Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
XI Міжнародная канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце» прайшла ў Віцебску
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
24.05.2015 00:53

21-22 мая ў Віцебску прайшла XI Міжнародная канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел медыкі, духавенства, навукоўцы з Беларусі, Ватыкана, Германіі, Італіі, Францыі, Польшчы, Туркменістана і Шры-Ланкі.

Канферэнцыя працавала па напрамках: біяэтыка ў сучаснай медыцыне, сучасныя пытанні транспланталогіі, прафілактыка алкагалізму і наркаманіі ў сучасных умовах, «культура жыцця» супраць «культуры смерці» - духоўныя аспекты барацьбы з абортамі і эўтаназіяй, сучасная фармакатэрапія і паляпшэнне жыцця хворага чалавека, нваука і духоўнасць супраць ВІЧ/СНІД, прафілактыка і лячэнне туберкулёзу.

Асноўным напрамкам працы канферэнцыі была тэма транспланталогіі. Канферэнцыю адкрыў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Дзяркач.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх выразіў задавальненне гэтай ініцыятывай, якая «дапамагае задумацца над святасцю чалавечага жыцця і падкрэсліць сінергізм навукі і маральнасці». Прадстаўнік Папы дадаў, што «мэта медыцыны ў тым, каб захаваць чалавечае жыццё, у адпаведнасці з прынцыпамі, прызнанымі ўсім грамадствам», аднак «сёння змяняецца сэнс самога паняцця «захаванне жыцця», і «часам неабходна захаваць жыццё насуперак волевыяўленню пацыента або абараніць яго ад капрызаў тых, каму хацелася б эгаістычна маніпуляваць прыродай».

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ўніверсітэт «пакліканы быць школай, дзе будучыя ўрачы спасцігаюць тонкае мастацтва разумець сэнс мяжы паміж дапушчальнасцю і злачыннасцю клінічнага акту», пажадаў студэнтам, каб яны «разумелі гэтую адказнасць, а выкладчыцкаму саставу – каб пастаянна нагадвалі пра высакароднасць навукі, якую нельга прамяняць на вульгарнасць лёгкіх грошай».



 

Член-карэспандэнт Папскай Акадэміі ў абарону жыцця, доктар медыцыны манс. Жак Судо ў сваім дакладзе падкрэсліў важнасць трох асноўных прынцыпаў, якія павінны захоўвацца ў сферы трансплантацыі органаў:

- цела не можа разглядацца як просты аб’ект;
- павага да годнасці чалавека павінна быць першачарговай;
- у працэсе донарства чалавечае жыццё і здароўе не павінны падвяргацца сур’ёзнай небяспецы, некаторыя рызыкі могуць быць прыняты толькі па маральна верагоднай і прапарцыянальнай прычыне.

Манс. Жак Судо прывёў словы св. Яна Паўла ІІ: «Трэба (…) падумаць пра ўрачоў і іх памочнікаў, якія робяць магчымым гэты дзіўны від салідарнасці. Перасадка органаў і нават проста пераліванне крыві не падобныя да іншых аперацый. Яны не павінны быць аддзелены ад акту самааддання донара, ад любові, якая дае жыццё. Урачы заўсёды павінны ўсведамляць асаблівую высакароднась сваёй працы. Складанасць аперацый, неабходнасць дзейнічаць хутка, патрэба ў поўнай канцэнтрацыі на задачы не павінны прымусіць урача выпусціць з-пад увагі таямніцу любові, якая ўдзельнічае ў тым, што ён робіць».

Доктар медыцыны, прафесар Эдуард Матэвасян, які ўзначальвае клініку Тэхнічнага ўніверсітэта Мюнхена, выступіў з дакладам «Транспланталогія як від аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі», у якім закрануў гісторыю транспланталогіі, методык трансплантацыі печані, нырак, падстраўнікавай залозы.

Прафесар Алег Руммо, кіраўнік РНПЦ «Трансплантацыі органаў і тканяў чалавека», закрануў тэму апошніх дасягненняў айчыннай транспланталогіі і перспектыў яе развіцця.

Загадчык кафедры транспланталогіі Бел МАПО, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Іван Пікірэня асвятліў праблему паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў хірургічнага профілю з курсам трансплантацыі органаў і тканяў чалавека.

Госць з Італіі прафесар Антаніно Баньято ўдзяліў увагу пытанням трасплантацыі костнага мозгу ў онкагематалогіі.



 

22 мая ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце працягнула працу секцыя «Транспланталогія», падчас працы якой рэктар медуніверсітэта прафесар Анатоль Шчасны і прафесар Эдуард Матэвасян (Германія) удзялілі ўвагу клінічным аспектам праблемы, трансплант-каардынатар Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Пецкалёў падзяліўся меркаваннем аб праблемах трасплантацыі, з якімі сутыкаюцца практыкуючыя рэаніматолагі пры ургентных сітуацыях.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвятліў духоўныя аспекты трансплантацыі згодна з хрысціянскім светапоглядам.

Секцыя «Біяэтыка ў сучасным свеце» працавала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. Прарэктар універсітэта кандыдат філалагічных навук Ірына Бондал і канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі кс. Адам Дынак мадэрыравалі сітуацыю па пытаннях біяэтыкі, у якой удзельнічалі студэнты і выкладчыкі ВДУ і маладыя навукоўцы з Каталіцкага ўніверсітэта Любліна імя Яна Паўла ІІ – магістр тэалогіі Андрэй Агапаў, аспіранты Уршуля Бароўска і Алена Грыгор’ева.

Пасля заканчэння працы секцый удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з адметнымі мясцінамі Віцебска.

Багуслаў Сіпайла

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў