Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад біскупа Антонія Дзям’янкі ў межах Навэнны да святкавання 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры
Дабрачынная дзейнасць Касцёла

Мінская архікатэдра, 30 верасня 2010 г.

Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (п. 520) яскрава кажа аб тым, чым натхняецца любоў да бедных. Любоў да бедных чэрпае натхненне з Евангелля благаслаўленняў і з прыкладу Езуса, Яго пастаяннай увагі да бедных. Езус сказаў: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Любоў да бедных ажыццяўляецца праз змаганне з матэрыяльнай беднасцю, а таксама са шматлікімі формамі культурнага, маральнага і рэлігійнага ўбоства. Учынкі міласэрнасці, якія датычаць душы і цела бліжняга, а таксама шматлікія дабрачынныя інстытуцыі, што ўзніклі на працягу стагоддзяў, з’яўляюцца канкрэтным сведчаннем прыярытэтнай любові да бедных, якая характарызуе вучняў Езуса.

Дабрачынная дзейнасць Касцёла накіравана на памяншэнне і ліквідацыю (па рэлігійных матывацыях) усялякага недастатку ў жыцці патрабуючых людзей (незалежна ад іх веравызнання), а таксама на аказанне дапамогі для дасягнення матэрыяльнай незалежнасці і асабістага развіцця. Дабрачынная дзейнасць ахоплівае бедных, хворых, самотных, прыніжаных, пазбаўленых правоў і патрабуючых спецыяльнай дапамогі. Гэта істотнае праяўленне служэбнай ролі Касцёла (дыяканія) як рэалізацыя хрысціянскай місіі ў агульным душпастырстве — яно рэалізуецца ў цеснай сувязі з душпастырствам эмігрантаў, вязняў, хворых, нарачоных, сужэнстваў, сем’яў.

Развіццё. Аказанне дапамогі было вядома з пачатку хрысціянства і з’яўлялася доказам прыналежнасці да Касцёла, а кожная рэалізацыя дапамогі — праяўленнем рэлігійнага акту (так, як і малітва); даўцам заўсёды лічыўся Бог (праз пасрэдніцтва Касцёла і біскупа), у якім карыстальнік бачыў любоў Бога да сябе; саўдзел у веры ахінаў усялякія даброты — духоўныя і матэрыяльныя (пар. Рым 15, 27).

Дабрачынная дзейнасць бярэ пачатак у ерузалемскай супольнасці праз апосталаў, дзякуючы дабру супольнасці — агульнай касе (пар. Дз 2, 44; Дз 4, 32) і ахвяраванням для бедных (калекты). Для такой паслугі апосталы ўстанавілі 7 дыяканаў (пар. Дз 6, 1–6), а ў Сірыі — дыяканіс. Іх апецы былі давераны бедныя, хворыя, удовы, вязні і сіроты (між іншым, дапамога аказвалася з дароў, сабраных у натуры і грашыма (пар. Дз 11, 29; Дз 24, 17; Гал 2, 1–10; Рым 15, 26–28; 2 Кар 8, 9), якія былі накшталт падатку, што збіраўся падчас кожнага літургічнага набажэнства (у Афрыцы ў ІІІ ст. грошы збіраліся раз на месяц). Беспрацоўным дапамагалі таксама знаходзіць працу (гамілія Псеўда-Клімэнта, ІІІ ст.), а ў адну з бедных афрыканскіх супольнасцей былі накіраваны рамеснікі, каб навучыць мясцовых жыхароў рамяству (Цыпрыян) і не было жабрацтва (Цыпрыян, Юстын); выкуплівалі таксама рабоў, нават у аддаленых правінцыях (Цыпрыян, Базыль Вялікі), а ў выпадку эпідэмій і войнаў сабіралі і хавалі памерлых; апекаваліся не толькі адзінаверцамі, але і язычнікамі (Дыянісій Вялікі, Юліян Апастата).

У VI ст. распачалася інстытуцыянальнасць дабрачыннай дзейнасці — пад касцёльным кіраўніцтвам засноўваліся шпіталі, у якіх хворым забяспечвалася лячэнне, бедным — пастаяннае прабыванне і ўтрыманне. Акрамя гэтага, узнікалі дамы апекі за састарэлымі, дамы пілігрымаў і падарожных, прытулкі для сірот і пакінутых дзяцей. Гэтыя ўстановы ўтрымліваліся за ахвяраванні багатых хрысціян. Рухомая і нерухомая касцёльная маёмасць лічылася ўласнасцю бедных і служыла ўсім, каму неабходна была дапамога. З VIII ст. дапамагаць бедным і патрабуючым бралі на сябе абавязак шпітальныя брацтвы, пазней — касцёльныя, а з ХІІ ст. — таксама брацтвы міласэрнасці і звязаныя з касцёльнай супольнасцю цэхі, якія ў выпадку неабходнасці дапамагалі сваім членам і іх сем’ям. У ХІІІ ст. дапамогай хворым, самотным і перш за ўсё бедным, а таксама пахаваннямі займаліся т.з. бегінкі і бегарды, якія з XIV ст. існавалі за кошт паслугі пры шпіталях. У другой палове XV ст. Касцёлам былі заснаваны банкі, якія абаранялі збяднелых ад працэнтаў. У Сярэднявеччы пацвярджэннем паўсюднасці дабрачыннасці стала схема сямі ўчынкаў міласэрнасці адносна душы і цела бліжняга.

Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга

  1. Настаўляць грэшнікаў.
  2. Вучыць тых, хто не ведае.
  3. Раіць тым, хто сумняваецца.
  4. Суцяшаць засмучаных.
  5. Зносіць цярпліва знявагу.
  6. Дараваць ахвотна крыўду.
  7. Маліцца за жывых і памерлых.

Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга

  1. Накарміць галодных.
  2. Напаіць сасмаглых.
  3. Адзець нагіх.
  4. Прыняць у дом падарожных.
  5. Адведаць хворых.
  6. Суцяшаць вязняў.
  7. Пахаваць памерлых.

Затым Трыдэнцкі Сабор абавязаў біскупаў арганізоўваць шпіталі ў гарадах і пры найбольш буйных парафіях, а таксама накіроўваць дабрачынную дзейнасць на карысць бедных і хворых. Узорнаю ў тыя часы была дзейнасць арцыбіскупа Караля Барамэя, а таксама заснаваных з гэтай мэтай брацтваў міласэрнасці і законаў (баніфратары, камільяне, місіянеры Вінцэнта дэ Поля, шарыткі). Плённай была дабрачынная дзейнасць і адносна пакінутай моладзі, якой, найперш, дапамагалі атрымаць прафесію. Гэтым займаліся ў ХІХ ст. сэрцане, салезіяне, салезіянкі; з 1833 г. у Францыі — Брацтва міласэрнасці, заснаванае св. Вінцэнтам дэ Полем. Гэтая дзейнасць у супрацоўніцтве з духавенствам распаўсюджвалася па краінах Еўропы. З сярэдзіны ХІХ ст. сталі адчыняцца дамы працы, а ў другой палове ХІХ ст. у Францыі (1870), Германіі (1897), Аўстрыі (1900), ЗША (1910) узнікла асобная арганізацыя — «Карытас», якая аб’яднала свецкіх католікаў. У 1924 г. гэтая рэлігійная місія стала агульнакасцёльнай арганізацыяй і ў 1951 г. была перайменавана ў «Карытас Інтэрнацыянальны». Святы Пасад праз пасрэдніцтва Чырвонага Крыжа актыўна далучаўся да аказання дабрачыннай дапамогі падчас вайны. Для каардынацыі дабрачыннай дзейнасці у паўсюдным Касцёле папа Павел VI у 1971 г. заснаваў Папскую раду «Cor Unum».

Дабрачынная дзейнасць вынікае з місіі Касцёла і рэалізацыі запаведзі  любові да бліжняга і абавязку чыніць міласэрнасць асабліва праз міластыню.
Святы Геранім ставіў дабрачыннасць вышэй за аздабленне касцёлаў, а св. Амброзій патрабаваў ад духавенства міласэрнасці нават да адлучаных ад Касцёла.

Кананічнае права Касцёла абавязвае засноўваць таварыствы для дабрачынных мэтаў (кан. 685, 7071) і нават дабрачынных субсідый для тых, хто трапіў пад кары касцёльныя (кан. 2303), патрабуе ад пробашчаў дабрачыннай дзейнасці (кан. 469) праз апеку над хворымі, беднымі і патрабуючымі (кан. 523, 637, 1914-1916, 2156) і дабрачыннай паставы.

Дабрачынная дзейнасць у сучасным свеце — гэта дапамога састарэлым, беспрацоўным і тым, хто шукае працу (пасрэдніцтва і прафесійная рада), апека над сужэнствамі і сем’ямі, над прабываючымі па-за родным домам (у войску), над хворымі і тымі, хто перажывае духоўны крызіс, над калекамі фізічнымі і духоўнымі, над непрыстасаванымі ў супольнасці (хуліганства, прастытуцыя), над перасяленцамі і бежанцамі з прычыны пераследу, ваеннапалоннымі, ахвярамі войнаў, паміраючымі. Асаблівай формай дапамогі з’яўляецца фінансавая дапамога і дапамога рэчамі (пастаянная альбо перыядычная), якая выдзяляецца ў адпаведнай форме для патрабуючых.

Як ведаем, у часы Савецкага Саюзу католікі не мелі магчымасці арганізаваць дабрачынную дзейнасць праз арганізацыю «Карытас». «У нас бедных няма», — такою была афіцыйная пазіцыя кіраўніцтва краіны. Толькі з перабудовай з’явіліся структуры «Карытас», якія дыяцэзіяльным біскупам удалося заснаваць ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі. Існуюць офісы, ёсць штат супрацоўнікаў і валанцёраў. Ёсць умовы для таго, каб прымаць і размяркоўваць дапамогу, а таксама арганізоўваць і высылаць дапамогу патрабуючым. Гэта стала магчымым дзякуючы салідарнай дапамозе «Карытас» з суседніх краін. ІІІ Нядзеля Вялікага посту па традыцыі адзначаецца як Нацыянальны дзень Карытас, калі ў касцёлах збіраюцца ахвяраванні на дабрачынныя мэты. Аб гэтым звычайна папярэджвае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прысвечанае тэме міласэрнасці.

На заканчэнне даклада хачу прывесці ліст св. Яна Хрызастома аб тым, што з’яўляецца матывацыяй у нясенні міласэрнасці патрабуючым.
Хрыстус наказвае чыніць міласэрнасць. Бог даў свайго Сына, а ты не хочаш даць хлеба таму, хто за цябе быў выданы і ўкрыжаваны? Дзеля цябе Бог не пашкадаваў свайго Сына, а быў Ён сапраўдным Сынам Бога. Ты ж не заўважаеш Яго, які гіне з голаду. Ты нават не падзяліўся тым, што з’яўляецца Яго ўласнасцю, бо гэта было б для твайго асабістага дабра.

Што можа быць горшае за абыякавасць? Дзеля цябе выданы, дзеля цябе ўкрыжаваны, дзеля цябе блукае галодны. Калі даеш, то даеш з Яго ўласнасці, і гэта прыносіць табе карысць. Аднак нават гэтага ты не робіш. Ці не падобныя да каменных пасагаў тыя, каго столькі разоў заклікалі да міласэрнасці, а яны працягваюць трываць у бяздушнасці?

Аднак не дастаткова было Яму ўзяць крыж і памерці на ім. Акрамя гэтага Ён захацеў стаць убогім і падарожным, бяздомным і голым, вязнем і хворым, каб хаця б так звярнуцца да цябе.

Калі не хочаш быць удзячным таму, Хто дзеля цябе цярпеў, то глянь на маю галечу і злітуйся нада мною. Калі не ўзрушае цябе мая галеча, то злітуйся, бо я моцна хворы,.. пакутую ад самотнасці ў турме.

Нават калі гэта не кране твайго сэрдца, паглядзі, як мала ў цябе прашу: кавалак хлеба, дах над галавою альбо некалькі добрых слоў.

Калі і цяпер застаешся абыякавым, акажы міласэрнасць хаця б дзеля Валадарства Нябеснага, якое абяцаў табе ва ўзнагароду.

Калі ўбачыш голага, узгадай пра Мяне, калі я вісеў голы на крыжы, — зносіў гэта дзеля цябе. Калі ж не жадаў памятаць пра маю нагату, то няхай цябе закране Мая нагата ў гэтым чалавеку.

Калісьці дзеля цябе Я знаходзіўся ў турме, дзеля цябе і зараз там знаходжуся. Прагну, каб ты ўзрушыўся адным альбо другім. Удзялі мне крыху спачування. Некалі дзеля цябе быў галодны, зараз ізноў галадаю. Адчуваў смагу, калі вісеў на крыжы, а зараз прагну ў бедных. Усе гэта чыню, каб так ці інакш прыцягнуць да сябе і ўчыніць цябе міласэрным дзеля твайго збаўлення.

Я адарыў цябе тысячамі дабрадзействаў і таму прашу аб тваёй узаемнасці. Не чакаю гэтага ад цябе, як ад даўжніка, але ўзнагароджваю як дабрадзея, а за дробныя паслугі ўзнагароджваю Валадарствам. Не кажу: «выцягні Мяне з галечы» ці «зрабі Мяне багатым», хоць для цябе Я стаў жабраком. Прашу толькі хлеба, убрання, слоў суцяшэння ў цяжкім становішчы. Калі знаходжуся ў турме, не прашу аб вызваленні, прашу толькі, каб адведаў мяне. Столькі ўвагі Мне будзе дастаткова, і за гэта Я дам табе неба. Хоць Я вызваліў цябе з больш страшных путаў, аднак Мне будзе дастаткова, калі ты проста адведаеш Мяне. Нават без усяго гэтага магу адарыць цябе хвалой, але прагну быць тваім даўжніком, каб твая ўзнагарода была за тваю любоў да Мяне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску