што для нас на самой справе значыць крыж?”, і нагадаў, што сёння вернікі “павінны ўзяць з крыжа тую навуку, якую не ўдаецца ўзяць у звычайныя дні”. “Крыж – гэта навука любові”, -  адзначыў святар, а таксама прыгадаў, што сучасны чалавек так шмат чуе аб любові – гледзячы тэлевізар, карыстаючыся інтэрнэтам, і таму яму здаецца, што ён ведае, што такое любоў. Аднак праўдай з’яўляецца тое, што “сёння слова “любоў” падверглася дэвальвацыі”.

Ксёндз Адам Дынак распавёў, што ў адным з кляштараў у сучаснай вельмі секулярызаванай Францыі на сцяне маецца дэвіз: “Ёсць любоў, якая хоча браць, ёсць любоў, якая хоча дзяліцца, ёсць любоў, якая хоча даваць, ёсць любоў, якая хоча даваць з самой сябе, і ёсць любоў, якая хоча складаць сябе ў ахвяру”. “Любоў, якая хоча складаць сябе ў ахвяру, - гэта неабмежаваная любоў, самым дасканалым узорам якой з’яўляецца Езус, - адзначыў святар. - А мы можам быць толькі лепшымі ці горшымі Яго вучнямі. Хрысціянства праз асобу Езуса Хрыста заклікае нас да вельмі высокіх ідэалаў, таму і мы павінны імкнуцца да гэта дасканаласці”.

Звяртаючыся да тэмы чалавечага граху, святар нагадаў, што “пасля Вялікай пятніцы наступае нядзеля Уваскрасення Хрыста, што дазваляе нам, хрысціянам, не канцэнтравацца толькі на нашай грахоўнасці, але з надзеяй  глядзець у будучыню – бачачы ўваскрасенне Езуса і нашае ўласнае”.

Цэнтральным момантам літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарыцыя Крыжа: біскуп Алег Буткевіч паступова адсланяў яго з фіялетавай тканіны, пасля чаго вернікі на каленях адаравалі Крыж.

Напрыканцы ў працэсіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў капліцу Гробу Пана. Найсвяцейшы Сакрамэнт знаходзіцца ў манстранцыі, ахінутай белым празрыстым покрывам – сімвалам плашчаніцы, у якую было загорнута цела памерлага Езуса.

Пасля літургіі вернікі трывалі на адарацыі перад Найсвяцейшым Сакарамэнтам і  ўшаноўвалі Крыж – жывы знак месіянскага збаўлення і дрэва, што дае жыццё вечнае.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў