Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Змест адгартацыі «Касцёл на Блізкім Усходзе»: не саромецца быць хрысціянамі і будаваць мір
Святы Айцец
18.09.2012 13:44

Змест постсінадальнай Апостальскай адгартацыі «Касцёл на Блізкім Усходзе» («Ecclesia in Medio Oriente») стаў вядомы толькі 14 верасня — пасля яе падпісання Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у Ліване. Адгартацыя з’яўляецца вынікам спецыяльнага Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу, які прайшоў у Ватыкане ў кастрычніку 2010 г. Дакумент быў апублікаваны на італьянскай, французскай, іспанскай, партугальскай, нямецкай, польскай і арабскай мовах.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, дакумент складаецца з трох частак, а таксама ўводзін і заключэння. Яго тэмы выбудаваны ў рэгіянальным кантэксце — складанай мазаіцы, якая патрабуе ўзгодненых намаганняў па ўмацаванні хрысціянскага сведчання. Важным для гэтага з’яўляецца экуменічнае адзінства, якое ўспрымаецца як прызнанне і ўзаемапавага паміж Цэрквамі старажытных традыцый і больш сучаснымі рэлігійнымі супольнасцямі. Адзначаецца, што ключавую ролю адыгрывае і дыялог з мусульманамі і іўдзеямі, якія, як і хрысціяне, вераць у адзінага Бога.

У першай частцы адгартацыі Папа падкрэслівае, што хрысціяне Блізкага Усходу робяць «высакародны і сапраўдны» ўклад у будаванне Цела Хрыста. Святы Айцец апісвае драматычны кантэкст, у якім яны жывуць, і адзначае, што наступленне міру тут вельмі блізка звязана з панаваннем справядлівасці, адмаўленнем ад любых форм дыскрымінацыі і прабачэннем. Пантыфік засяродзіўся на пытаннях экуменізму, міжрэлігійнага дыялога, ролі свецкасці, небяспеках інструменталізацыі рэлігіі і праблемах мігрантаў.

У дакуменце Папа спыняецца на дзвюх новых рэаліях нашага часу: свецкасці і фундаменталізме. Як падкрэсліваецца, у крайняй форме свецкасць становіцца секулярызмам і імкнецца адабраць у грамадзян права на публічнае выражэнне рэлігіі, перадаючы дзяржаве абсалютную манаполію ў гэтай сферы. Аднак здаровая свецкасць мае на ўвазе адначасова размежаванне і ўзаемадзеянне паміж палітыкай і рэлігіяй у духу ўзаемапавагі.

У другой частцы Папа звяртаецца асаблівым чынам да асноўных катэгорый людзей, з якіх складаецца Каталіцкі Касцёл — Патрыярхаў, біскупаў, святароў і семінарыстаў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў, сем’яў, моладзі і дзяцей, — і акрэслівае іх ролю. Гаворка ідзе пра адзінства з біскупам Рыма, адважнае абвяшчэнне Евангелля, правільнае кіраванне касцёльнай уласнасцю, сведчанні беззаганнага жыцця, жывой сувязі са словам Божым. Папа звяртае ўвагу на значэнне цэлібату — Божага дару для Касцёла, — як і на служэнне жанатых святароў, старажытнай традыцыі Усходу.

Спецыяльны раздзел адгартацыі прысвечаны сям’і. Папа адзначае, што перад абліччам мадэляў сучаснага свету, што супярэчаць Евангеллю, сям’я павінна звярнуцца да глыбокай самабытнасці, быць сапраўды хатнім Касцёлам, настаўніцай малітвы, школай этычных каштоўнасцяў. Жанчына павінна быць роўнай мужчыну і не падвяргацца дыскрымінацыі, бо такія дзеянні абражаюць Бога.

Моладзь Святы Айцец заклікае не баяцца і не саромецца быць хрысціянамі, умацоўваць сяброўства з Езусам, мудра глядзець на сённяшні дзень, не спакушацца матэрыялізмам або безраздумным выкарыстаннем сацыяльных сетак.  

У апошняй, трэцяй частцы адгартацыі, Папа засяродзіўся на душпастырскіх парадах. Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць глыбокага вывучэння Бібліі, каб пераадольваць стэрэатыпы і памылковыя ідэі, якія часта выклікаюць непаразуменні. Вельмі важна, як падкрэсліваецца, звяртацца таксама да сэнсу сакрамэнту хросту, пакаяння і паяднання.

У дакуменце гаворыцца, што евангелізацыя з’яўляецца сутнаснай місіяй Касцёла, таму католікі Блізкага Усходу павінны аднавіць свой місіянерскі дух.

Пантыфік спыняецца таксама на справе дабрачыннасці і просіць памятаць аб тым, што, наследуючы прыклад Хрыста, Касцёл павінен быць блізкім да слабых, церпячых і бедных. Асаблівую падзяку Святы Айцец выказвае тым, хто самааддана працуе ў навучальных установах і каталіцкіх універсітэтах.

На апошніх старонках тэксту Папа вяртаецца да закліку аб міры, звязаным са справядлівасцю, а не проста з адсутнасцю вайны. Палітычныя і рэлігійныя лідары, як адзначаецца, павінны зрабіць усё магчымае, каб ліквідаваць прычыны пакутаў жыхароў Блізкага Усходу, у той час як хрысціяне павінны адважна і супольна сведчыць пра Хрыста.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме