Бэнэдыкт XVI: абвяшчаць Евангелле ў новых умовах «лічбавага кантыненту» |
Святы Айцец |
29.10.2009 18:43 |
Каталіцкі Касцёл здзяйсняе тое, што можна назваць «дыяконіяй культуры» на сённяшнім «лічбавым кантыненце», ён ідзе дарогамі свету, каб абвяшчаць Евангелле, якое можа збавіць чалавека, — адзначыў 29 кастрычніка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Пантыфік падкрэсліў, што ў наш час, дзякуючы ў першую чаргу новым тэхналогіям, адбываецца сапраўдная рэвалюцыя ў дзейнасці СМІ, чым надзвычай цікавіцца і сам Касцёл. Важна тое, што грамадская культура паходзіць з самога факту існавання новых спосабаў паразумення, якія карыстаюцца новай мовай, выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і ствараюць новы псіхалагічны клімат. На думку Святога Айца, гэта становіцца ў пэўным сэнсе выклікам для Касцёла, закліканага да абвяшчэння Евангелля людзям трэцяга тысячагоддзя. Сёння неабходна захаваць змест Евангелля, у той жа час робячы яго зразумелым для ўсіх дзякуючы інструментам і метадам, адпаведным ментальнасці і культуры сённяшняга дня. Па словах Папы, мультымедыйны і інтэрактыўны характар сучасных паўсюдных сродкаў масавай інфармацыі ў пэўнай ступені аслабіў спецыфіку кожнага з іх, ствараючы, у процівагу ім, агульную сістэму камунікацыі. Аднак эвалюцыя сродкаў масавай камунікацыі абавязвае да таго, каб ствараць адзіную форму камунікацыі, якая будзе ўяўляць сабою сінтэз розных галасоў і базавацца на ўзаемазалежнасці. Святы Айцец заклікаў Касцёл годным чынам «адказаць на выклік, які робяць новыя тэхналогіі справе евангелізацыі ў сучасным свеце». |