Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршыўся ІІ Каталіцка-праваслаўны форум. Камюніке
22.10.2010 17:04

Па запрашэнні Яго Святасці Усяленскага Патрыярха Барталамея, ІІ Каталіцка-праваслаўны форум адбываўся на востраве Родас, у Грэцыі, з 18 па 22 кастрычніка 2010 года. «Дні, праведзеныя на востраве Родас, сталі часам працы і малітвы ў духу ўзаемапавагі і братэрскага супрацоўніцтва», — чытаем у выніковым дакуменце форуму. Поўны тэкст камюніке прыводзім ніжэй.


ІІ Каталіцка-праваслаўны форум

Востраў Родас, Грэцыя, 18–22 кастрычніка 2010 г.


Камюніке

Па запрашэнні Яго Святасці Усяленскага Патрыярха Барталамея, ІІ Каталіцка-праваслаўны форум адбываўся на востраве Родас, у Грэцыі, з 18 па 22 кастрычніка 2010 года. Тэма форуму — «Адносіны Касцёл-дзяржава: тэалагічныя і гістарычныя перспектывы» — была пуцяводнай ніццю сустрэчы. Форум быў арганізаваны пад апекай Мітрапаліта Родаскага Кірыла, якому была выказана вялікая ўдзячнасць. Сустаршынямі з’яўляліся Мітрапаліт Сасімскі Генадзій, прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату, і кардынал Пэтэр Эрдо, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE).

Пасля станоўчага вопыту І Каталіцка-праваслаўнага форуму (11–14 снежня 2008 г.), які праходзіў на тэму «Сям’я: дабро для чалавецтва», 17 дэлегатаў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы разам з 17 прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў Еўропы абмеркавалі адносіны, якія іх Цэрквы падрымліваюць са сваімі дзяржавамі ў Еўропе.

За гэтыя два гады ўсведамленне неабходнасці супрацоўніцтва паміж Праваслаўнымі Цэрквамі і Каталіцкім Касцёлам у Еўропе ўзрасло, пра што сведчыць таксама гэтая ўсяленская ініцыятыва. Форум не замяняе Змешанай міжнароднай камісіі па справах тэалагічнага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што была заснавана ў 1980 годзе.

Мэта нашай сустрэчы заключалася ў тым, каб засяродзіцца на антрапалагічных, сацыяльных і культурных пытаннях, якія з’яўляюцца ключавымі для сённяшняй і будучай Еўропы і чалавецтва ўвогуле. Мэта форуму ў тым, каб спрыяць ідэнтыфікацыі агульных палажэнняў па актуальных сацыяльных і маральных пытаннях. Прымаючы ў ім удзел, мы ўпэўніліся, наколькі блізкія нашы духоўныя і сацыяльныя дактрыны. У той жа час мы прадставілі клопат нашых Цэркваў у Еўропе і свеце.

Дні, праведзеныя на востраве Родас, сталі часам працы і малітвы ў духу ўзаемапавагі і братэрскага супрацоўніцтва.

Абедзве дэлегацыі абмяняліся тэалагічным бачаннем гэтых адносінаў. Форум, дзякуючы ўдзелу дэлегатаў розных Цэркваў, меў магчымасць разгледзець разнастайныя мадэлі і рашэнні, прынятыя рознымі дзяржавамі ў адносінах юрыдычных правоў Цэркваў, якія рэгулююць душпастырскія, сацыяльныя і выхаваўчыя структуры. Найбольшая ўвага была нададзена разгляду наступных аспектаў: адносіны Касцёл-дзяржава з тэалагічнага і гістарычнага пункту гледжання; шляхі адносінаў Касцёла з дзяржавай; агульнае дабро і дыяканія — служэнне Касцёла ў грамадстве. У прыватнасці, форум разгледзеў наступныя пытанні:

1. Наяўнасць богачалавечай канструкцыі, абмежаванай у створаным свеце, дзе яна выконвае сваю місію. Касцёл звязвае час і вечнасць. Ён не ігнаруе, не адхіляе і не адмаўляецца ад гісторыі, але вывучае яе, бо яго місія не толькі эсхаталагічная, але таксама гістарычная, бо чалавек жыве ў гісторыі, часе і прасторы, якая геаграфічна абмежавана. Касцёл — гэта таямніца, знак і сродак прысутнасці Бога ў свеце, але гэта таксама рэальнасць згуртавання, упісанага ў гісторыю. З’яднаны Духам Святым, ён атрымаў ад Езуса Хрыста наказ абвяшчаць Евангелле ўсім народам аж да сканчэння веку (пар. Мц 28, 19). Таму гэтая частка грамадства салідарная з чалавецтвам і развівае пэўныя адносіны з дзяржавамі.

2. Удзельнікі з задавальненнем адзначаюць, што ў Еўропе ў свядомасці народаў укаранілася свабода веравызнання як асноўнае права чалавека. Пра гэта сведчаць еўрапейскія юрыдычныя акты, такія, як Канвенцыя аб абароне правоў чалавека (1950), што прымяняецца ў 47 краінах-удзельніцах Рады Еўропы, Дэкларацыя правоў чалавека (2000), што рэалізуецца ў 27 краінах Еўрасаюзу, і многія іншыя нацыянальныя канстытуцыі. Некаторыя краіны Еўропы прынялі новыя дэмакратычныя канстытуцыі, разам з законамі аб свабодзе выравызнання і аб рэлігійных аб’яднаннях, якія забяспечваюць грамадзянам права на вызнанне сваёй веры, паважаючы пры гэтым рэлігійныя перакананні іншых. Таксама некаторыя іншыя еўрапейскія краіны адаптавалі сваё заканадаўства з мэтай задавальнення агульных патрабаванняў з пункту гледжання свабоды веравызнання, пры гэтым асаблівым чынам разглядаючы дабрачынную і сацыяльную дзейнасць, як неад’емную частку місіі Касцёла.

3. Тыя сярод нас, якія належаць да Еўрасаюзу, ведаюць, што, паводле ст. 17 Лісабонскай дамовы (2007), Цэрквы базуюцца на нацыянальным заканадаўстве, у аснове якога іх статуты і прызнанне іх грунтоўнага ўкладу ў тоеснасць Еўропы. Да таго ж, Еўрапейскі саюз бярэ на сябе абавязак падрымліваць з Цэрквамі празрысты і адкрыты дыялог.

На працягу гісторыі кожная еўрапейская нацыя развівала асаблівыя адносіны з Царквой і рэлігійнымі аб’яднаннямі, прысутнымі на яе тэрыторыі. Зразумела, што ў некаторых краінах рэлігія, якую вызнае большая частка грамадства, будзе карыстацца асаблівым прызнаннем з боку дзяржавы за здзейснены ўклад у мінулым і для сучаснага народа. Цэрквы бяруць пад увагу тое, што агульныя еўрапейскія прававыя нормы, у адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці, разглядаюць юрыдычны статус Цэркваў у залежнасці ад нацыянальнага заканадаўства, падобна, як адбываецца і з культурнымі пытаннямі. Любое выпрабаванне ўніфікацыі ці выпроствання не адказала б на спецыфічныя патрабаванні, якія гісторыя ўпісала ў адносіны Касцёл-дзяржава.

Удзельнікі форуму выказваюць упэўненасць, што пазіцыя першай рэлігіі ў дзяржаве не павінна выклікаць дыскрымінацыю іншых Цэркваў і членаў рэлігійных груп, якія з’яўляюцца рэлігійнай меншасцю і якім таксама павінна быць гарантавана поўная свабода веравызнання, у тым ліку права сведчыць сваю веру, паважаючы свабоду іншых.

4. Большая частка нашых краін усталявала сістэму рэгістрацыі рэлігійных аб’яднанняў. Пры ўмове адпаведнасці некалькім крытэрыям, такім, як колькасць удзельнікаў, даўнасць прысутнасці ў краіне, яны атрымліваюць кваліфікацыю прызнанай у краіне рэлігіі і статус юрыдычнай асобы. Ва ўмовах поўнага адасаблення Царквы і дзяржавы і ў тых краінах, дзе дзяржава прызнае пэўную рэлігію афіцыйнай, культы (рэлігіі) абавязаны прыняць такую форму, якая вызначана законам, часам насуперак праву рэлігійных аб’яднанняў на самавызначэнне. Карпаратыўная свабода Царквы гарантавана, калі Царква прызнана тым, чым яна на самой справе з’яўляецца. У большасці еўрапейскіх заканадаўстваў царкоўныя структуры прызнаюцца грамадзянскім правам як юрыдычная асоба. Мы выказваем пажаданне, каб гэты тып прызнання быў абагулены і прымяняўся ў любым месцы.

5. У Еўропе сістэма адасаблення разам з супрацоўніцтвам паміж Царквой і дзяржавай найбольш распаўсюджана. Падзел трэба разумець у сэнсе адрознення палітычнай і рэлігійнай сфер, а не ў сэнсе ўзаемнага ігнаравання, пры якім супрацоўніцтва немагчыма. Дзяржава і Цэрквы — кожнае ў сваёй спецыфічнай сферы, незалежныя і аўтаномныя ў дачыненні адно да аднаго. Незалежнасць і ўзаемная самастойнасць павінны дазволіць спецыфічнае і гарманічнае супрацоўніцтва паміж абедзвюма ўстановамі. Супрацоўніцтва ляжыць у самой місіі Царквы, якая не абмяжоўваецца літургічным жыццём, але ўключае таксама, між іншым, адукацыю, дабрачынныя мерапрыемствы і служэнне агульнаму дабру.

Мы з задавальненнем канстатуем, што ў многіх еўрапейскіх краінах Цэрквы валодаюць правам засноўваць школы і рэалізоўваць душпастырскае служэнне ў шпіталях, турмах і ўзброеных сілах.

6. Нашы Цэрквы жадаюць прымаць актыўны ўдзел у этычных і духоўных дыскусіях, якія ініцыююць будучыню грамадства. Мы лічым неабходным адзначыць, што краіны Еўропы не могуць пазбавіцца сваіх хрысціянскіх каранёў, пры гэтым не разбураючыся, і што этычныя прынцыпы з’яўляюцца рашаючымі для нашай будучыні ў глабалізаваным свеце. Цэрквы жадаюць выказацца па пытаннях абароны нованароджанага жыцця, провадаў чалавека да Нябеснага Валадарства, па праблемах сям’і, заснаванай на традыцыйным хрысціянскім разуменні шлюбу, увагі да асобаў, выключаных з грамадства, міграцыі, правоў чалавека. Цэрквы ўсведамляюць свой абавязак абуджаць свядомасць людзей да гэтых праблемаў і абараняць годнасць чалавека, створанага па вобразе Бога. Асабліва Цэрквы падкрэсліваюць сваё права на нязгоду са здзяйсненнем абортаў або эўтаназіі медыцынскімі работнікамі.

7. Нашы Цэрквы маюць неаднолькавае становішча ў плане матэрыяльнай забяспечанасці. Некаторыя Цэрквы фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, у іншых існуе сістэма царкоўнага падатку, іншыя існуюць за кошт ахвяраванняў вернікаў. Для многіх Цэркваў ахвяраванні вернікаў з’яўляюцца галоўным сродкам фінансавання. Ужо некалькі год існуе таксама сістэма падатку мандату, які дазваляе падаткаплацельшчыку выдаткаваць частку свайго падаходнага падатку для Царквы або дабрачыннай арганізацыі. У некаторых краінах Еўропы Цэрквы яшчэ чакаюць вяртання ім сродкаў, канфіскаваных камуністычным рэжымам, для таго, каб ім можна было выконваць сваю душпастырскую, дабрачынную і сацыяльную місію.

8. Удзельнікі форуму настойваюць на захоўванні права свабоды выхавання, нагадваючы, што абавязак выхоўваць належыць бацькам, якія павінны абіраць напрамак выхавання сваіх дзяцей. Дзяржава не павінна навязваць пэўную ідэалогію пры дапамозе сістэмы навучання. Што датычыцца Царквы, то яна мае прыроджанае права прапаноўваць выхаванне, якое адпавядае хрысціянскім прынцыпам сем’яў, калі тыя з гэтым згодныя. Рэлігійнае выхаванне павінна забяспечвацца ў межах дзяржаўнай школы і быць узгодненым з Цэрквамі. Школы і інстытуты адукацыі, якія падтрымлівае Царква, варта ў такой жа ступені падтрымліваць дзяржаве ў фінансавых адносінах, бо ў іх вучаць грамадзян краіны, адказных і гатовых аддаць сябе на карысць агульнаму дабру.

9. Мы заклікаем грамадзян нашых краін быць уважлівымі да небяспекі, якую ўяўляе сабой секулярызаванае грамадства без духоўных рысаў і без мэты, годнай чалавечай асобы. Нельга не прыняць пад увагу аб’ектыўную рэальнасць, у якой існуе чалавек, якая не павінна зводзіцца толькі да матэрыяльнага вымярэння і да пагоні за прыбыткам, а павінна ўключаць пошук сэнсу жыцця і няспынны духоўны рост. Адлюстраванне чалавека, якое з’яўляецца ў грамадскім разуменні і ў сродках масавай інфармацыі, часта не адпавядае праўдзе, бо канцэнтруецца на задавальненні яго суб’ектыўных жаданняў.  Правапарадак, на якім пабудаваны дзяржавы, і, адпаведна, адносіны паміж грамадзянамі не могуць залежаць ні ад зменлівых меркаванняў людзей, ні ад дзеяння груп ціску. Яны павінны засноўвацца на нематэрыяльных чалавечых каштоўнасцях, якія, як мы сцвярджаем, упісаны ў само існаванне чалавека і папярэднічаюць праву і дзяржаве. Свабода веравызнання знаходзіцца ў цэнтры фундаментальных правоў чалавека, таму што гарантуе людзям магчымасць свабодна шукаць праўду супольна з іншымі і выяўляе намер Бога Творцы, які жадае, каб мы па сваёй волі павярнуліся да Яго. Са свайго боку нашы Цэрквы бяруць на сябе абавязак падтрымаць гэтыя каштоўнасці, якія ствараюць матрыцу еўрапейскай цывілізацыі і культуры. Мы жадаем, каб члены нашых Цэркваў увайшлі, наколькі гэта магчыма, ва ўсе сферы сацыяльнага жыцця, каб хрысціянскае бачанне чалавека і чалавечага грамадства аказвала ўплыў на паводзіны людзей і выбар заканадаўцаў. Гаворка ідзе аб тым, каб адраджаць спадчыну хрысціянскіх каштоўнасцяў і прымяняць іх да патрабаванняў і сучасных патрэбаў еўрапейскага грамадства.

10. Мы просім урады і ўсіх адказных за грамадскае жыццё асобаў узяць на сябе абавязак рашуча гарантаваць свабоду веравызнання ў Еўропе і спрыяць ёй у свеце, выступаючы супраць любых форм рэлігійнай дыскрымінацыі.

Перад распаўсюджанай з’явай мультыкультуралізму ў Еўропе мы нагадваем аб неабходных для любога грамадства ўніверсальных прынцыпах натуральнай этыкі, якія з’яўляюцца асновай гарманічнага суіснавання.

Мы пацвярджаем свой намер дзейнічаць у супрацоўніцтве з грамадскімі ўладамі нашых краін дзеля агульнага дабра ўсіх грамадзян, спрыяючы такім чынам узмацненню грамадзянскай еднасці і даючы нашым народам магчымасць мець надзею на будучыню.

Нарэшце, удзельнікі форуму віншуюць адно аднаго з паспяховай працай, якая праходзіла ў братэрскай і стымулюючай атмасферы, і спадзяюцца на рост нашай агульнай хрысціянскай адказнасці ў адносінах да выклікаў нашага часу.

Мы з радасцю прымаем прапанову Яго Эмінэнцыі Патрыярха Лісабона (Партугалія) на правядзенне ІІІ Каталіцка-праваслаўнага форуму ў 2012 г., спадзеючыся яшчэ больш зблізіць нашы пункты гледжання, пачынаючы з нашай тэалагічнай і духоўнай спадчыны, на карысць нашых Цэркваў і служэння грамадству

Востраў Родас, Грэцыя, 21 кастрычніка 2010 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.