Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: каб новыя выклікі не пагражалі адносінам паміж Германіяй і Францыяй
Святы Айцец
08.02.2013 14:02

Святы Айцец жадае, каб «новыя выклікі і блізарукія прыватныя інтарэсы» не пагражалі дасягненням, зробленым за 50 гадоў пасля падпісання Елісейскага дагавора паміж Германіяй і Францыяй. Аб гэтым напісаў ад імя Папы Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ да ўдзельнікаў канферэнцыі, якая 7 лютага адбылася ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце з нагоды юбілею падпісання гэтага дагавора.

У падпісанні дагавора, які паклаў канец варожасці паміж Германіяй і Францыяй, 22 студзеня 1963 г. прымалі ўдзел канцлер ФРГ Конрад Адэнаўэр і Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь. У пасланні ад імя Пантыфіка да ўдзельнікаў канферэнцыі адзначаецца, што гэтыя «два вялікія героі пасляваеннай Еўропы» перад падпісаннем прынялі ўдзел у святой Імшы ў інтэнцыі прымірэння ў катэдральным касцёле Рэймса. Гэтым яны паказалі, што «палітыка грунтуецца на прынцыпах, якія яна не можа даць сама сабе», і ў гэтай сітуацыі асабліва відавочна, што «натуральны маральны закон, а таксама каштоўнасці і правы, натхнёныя Евангеллем, складаюць фундамент палітыкі, якая па-сапраўднаму пастаўлена на службу справядлівасці, міру і развіццю ўсё чалавечай сям’і».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, узгадаць аб падпісанні Елісейскага дагавора і абмеркаваць вынікі, дасягнутыя за 50 гадоў франка-германскага сяброўства, у Рым прыбылі прэм’ер-міністр нямецкай зямлі Саар Аннэгрэт Крамп-Карэнбаўэр, якая адначасова з’яўляецца адказнай за развіццё культурных адносінаў паміж Францыяй і Германіяй, і Мішэль Барнье, еўракамісар па пытаннях унутранага рынку і сферы паслуг. Перад канферэнцыяй іх прыняў на аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме