17 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў галоўную сінагогу Рыма. Падчас візіту Папа заклікаў хрысціян і юдэяў да супольнага сведчання аб першасным значэнні Бога для сённяшняга свету. Візіт Святога Айца ў рымскую сінагогу стаў першым за час яго Пантыфікату.
Перад уваходам у сінагогу Папа накіраваўся да Портыка Актавіі, дзе паставіў кошык з чырвонымі ружамі перад таблічкай памяці юдэяў, дэпартаваных 16 кастрычніка 1943 г., аддаўшы такім чынам пашану ахвярам гітлераўскага генацыду. Каля Портыка Актавіі Пантыфіка прывіталі прэзідэнт Рымскай яўрэйскай супольнасці Рыкарда Пачыфічы і прэзідэнт Саюза італьянскіх яўрэяў Рэнца Гатэнья.
У сваім выступленні Рыкарда Пачыфічы крытычна выказаўся аб дзейнасці папы Пія ХІІ у гады ІІ Сусветнай вайны і яго стаўленні да з’явы знішчэння яўрэяў. Па словах прэзідэнта Рымскай яўрэйскай супольнасці, «нешта павінна было быць зроблена», таму што «гэта паслала б сігнал свету, слова суцяшэння, салідарнасці ў адносінах да тых нашых братоў, якія былі адпраўлены ў печы Асвенцыма».
Галоўны рабін Рыма Рыкарда Дзі Сеньі нагадаў у сваёй прамове, што каталіцка-іўдзейскі дыялог з’яўляецца плёнам ІІ Ватыканскага Сабору і яго паглыбленне — адна з важнейшых сённяшніх задач.
Бэнэдыкт XVI адзначыў, што, сустракаючыся з яўрэйскай супольнасцю Рыма, жадае выказаць павагу і любоў, якія Касцёл у Рыме, падобна як і паўсюдны Касцёл, адчуваюць да гэтай супольнасці і іўдзейскіх супольнасцяў усяго свету. Святы Айцец падкрэсліў, што трывалым пунктам апоры ў адносінах Касцёла з юдэямі з’яўляецца вучэнне ІІ Ватыканскага Сабору. Першым замацаваннем дыялога стаў візіт у рымскую сінагогу папы Яна Паўла ІІ, які адбыўся 13 красавіка 1986 г., і яго візіт у Святую Зямлю ў 2000 г.
Звяртаючыся да трагічных падзей ХХ ст., Папа адзначыў, што трагедыя Халакосту з’яўляецца праявай скіравання чалавецтва на шлях нянавісці, калі людзі забываюць аб сваім Стварыцелі і ставяць саміх сябе ў цэнтр сусвету. Пантыфік нагадаў таксама аб рымскіх яўрэяў, што падвергліся пераследу і знішчэнню ў Аўшвіцы. Разам з тым, як дадаў Святы Айцец, многія людзі падчас вайны, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў. Памяць аб гэтых трагічных выпадках, як падкрэсліў Папа, павінна заахвоціць хрысціян і юдэяў да ўмацавання сувязяў разумення, павагі і прыязні.
Найбольш трывалым фундаментам узаемнай блізкасці і духоўнага братэрства хрысціян і юдэяў, як адзначыў Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца Святое Пісанне. Яно сведчыць аб агульным паходжанні, справах і духоўнай спадчыне прадстаўнікоў дзвюх рэлігій. Асабліва Папа падкрэсліў значэнне Дэкалогу, які стаў падставай для жыцця ў справядлівасці і любові, вялікім этычным кодэксам усяго чалавецтва і кожнай асобы, якая мае справядлівае сумленне. «У наш час многія не ведаюць Бога або лічаць Яго чымсьці неістотным для жыцця, — дадаў Святы Айцец. — З гэтай прычыны створана шмат новых бажкоў накшталт залатых цяльцоў, якім пакланяюцца людзі. Варта адкрыцца на трансцэндэнтнае вымярэнне, даючы сведчанне аб адзіным Богу, — і гэта каштоўны ўнёсак, які разам могуць зрабіць юдэі і хрысціяне».
Акрамя гэтага, Пантыфік заклікаў да супрацоўніцтва прадстаўнікоў абедзвюх рэлігій у справе шанавання святасці сям’і, пабудаванай на сужэнстве мужчыны і жанчыны, адкрытай на развіццё кожнай асобы і на новае жыццё. Таксама Папа нагадаў аб важнасці велікадушнага стаўлення да ўбогіх, хворых, слабых і патрабуючых. Такім чынам вызнаўцы абедзвюх рэлігій могуць даваць сведчанне аб Божым Валадарстве. Бэнэдыкт XVI таксама заахвоціў яўрэяў і хрысціян да супольнай дзейнасці па ўсталяванні міру ў Святой Зямлі.
Пасля афіцыйнай часткі адбылася асабістая сустрэча Папы і галоўнага рабіна Рыма. Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец благаславіў аліўкавае дрэва ў садзе рымскай сінагогі. Пасля гэтага Пантыфік сустрэўся з іншымі прадстаўнікамі іўдзейскай супольнасці горада і наведаў яўрэйскі музей на тэрыторыі сінагогі.
У візіце Бэнэдыкта XVI прымалі ўдзел таксама Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ і старшыня Папскай камісіі па справах рэлігійнага дыялогу з юдаізмам кардынал Вальтэр Каспер. На мерапрыемства прыбылі Лацінскі патрыярх Іерусаліма арцыбіскуп Фуад Туаль і віцэ-прэм’ер Ізраіля Сільван Шалом. Прысутнічала таксама група яўрэяў, якія перажылі Халакост.