Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасхальная вігілія ў катэдральным касцёле Віцебска: «Уваскрослы Збаўца сярод нас»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.04.2015 23:33

4 красавіка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў урачыстасць Пасхальнай вігіліі ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

“Сёння мы збіраемся з вамі, каб нанова раз’ясніць нашыя сэрцы Божым святлом. Усіх нас яднае адна вялікай таямніца – таямніца ўваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста”, - сказаў у гаміліі біскуп Алег Буткевіч.

“Сёння мы павінны ў чарговы раз усвядоміць, чым для нас ёсць хрост”


Іерарх прыгадаў, што “гэтая падзея пераадольвае межы і час, і мы таксама маем да яе дачыненне, і перш за ўсё дзякуючы нашай веры, пачаткі якой мы атрымліваем праз наш хрост. І таму пасхальная вігілія заўсёды ўключае ў свой рытуал абрад хросту”. Біскуп нагадаў прысутным, што “сёння той момант, калі мы павінны ў чарговы раз усвядоміць, чым для нас ёсць хрост - гэты знак нашага збаўлення”. Іерарх дадаў, што “гэтай таямніцы спадарожнічалі чатыры знакі – вада, алей, белае адзенне і запаленая свечка”.

Біскуп распавёў, што найбольш багатую сімволіку мае знак вады – “той стыхіі, якая на самым пачатку была паслана Богам, каб знішчыць няправасць чалавека, яго грахоўнасць. У гісторыі Абранага народа гэта быў знак, які знішчыў небяспеку для яго. Гэта воды  Ярдана, асвечаныя ужо нашым Збаўцам Езусам Хрыстом. І, нарэшце, тая вада, якая выплыла з прабітага жаўнерам боку Езуса Хрыста на крыжы, - пералічыў іерарх. - Мы, сёння, будучы ахрышчанымі, уваходзячы ў касцёл, акунаем пальцы ў асвечаную ваду”.  

“Знак алею - праз які мы атрымалі дар Духа Святога, праз які мы сталі Божымі дзецьмі”, - нагадаў аб наступным знаку біскуп.

“Кожнага з нас праз хрост Бог прымае як свае дзіця. Але Божае дзіця не можа быць брудным. І таму чарговым знакам пры хросце з’яўляецца белае адзенне. Несці яго незабруджаным  - на пачатку гэта абавязак хросных бацькоў, але потым -  абавязак перад Богам кожнага ахрышчанага чалавека. Бо гэта тое адзенне, у якім мы маем стаць перад Хрыстом на вяселлі, калі Ён запросіць нас у сваё Валадарства  І калі яно будзе брудным – мы пачуем пытанне: чаго мы прыйшлі на вяселле не ў вясельнай вопратцы – гэта значыць у бруднай? І таму і час Вялікага посту, што ўжо мінуў, і час велікодны – гэта той час, каб мы задумаліся над чысціней нашай вопраткі – нашай душы, якая павінна яснець хвалой Езуса Хрыста, хвалой, якой яна яснее ў хвіліну нашага хросту”, - падкрэсліў іерарх.

“Свечка – мы трымаем яе ў руках на знак нашай прыналежнасці да Хрыста. З хвілінай хросту ў нашай душы з’яўляецца месца для Божага Сына. І мы з вамі становімся Ягонай часткай. І калі на пачатку падтрымліваць гэтае святло давяраецца хросным бацькам, то затым праз усё свядомае жыццё гэта наш з вамі абавязак. І сёння мы з вамі ў чарговы раз запальваем гэтыя нашыя свечкі, каб пацвердзіць і аднавіць тое абяцанне, якое было дадзена ад нашага імя ў хвіліну хросту,  – абяцанне належаць да Збаўцы, уваскрослага і прысутнага сярод нас Хрыста”, - адзначыў біскуп і задаў пытанне: “Да чаго гэта павінна нас прывесці?”

“І ўжо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус”


“Мэтай жыцця хрысціяніна павінна быць тая мэта, якую ў свой час абраў і дасягнуў святы апостал Павел, аб чым пісаў у Пасланні да Галатаў: “І ўжо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус” (2, 20). І гэта ёсць наша мэта. Гэта не азначае, што я знікаю - я набываю асаблівую сутнасць, і гэтую сутнасць мы атрымліваем ужо праз хрост, мы становімся часткаю Хрыста, часткаю Касцёла. І сёння мы з вамі утвараем тую цудоўную, таямнічую еднасць, - “дзве двое альбо трое збіраюцца ў Імя Мае, там Я ёсць”, - кажа Пан.

І сёння ўваскрослага Збаўцу мы вітаем не толькі ў слове, не толькі у сакрамэнце Эўхарыстыі; Ён ёсць сярод нас”, - заўважыў біскуп.

Кажучы аб верніках, іерарх адзначыў, што “некага сёння няма сярод нас, хто забыў ці не ўсведамляе да канца, чым ёсць хрысціянства. “Хрыстус чакае нашай свядомасці. Ён дапамагае нам сваёю ласкай, сваім натхненнем абудзіць у нас вось гэтую веру - што я ўжо не належу сабе. Праз ахвяру, якую здзейсніў Збаўца на крыжы, я жыву Божай ласкай, і адсюль вынікае таксама мая годнасць – бо годнасць чалавека ў тым, што за яго аддаў жыццё сам Бог, які стаў чалавекам. І таму мы не можам з пагардай адносіцца да тых, хто быў створаны на Божы вобраз і падабенства. Нашым абавязкам ёсць шанаваць гэтую годнасць – свой асабісты вобраз, а таксама вобраз другога чалавека. Гэта можна здзейсніць, толькі кіруючыся верай, якая абапіраецца на Божую мудрасць”, - сказаў віцебскі ардынарый.

“Той, хто кіруецца Божай мудрасцю, спазнае супакой”

“Той, хто кіруецца Божай мудрасцю, спазнае супакой”. Гэтага супакою, напэўна, шукае кожны з нас, гэтага супакою сёння патрабуе свет. І калі яго няма, то толькі па той прычыне, што чалавек не шукае ў жыцці вось гэтай Божай мудрасці.

Так, мы можам па-рознаму адносіцца да веры. Але ёсць крытэрый, паводле якога можам ацаніць каштоўнасць нашай веры. Езус кажа, што дрэва пазнаецца па яго пладах. І мы гэта добра адчуваем, бо там, дзе ёсць вера, дзе ёсць паслухмянасць Божым законам - там ёсць той супакой, аб якім кажа нам Езус Хрыстус. Супакой, з якім Ён прыходзіць да сваіх вучняў, да апосталаў. “Супакой вам – тых, хто ў Мяне верыць”, супакой тым, хто шукае Божай мудрасці, тым, хто сапраўды, а не фармальна, лічыць сябе хрысціянінам, той,  паступае як частка Хрыстовага Цела - яны заўсёды будуць несці з сабой супакой, згоду, паразуменне, прабачэнне”, - дадаў біскуп.

“У гэтым свеце дастаткова толькі жыць паводле Божых загадаў – і крыж будзе гарантаваны”

“Але гэта заўсёды будзе нялёгка, і гэта крыж. Хтосьці казаў: мы не маем патрэбы дадаткова шукаць сабе нейкіх пакутаў, у гэтым свеце дастаткова толькі жыць паводле Божых загадаў – і крыж будзе гарантаваны. Але разам з гэтым крыжам будзе гарантавана і ўзнагарода, якую дае нам уваскрослы Хрыстус. Ён перамагае смерць, цемру нашага граху і адкрывае для нас дарогу ў Сваё Валадарства, дзе разам з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць на векі вечныя”, - адзначыў біскуп.

На заканчэнне літургіі Пасхальнай вігіліі адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пасля віншаванняў і благаслаўлення біскуп асвяціў велікодныя стравы.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў