Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: трэба рабіць усё магчымае для выпраўлення злачынцаў
Святы Айцец
22.11.2012 15:21

Дыскусіі аб пенітэнцыярнай сістэме часцей датычаць санкцый, працэсуальных момантаў ці таго, каб пакаранне адпавядала здзейсненым злачынствам, аднак меншая ўвага надаецца пытанню справядлівасці ў адносінах да годнасці і правоў зняволеных. На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з кіраўнікамі пенітэнцыярных установаў краін Савета Еўропы 22 лістапада ў Ватыкане.

Па словах Папы, само грамадства зацікаўлена ў тым, «каб вярнуць сабе чалавека, які зможа ўнесці каштоўны ўклад у дабро ўсіх», а не яшчэ больш небяспечнага злачынцу. Як адзначыў Пантыфік, на працягу апошніх гадоў у гэтай сферы «быў дасягнуты пэўны прагрэс, але шлях застаецца яшчэ доўгім». Святы Айцец падкрэсліў, што справа датычыць не толькі паляпшэння ўмоваў утрымання асуджаных, але і гарантавання ім больш эфектыўных метадаў падтрымкі і выхавання.

«Мэтай рэалізацыі справядлівасці не з’яўляецца выключна пакаранне злачынцы, але імкненне, каб падчас пакарання рабілася ўсё магчымае для выпраўлення і паляпшэння гэтага чалавека. Калі гэтага не адбываецца — не рэалізуецца сапраўдная справядлівасць», — адзначыў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў таксама важную і складаную ролю турэмнага персаналу, якая, паводле Папы, звязана з місіяй Хрыста, які прыйшоў клікаць не справядлівых, а грэшнікаў. Пантыфік заахвоціў працуючых у турмах падтрымліваць зняволеных і спрыяць нараджэнню ў іх самых шляхетных і глыбокіх аспектаў, жыццёвага энтузіязму і жадання ўласнай прыгажосці, уласцівага чалавеку, калі ён адкрывае, што носіць у сабе вобраз самога Бога.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме