Бэнэдыкт XVI на сустрэчы з удзельнікамі Сабору і старшынямі епіскапатаў: хрысціянства заўсёды маладое |
Святы Айцец |
12.10.2012 14:15 |
Хрысціянства заўсёды маладое, бо Хрыстус ёсць учора, сёння і назаўсёды. На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да ўдзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору і старшыняў епіскапатаў з розных краін свету. З імі Папа сустрэўся 12 кастрычніка ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца. Па словах Пантыфіка, хрысціянства не павінна лічыцца «чымсьці з мінулага», ім нельга жыць заўсёды скіроўваючы позірк назад, бо «Езус Хрыстус ёсць учора, сёння і назаўсёды». «Хрысціянства заўсёды новае», і мы «не павінны яго бачыць як дрэва, якое цалкам развілася з евангельскага зерня, вырасла, прынесла плёны і аднойчы пастарэла і ідзе да захаду сваёй жыццёвай энергіі». «Хрысціянства — гэта дрэва, якое, калі так можна сказаць, знаходзіцца ў пастаянным світанку, заўсёды маладое», — сказаў Папа. Паводле Святога Айца, Другі Ватыканскі Сабор навучыў Касцёл прамаўляць да сучаснага чалавека, а «гэта можа адбыцца толькі праз сілу таго, хто мае глыбокія карані ў Богу, дазваляе Яму весці сябе і жыве ўласнай верай», але не таго, хто «прыстасоўваецца да моманту, які мінае, і хто выбірае самы зручны шлях». (AG) |