Увечары Вялікага чацвярга Святы Айцец Бэнэдыкт XVI па традыцыі ўзначаліў Імшу Вячэры Пана. Літургія адбылася ў базыліцы св. Яна на Латэране.
«Хрыстус жадаў есці Пасху са сваімі вучнямі, — адзначыў Пантыфік. — І гэта жаданне Пана было абумоўлена імкненнем злучыцца з імі, аднавіць іх, а праз іх — увесь свет».
«У жаданні Хрыста мы можам распазнаць жаданне самога Бога — Яго любоў да людзей, якіх Ён жа і сатварыў і якія чакаюць любові. Гэта любоў чакае імгнення адзінства, жадае прыцягнуць да сябе людзей, каб выканаць тое, што з’яўляецца ўнутраным жаданнем самога тварэння, — працягваў Папа. — Яна чакае адкрыцця сыноў Божых. Езус жадае і чакае нас. А ці мы жадаем Яго па-сапраўднаму? Ці імкнёмся сустрэцца з ім? Ці жадаем быць з Ім побач, стаць з Ім адным цэлым (а гэтым Ён адорвае ў святой Эўхарыстыі)? Можа, мы застаёмся абыякавымі, рассеянымі, напоўненымі чымсьці іншым?»
«Мы ўсе павінны пастаянна і нанава вучыцца прымаць Бога такім, якім Ён ёсць, а не такім, якім мы хацелі б яго бачыць», — падкрэсліў Пантыфік у гаміліі.
Падчас літургіі, згодна з традыцыяй, Святы Айцец абмыў ногі 12 святарам Рымскай архідыяцэзіі.
|