Айцы Сіноду і прадстаўнікі Ватыкана наведаюць Сірыю |
Дзяржава Ватыкан |
17.10.2012 12:21 |
Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы і Айцоў Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі наведае Сірыю, каб выказаць салідарнасць з жыхарамі краіны, якія пакутуюць з-за грамадзянскай вайны. Аб гэтым паінфармаваў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Як адзначыў кардынал, Святы Айцец пастанавіў, каб такім чынам удзельнікі Сіноду выказалі салідарнасць з усімі жыхарамі Сірыі. Таксама дэлегацыя выкажа сваю блізкасць мясцовым хрысціянам і падтрымку людзям, што шукаюць паразумення, якое б гарантавала захаванне правоў і абавязкаў усіх бакоў. «Касцёл перакананы, што вырашэнне крызісу ў Сірыі магчыма толькі палітычным шляхам», — падкрэсліў кардынал Бэртонэ. У склад дэлегацыі ўвойдуць старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран, кардынал Лорэн Пасінья з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, кардынал Цімаці Долан з ЗША, біскуп Фабіо Муціс — ваенны ардынарый у Калумбіі і біскуп Юзаф Нгуэн Нан з В’етнама. Акрамя сінадальных Айцоў, Апостальскую Сталіцу ў Сірыі будуць прадстаўляць Сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Ватыкана арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці і кс. прэлат Альберта Артэга з Дзяржаўнага Сакратарыяту. (AG) |