Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт ХVI наведае санктуарый у Ларэта
Святы Айцец
17.09.2012 15:17

4 кастрычніка 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI наведае марыйны санктуарый у Ларэта (Італія). Падчас візіту Папа даверыць Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі і Год веры заступніцтву Маці Божай. Акрамя таго, візіт прымеркаваны да 50-й гадавіны падарожжа бл. Яна ХХІІІ у Ларэта, калі гэты Пантыфік аддаў пад апеку Панны Марыі Другі Ватыканскі Сабор.

Бэнэдыкт ХVI прыбудзе ў Ларэта на верталёце каля 10-й гадзіны. Затым на плошчы перад базылікай Святога Дома Папа ўзначаліць святую Імшу, дзе, як чакаецца, прыме ўдзел каля 5 тысяч вернікаў. Пасля літургіі Пантыфік сустрэнецца з кардыналамі і біскупамі рэгіёну Марке, а таксама з арганізатарамі візіту. Вяртанне Святога Айца ў Ватыкан прадугледжана позна вечарам.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, арцыбіскуп Ларэта Джаванні Танучы адзначыў, што Святы Айцец «па прыкладзе Яна ХХІІІ прынясе з сабою ў Ларэта малітвы ўсяго Касцёла». На думку біскупа, гэтая пілігрымка паспрыяе паглыбленню разважанняў аб новай евангелізацыі. Іерарх падкрэсліў, што падарожжа Папы мае вялікае тэалагічнае і гістарычнае значэнне. «Візіт Яна ХХІІІ у рэгіён Марке быў першым візітам Папы за межы рэгіёна Лацыё пасля аб’яднання Італіі і даў пачатак новаму стылю працы наступнікаў святога Пятра», — сказаў біскуп Танучы.

Ларэта з’яўляецца адным з самых знакамітых італьянскіх санктуарыяў. Лічыцца, што менавіта там захоўваецца дом, у якім жыла і сустрэлася з арханёлам Габрыэлем Найсвяцейшая Панна Марыя.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме