Святы Айцец заклікае спалучаць эканамічную дзейнасць з адказнасцю за чалавека |
Святы Айцец |
30.04.2010 16:01 |
На неабходнасць сувязі эканамічнай дзейнасці з адказнасцю за чалавека, клопатам аб шанаванні яго годнасці, імкненнем да агульнага дабра ўказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з членамі Папскай акадэміі грамадскіх навук, якая адбылася 30 красавіка 2010 г. У Апостальскай Сталіцы праходзіць XVI пленарнае пасяджэнне гэтай арганізацыі, прысвечанае аналізу глабальнага эканамічнага крызісу ў святле этычных праблем. Бэнэдыкт XVI заўважыў, што сусветны эканамічны крызіс пацвердзіў крохкасць сённяшняй гаспадарчай сістэмы і фальшывасць меркаванняў аб тым, што рынак нібыта ў стане рэгулявацца самастойна, без апірышча на маральныя нормы. У эканамічным жыцці, па словах Папы, неабходна рэалізаваць адказнасць за чалавека, імкнуцца да агульнага дабра і інтэгральнага развіцця — палітычнага, культурнага і духоўнага, развіцця «адзінак, сем’яў і грамадстваў». Такі падыход, як дадаў Пантыфік, патрабуе таксама ўдакладнення аднолькавых для ўсіх, аб’ектыўных стандартаў ацэнкі эканамічных рашэнняў. Гэтыя стандарты закладзены ў натуральным праве і павінны стаць падставай для практычнага выбару, для будавання справядлівага і сапраўды чалавечага грамадства. «Без праўды, без даверу і любові да праўды няма грамадскай свядомасці і адказнасці», — падкрэсліў Папа, дадаўшы, што ў такім выпадку людзі кіруюцца прыватнымі інтарэсамі і логікай улады, што прыводзіць да падзелаў у грамадстве. |