Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Расклад калядных урачыстасцяў з удзелам Пантыфіка |
Святы Айцец |
22.12.2010 13:30 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць святую Імшу ў вігілію Божага Нараджэння. Распачнецца яна 24 снежня 2010 г. у 22.00 па мясцовым часе. А ў дзень самой урачыстасці, 25 снежня, Пантыфік удзеліць благаслаўленне «Гораду і свету» на плошчы Св. Пятра і павіншуе католікаў свету на дзесятках моў. 26 снежня ў 13 гадзін у зале Паўла VI Святы Айцец прыме ўдзел у абедзе, што яго намаганнямі атрымаюць бедныя асобы, якімі апякуюцца ў розных спольнасцях Рыма сёстры Ордэна Місіянерак Любові. Такім чынам Папа жадае ўшанаваць 100-ю гадавіну заснавальніцы ордэна — Маці Тэрэзы з Калькуты. У апошні дзень каляндарнага года, 31 снежня, у 18.00 Святы Айцец узначаліць Нешпары на ўрачыстасць Багародзіцы Марыі, аб’яднаныя з падзякай Пану за мінулы год. А 1 студзеня 2011 г. у базыліцы св. Пятра адбудзецца Імша ў 10.00. У гэтай жа святыні 6 студзеня наступнага года Пантыфік будзе цэлебраваць літургію ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. У вігілію гэтай урачыстасці, 5 студзеня, Папа наведае дзяцей у педыятрычнай клініцы «Agostino Gemelli». Маленькія пацыенты атрымаюць ад Пантыфіка падарункі. 10 студзеня 2011 г., ва ўрачыстасць Хросту Пана, Святы Айцец удзеліць дзецям сакрамэнт хросту ў Сікстынскай капліцы. Нагадаем, што 24 і 25 снежня 2010 г. набажэнствы з удзелам Святога Айца змогуць убачыць і жыхары Беларусі. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.