Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каментарый Папы да кнігі «Дзяцінства Езуса»: Нараджэнне Хрыста заклікае нас пераасэнсаваць нашыя прыярытэты
Святы Айцец
20.12.2012 14:03

Выйшаў каментарый Святога Айца Бэнэдыкта XVI да яго кнігі «Дзяцінства Езуса» — апошняй у трылогіі «Езус з Назарэта». Каментарый змешчаны ў аўтарытэтнай фінансава-эканамічнай міжнароднай газеце «Financial Times».

Артыкул Папы называецца «Час для хрысціян дзейнічаць у свеце». Пантыфік адзначае, што апавяданне пра Божае Нараджэнне, якое ўтрымліваецца ў Новым Запавеце, паказвае адрознасць Езуса, чаканага Месіі, ад усіх зямных валадароў. Святы Айцец супрацьпастаўляе Езуса тагачаснаму імператару Аўгусту, які распаўсюдзіў на ўсе падуладныя землі «Pax Romana» — «Рымскі мір». «Аднак гэтае Дзіцятка, якое нарадзілася ў цёмным і далёкім кутку імперыі, прынесла ў свет мір большы, па-сапраўднаму паўсюдны па сваіх мэтах, які перасякае любыя межы ў прасторы і часе», — піша Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Святы Айцец нагадвае, што Езус — нашчадак караля Давіда, але вызваленне, якое Ён прынёс народу, не было звязана з перамогай над варожымі войскамі, але з канчатковай перамогай над грахом і смерцю. «Нараджэнне Хрыста заклікае нас пераасэнсаваць нашыя прыярытэты, нашыя каштоўнасці, наш спосаб жыцця. З’яўляючыся, без сумненняў, часам вялікай радасці, Божае Нараджэнне — гэта адначасова час глыбокага разважання, больш за тое — рахунку сумлення. Напрыканцы гэтага года, які характарызаваўся эканамічнымі стратамі для многіх, што мы можам узяць ад сціпласці, беднасці, прастаты сцэны ў яслях?» — задае пытанне Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што Евангелле для хрысціян з’яўляецца крыніцай натхнення для штодзённага жыцця, а таксама дзейнасці ў свеце, незалежна ад таго, ажыццяўляецца яна ў парламенце ці на біржы. «Хрысціяне не павінны ўцякаць ад свету, але наадварот — дзейнічаць у ім. Але іх дзейнасць у палітыцы і эканоміцы павінна пераўзыходзіць любыя формы ідэалогій», — дадае Пантыфік.

Па словах Папы, гэтая дзейнасць асабліва павінна распаўсюджвацца на сферы барацьбы з беднасцю, справядлівага выкарыстання і дзялення рэсурсамі, змагання з выкарыстаннем іншых людзей, спрыяння міру і справядлівасці для ўсіх. Паводле Святога Айца, гэтыя мэты, якія падзяляюцца многімі ў свеце, даюць магчымасць для супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і прадстаўнікамі іншых веравызнанняў.

Бэнэдыкт XVI нагадвае, што хрысціяне павінны даваць Цэзару толькі тое, што яму належыць, а не тое, што належыць Богу. Але «ад культу імператара ў старажытным Рыме да таталітарных рэжымаў нядаўна мінулага стагоддзя Цэзар спрабаваў заняць месца Бога». «Калі хрысціяне адмаўляюцца кленчыць перад фальшывымі прапановамі нашага часу, то робяць гэта не таму, што маюць састарэлае ўяўленне аб свеце. Наадварот, яны робяць гэта таму, што свабодныя ад ідэалагічных прывязанасцяў і натхнёныя такім шляхетным бачаннем чалавечага лёсу, што не могуць прымаць кампрамісы з тым, што можа яму перашкаджаць», — напісаў Святы Айцец.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме