Бэнэдыкт XVI: выкананне волі Бога робіць чалавека свабодным |
Святы Айцец |
06.04.2012 10:30 |
Вечарам у Вялікі чацвер 5 красавіка 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў святую Імшу Вячэры Пана. Падчас літургіі, што адбылася ў Папскай базыліцы св. Яна на Латэране, Пантыфік абмыў ногі дванаццаці святарам Рымскай дыяцэзіі, як падчас Апошняй Вячэры гэта сваім вучням зрабіў сам Хрыстус. У гаміліі Папа адзначыў, што ў Вялікі чацвер Езус не толькі ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, што, безумоўна, з’яўляецца галоўнай падзеяй, але таксама перажыў момант адзіноты і пакінутасці, калі накіраваўся для малітвы ў Аліўны сад, быў здраджаны Юдам, а пасля арыштаваны, перажыў здраду Пятра, абвінавачванні Сінэдрыёна і, нарэшце, быў перададзены ў рукі язычнікаў, Понція Пілата. Святы Айцец заклікаў вернікаў зразумець глыбокі сэнс гэтых падзей, бо ў іх заключаецца таямніца нашага адкуплення. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што вучні Хрыста былі сведкамі Яго малітвы і блізкіх адносін з Богам. Гэта, на думку Пантыфіка, аказала на іх такое вялікае ўражанне, што яны на ўсё жыццё засталіся хрысціянамі. Папа, як адзначае Ватыканскае радыё, заклікаў вучыцца ад Хрыста малітве і даверу Богу і падкрэсліў, што менавіта блізкія адносіны з Богам Айцом характарызуюць асобу Езуса, а выкананне волі Бога Айца робіць чалавека свабодным. |