Заўтра Святы Айцец узначаліць малітоўнае чуванне ў інтэнцыі кожнага зачатага жыцця |
Святы Айцец
|
26.11.2010 17:49 |
Увечары 27 лістапада 2010 г. у базыліцы св. Пятра Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць Нешпары Першай Нядзелі Адвэнту, злучаныя з малітоўным чуваннем у інтэнцыі кожнага зачатага чалавечага жыцця. Малітва распачнецца а 18-й гадзіне.
У пачатку чування будуць прачытаны пяць фрагментаў з энцыклікі Яна Паўла ІІ «Evangelium vitæ». Пасля прачытання кожнага з іх адбудуцца хвіліна цішыні, спеў і малітва. Затым плануецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеў І Нешпараў Першай Нядзелі Адвэнту.
Пасля трэцяга псальма будзе прачытаны фрагмент са Святога Пісання (1 Тэс 5, 23–24), а Папа прамовіць гамілію. Пасля хвіліны цішыні будзе праспяваны рэспансорый і гімн «Magnificat». Затым будуць абвешчаны інтэнцыі малітваў вернікаў на французскай, іспанскай, партугальскай, англійскай і нямецкай мовах, малітва «Ойча наш» і канчатковая малітва.
Пасля хвіліны цішыні Святы Айцец памоліцца ў інтэнцыі шанавання кожнага чалавечага жыцця і пасля акаджэння Найсвяцейшага Сакрамэнту благаславіць ім сабраных вернікаў. Чуванне завершыцца антыфонай «Alma Redemptoris Mater».
Малітоўныя чуванні ў лучнасці з Папам адбудуцца ва ўсім свеце. Варта адзначыць, што схему вячэрняй святой Імшы вігіліі Першай Нядзелі Адвэнту па жаданні Бэнэдыкта XVI распрацавала Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, адказная за правільнае аздабленне літургіі ў Касцёле.
|