Папа да ўдзельнікаў «Падворка язычнікаў»: ніякая праблема не можа быць поўнасцю вырашана, калі Бог не стаіць у цэнтры жыцця |
Святы Айцец |
17.11.2012 17:47 |
16–17 лістапада ў партугальскіх гарадах Гімарайншы і Бразе праходзіў «Падворак язычнікаў» на тэму «Каштоўнасць чалавечага жыцця», арганізаваны Папскай радай па культуры. З гэтай нагоды Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI скіраваў да ўдзельнікаў сустрэчы спецыяльнае пасланне. У пасланні Папа адзначыў, што святасць жыцця належыць да маральнай спадчыны чалавецтва. «Жыццё — гэта не штосьці, чым я магу свабодна распараджацца, але дар, які трэба верна ахоўваць», — напісаў Пантыфік да ўдзельнікаў сустрэчы веруючых і няверуючых, якія сабраліся ў Партугаліі. Святы Айцец дадаў, што розум можа цаніць каштоўнасць жыцця, але толькі бясконцая і ўсемагутная любоў Бога дае жыццё вечнае, і «гэтая ўпэўненасць абвяшчаецца Касцёлам». Папа падкрэсліў, што Бог любіць кожнага і кожны заслугоўвае годнага жыцця. «У наш час чалавек часта адштурхоўваецца ад Стварыцеля і Збаўцы. Ён давярае больш самому сабе, чым Богу, замкнуўшыся ў будынку без акна, і як быццам хоча забяспечыць сам сабе святло і цяпло», — адзначыў Папа. «Каштоўнасць жыцця праяўляецца толькі тады, калі Бог існуе», — дадаў Святы Айцец. (AG) |