Прадстаўнікі іўдаізму спадзяюцца на працяг дыялога з прыходам новага Папы |
17.03.2013 18:53 |
Яшчэ ў дзень свайго абрання па Святы Пасад папа Францішак напісаў Галоўнаму рабіну Рыма Рыкарда Дзі Сэньі, інфармуючы яго аб даце інаўгурацыі свайго Пантыфікату і выказваючы надзею, што зможа ўнесці ўклад у закладзенае Другім Ватыканскім Саборам развіццё каталіцка-іўдзейскага супрацоўніцтва.
Як інфармуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, у адказ Галоўны рабін Рыма пажадаў Пантыфіку з моцай і мудрасцю выконваць сваё незвычайнае служэнне. «Ваша абранне дае нам надзею, што будзе працягвацца шлях сяброўства, павагі і супрацоўніцтва», — адзначыў Рыкарда Дзі Сэньі.
Падобныя пажаданні скіравалі Святому Айцу і іншыя італьянскія рабіны. «Праблемы нашых часоў патрабуюць кіраўнікоў з моцнай і трывалай верай, якія маюць жывыя і глыбока чалавечыя пачуцці», — напісаў прафесар Джузэппэ Ларас, які ўзначальвае рабінскі трыбунал у Мілане. Прадстаўнік італьянскіх іўдзеяў выказаў надзею, што папа Францішак будзе працягваць плённы дыялог услед за сваімі папярэднікамі.
Святога Айца добра ведаюць іўдзеі на яго радзіме. Аргенцінскія католікі ўжо даўно вядуць дыялог з іўдзейскай супольнасцю.
(AG)
|