Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: для мяне наймацнейшае пасланне Пана — міласэрнасць
Святы Айцец
17.03.2013 13:14

«Для мяне наймацнейшае пасланне Пана — міласэрнасць», — адзначыў Святы Айцец Францішак падчас ранішняй літургіі 17 сакавіка ў парафіі Святой Ганны. Папа падкрэсліў прыгажосць сцэны з Евангелля, дзе гаворыцца аб сустрэчы Хрыста з жанчынай, злоўленай на чужаложстве.

Пантыфік нагадаў у гаміліі, што гэтую сцэну папярэджвае самотная малітва Езуса на Аліўнай гары. Затым Езус накіроўваецца ў святыню, і да Яго ідзе народ, але ў рэшце Ён застаецца сам-насам з абвінавачанай жанчынай. «Гэтая самотнасць Хрыста — самотнасць малітвы ў еднасці з Айцом, і, будучы такой прыгожай, менавіта яна з’яўляецца сённяшнім пасланнем Касцёла — пасланнем міласэрнасці да гэтай жанчыны», — сказаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу таксама на тое, што сярод людзей, атачаючых Хрыста, былі розныя: адны імкнуліся да Яго, каб слухаць Яго навучанні, і гэта людзі з адкрытым сэрцам, якія адчувалі патрэбу Божага слова. Былі і іншыя — якія не чулі і не былі здольнымі чуць, і прыйшлі, жадаючы асудзіць гэтую жанчыну. «Думаю, што таксама і мы з’яўляемся такімі людзьмі, якія, з аднаго боку, хочуць слухаць Езуса, а з другога часам маюць ахвоту пабіць іншых, асудзіць іх, — з такімі словамі Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў літургіі. — У той жа час пасланне Езуса —міласэрнасць. Для мяне наймацнейшым пасланнем Пана з’яўляецца міласэрнасць, бо Ён (…) прыйшоў да грэшнікаў».

На заканчэнне святой Імшы Папа прадставіў прысутным святара з Уругвая, якія працуе з бяздомнымі дзецьмі, і папрасіў аб малітве за яго. Пасля літургіі Пантыфік павітаў асобных вернікаў, якія ўдзельнічалі ў ёй, і коратка паразмаўляў з кожным з іх.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.