Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец на распачацце Сіноду Біскупаў: нельга казаць аб новай евангелізацыі без гатоўнасці да навяртання
Святы Айцец
07.10.2012 13:40

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў раніцай 7 кастрычніка на плошчы перад ватыканскай базылікай св. Імшу на распачацце Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Літургія была спалучана з абвяшчэнне Дактарамі Касцёла св. Яна Авільскага і св. Хільдэгарды з Бінгена.

У гаміліі Пантыфік адзначыў, што тэматыка сёлетняга Сіноду адпавядае «праграмнай лініі» Каталіцкага Касцёла і ўсіх яго членаў: супольнасцяў, сем’яў, інстытутаў, і нават выходзіць далёка за яго межы, сведчаннем чаму з’яўляецца прысутнасць на асамблеі прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў.

Бэнэдыкт XVI звярнуўся да зместу нядзельнай літургіі слова і падкрэсліў, што яна закранае дзве асноўныя тэмы: стаўленне да сужэнства і да Езуса Хрыста. «Цэнтральным пунктам і канчатковай мэтай евангелізацыі ў любым месцы і часе з’яўляецца Езус Хрыстус, Сын Божы, у той час як крыж з’яўляецца ў прамым сэнсе гэтага слова распазнавальным знакам Таго, хто абвяшчае Евангелле: знакам любові і міру, заклікам да пакаяння і паяднання. Мы першымі, вялебныя браты, кіруем на Яго погляд сэрца і дазваляем ачысціцца Яго ласкай», — заўважыў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

«Касцёл існуе для евангелізацыі», — дадаў Папа і прыгадаў між іншым гістарычную евангелізацыю англа-саксонскіх і славянскіх народаў. У гэтым кантэксце Пантыфік звярнуў увагу на «двух выдатных дзеячаў», якія сталі падчас сённяшняй літургіі Дактарамі Касцёла: св. Яна Авільскага і св. Хільдэгарду з Бінгена. Паводле Святога Айца, яны развівалі дзве галоўныя галіны евангелізацыі: па-першае — «misio ad gentes», што значыць абвяшчэнне Евангелля тым, хто яшчэ не ведае Хрыста і Яго Евангелля, па-другое — евангелізацыю тых асоб, якія былі ахрышчаны, але дыстанцыяваліся ад Касцёла. Паводле Пантыфіка, нельга таксама забыцца пра місійную актыўнасць у сучасным кантэксце. Бэнэдыкт XVI выказаў перакананне, што новая евангелізацыя будзе толькі тады плённай, калі «гэтыя тры аспекты адной і той жа евангелізацыі будуць дапаўняць і ўзмацняць адзін аднаго».

Святы Айцец звярнуўся таксама да тэмы сужэнства ў кантэксце нядзельнага Евангелля. «Сужэнства само па сабе ўжо з’яўляецца Евангеллем, Добрай Навіной у сучасным свеце, асабліва ў тым свеце, які аддаліўся ад хрысціянства. Аб’яднанне мужчыны і жанчыны, іх станаўленне як „аднаго цела” ў любові — любові плённай і непарыўнай — з’яўляецца яркім знакам, які з моцай сведчыць пра моц Божую і робіць гэта красамоўна, што ў нашыя дні стала яшчэ больш важным, паколькі, на жаль, па розных прычынах сужэнства ў евангелізаваных рэгіёнах ужо даўно перажывае глыбокі крызіс», — звярнуў увагу Папа. Святы Айцец перакананы, што існуе выразная сувязь паміж крызісам веры і крызісам сужэнства.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што стымулам для евангелізацыі «з’яўляецца ўсеагульны заклік да святасці». «Святыя — сапраўдныя героі евангелізацыі ва ўсіх яе праявах. Яны таксама з’яўляюцца своеасаблівымі піянерамі і натхняльнікамі новай евангелізацыі праз заступніцтва і прыклад свайго жыцця, чулага на ўспрыняцце Святога Духа. Яны паказваюць людзям абыякавым ці нават варожым прыгажосць Евангелля і камуніі ў Хрысце і заахвочваюць вернікаў, так бы мовіць, „прахалодных“, жыць радасцю веры, надзеі і любові, адкрываць „смак” Божага слова і сакрамэнтаў, асабліва хлеба жыцця — Эўхарыстыі», — адзначыў Папа.

У гэтым кантэксце Пантыфік звярнуў увагу на прыклад св. Яна Авільскага, які жыў у XVI ст. «Ведаючы глыбока Святое Пісанне, ён таксама быў адораны гарачым місіянерскім духам. Ён быў у стане асабліва глыбока пранікнуць у таямніцу адкуплення, якое Хрыстус прынёс для чалавецтва», — сказаў Папа. Святая ж Хільдэгарда з Бінгена, якая была значнай фігурай у XII ст., унесла каштоўны ўклад у развіццё Касцёла свайго часу. «Пан даў ёй прароцкі дух і вялікую здольнасць распазнаваць знакі часу», — нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік запрасіў сабраных паглядзець на «ідэал хрысціянскага жыцця, выказаны ў закліку да святасці». Па словах Папы, менавіта гэты ідэал «заклікае нас глядзець з пакорай на слабасць многіх хрысціян, і нават на іх грэх — асабісты ці супольны, які з’яўляецца вялікай перашкодай для евангелізацыі». «Такім чынам, нельга казаць аб новай евангелізацыі без шчырай гатоўнасці да навяртання», — падкрэсліў Святы Айцец, дадаўшы, што «жаданне прымірэння з Богам і бліжнім з’яўляецца лепшым спосабам для новай евангелізацыі».

Бэнэдыкт XVI даверыў Богу працу Сінода і даручыў яго ўдзельнікаў апецы Маці Божай, Зорцы новай евангелізацыі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме